У архіве-музеі літаратуры і мастацтва сёння, 24 лютага, у 90-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, адкрылася літаратурна-дакументальная выстава «Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…»
Рыгор Барадулін пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну як у сваіх кнігах, так і ў дакументах. Падчас інтэрв’ю паэт жартаваў, што ён, як і яго блізкія сябры-пісьменнікі, піша не для архіва. Тым больш каштоўнымі становяцца з часам дакументы, якія з’яўляюцца сведчаннем жыццёвага шляху паэта, прэзентуюць яго паэтычную спадчыну, распавядаюць пра сяброўскія і творчыя стасункі.

Выстава «Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…» прадстаўляе дакументы, якія былі ў вялікай колькасці атрыманыя Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва як ад самога Рыгора Іванавіча, так і ад яго даследчыкаў і рэдактараў. Гэта рукапісы і фатаграфіі, ліставанні з роднымі, сябрамі, калегамі, дакументы да біяграфіі паэта, творчыя напрацоўкі.

На мерапрыемства з прэзентацыяй архіўнай выставы запрошаны людзі, якія асабіста ведалі Рыгора Барадуліна, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі і пачуццямі ад сустрэч з паэтам-юбілярам.

Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка Ушацкага раёна 24 лютага 1935 года. У 2006 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».
Сваёй малой радзіме Рыгор Барадулін прысвяціў шмат вершаваных твораў і быў пахаваны на роднай Ушаччыне ў 2014 годзе побач з магілай маці.
***
Божа, паспагадай усім, –
I магутнаму, і слабому,
I відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.
Божа, паспагадай усім, –
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.
Божа, паспагадай усім, –
Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.
Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!
1999