У анлайн-кінатэатры Vodblisk можна паглядзець «класіку» беларускага «мамблкора» — «Беларускага псіхапата» Мікіты Лаўрэцкага

Культура
Кадр з фільма "Беларускі псіхапат" Мікіты Лаўрэцкага. Фота: vodblisk.northernlightsff.com.

Тры стужкі ад беларускага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага з’явіліся ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно Vodblisk. «To Ruth», «Забойства на Алібегава», «Беларускі псіхапат» — кінематаграфіст, які працуе ў жанры «мамблкор», адмыслова зрабіў падборку «тру-крайм» фільмаў для паказу на платформе.

Малы бюджэт, кінематаграфічнасць, гумар, эксперымент, адсутнасць дыстанцыі паміж гледачом і аўтарам, натуральнасць у гульні акцёраў, у дыялогах — для стужак Мікіты Лаўрэцкага характэрныя гэтыя рысы. Большая частка з іх — прыкметы паджанру незалежанага кінематографа — «мамблкор», але Мікіта Лаўрэцкі пайшоў далей і прыдумаў свой маніфест кіно, якога сёння прытрымліваецца. Рух «Беларускае безнадзейнае кіно» (ці «Беларускае кончанае кіно») мае на ўвазе адыход ад звыклых кінаканонаў, патрабаванняў індустрыі, — рух заахвочвае да пошуку ды эксперыменту — і таму глядач мае справу з нечым большым, чым проста «мамблкор» — гэта пошук уласнай кінамовы і формы — і часам тое, што падаецца простым і неабавязковым, такім зусім не з’яўляецца.

Так, сёння адна з апошніх прац Мікіты Лаўрэцкага — канцэптуальная меладрама «Спатканне ў Мінску» ўзяла галоўны прыз на Festival Internacional de Cinema Doclisboa-2022, была адабрана ў конкурс Міжнароднага кінафестывалю FILMADRID-2023, дэманстравалася на іншых форумах. Карціны кінематаграфіста знаходзяць прызнанне і свайго гледача па ўсім свеце менавіта з прычыны, што гэта свежа, нечакана і таленавіта.

Што да падборкі з трох фільмаў беларускага аўтара на Vodblisk — то гэта добрая магчымасць прасачыць эвалюцыю рэжысёра. Ад створанай у 2012 годзе ранняй «To Ruth», праз поўнаметражны трагікамедыйны хорар «Беларускі псіхапат», які выйграў Нацыянальны конкурс «Лістапада» ў 2015 годзе і сёння стаў, ужо, лічы, «класікай» беларускага «мамблкора», — да «Забойства на Алібегава» — іранічнага крывавага ціт-ток драмедзі 2022 года. Так і хочацца дадаць, глядзіце ўсе адценні «беларускага кончанага кіно» на Vodblisk, але, упэўнены, што яно — беларускае кіно — яшчэ нас здзівіць.

VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Новыя фільмы з’яўляюцца на платформе штомесяц, доступ да любога з іх можна купіць на 30 дзён. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе бясплатна, доступ да аднаго фільма з-за мяжы каштуе 5 долараў.

Трапіць у анлайн-кінатэатр можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: