Дакументальная і ігравыя стужкі Арцёма Лобача — рэжысёра праекта «ШокингКульт» з Максімам Жбанковым, музычнага шоу «Belsat music live» — з’явіліся ў раскладзе анлайн-кінатэатра беларускага кіно Vodblisk. Да ўвагі гледачоў дзве ігравыя кароткаметражныя карціны «Дом» і «Бліжэй, чым ты думаеш», і дакументальны фільм-партрэт «Шлях дадому», за які кінематаграфіст атрымаў Прэмію беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас» у намінацыі «Найлепшая праца аператара» ў 2021 годзе.
«Шлях дадому» — гэта гісторыя Паўла, які пасля анексіі Крыма Расіяй у 2014 годзе пакідае сваю радзіму і едзе ў іншы ўкраінскі горад. У пошуках ідэальнага месца ён сутыкаецца з праблемамі і перашкодамі, але імкнецца захаваць сваю асобу і незалежнасць. Фінальная сцэна, дзе Павел будуе пляж, становіцца сімвалам яго жадання вярнуцца ў ідэалізаванае мінулае. «Шлях дадому» — гэта гісторыя самапазнання і пошуку свайго месца ў свеце, якая падкрэслівае важнасць прыняцця сябе і барацьбы за свае ідэалы», — так гучыць анатацыя да дакументальнай стужкі, герой якой — украінец Павел — нагадвае цяпер многіх беларусаў у экзылі.
Гэтаксама тэмай дома і экзістэнцыйных пошукаў паяднаны ігравыя кароткія метры Арцёма Лобача «Дом» і «Бліжэй, чым ты думаеш».
VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Новыя фільмы з’яўляюцца на платформе штомесяц, доступ да любога з іх можна купіць на 30 дзён. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK бясплатна, доступ да аднаго фільма з-за мяжы каштуе 5 долараў. Падтрымаць праект можна тут.
Глядзець стужкі Арцёма Лобача можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram