Калаж: makenoise.art
19 верасня 2026 года ў Амстэрдаме адбудзецца A Percussion Piece — маштабны перформанс, які аб’яднае каля 1 200 удзельнікаў у знак салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і ў падтрымку свабоды.
Удзельнікі перформансу надзенуць кардонныя маскі з выявамі рэальных беларускіх палітвязняў і разам створаць гукавую кампазіцыю, выкарыстоўваючы звычайныя побытавыя прадметы: рондалі, вёдры, бляшанкі і іншыя імправізаваныя ўдарныя інструменты. Так індывідуальныя гісторыі складуцца ў адзін агульны голас — сімвал падтрымкі тых, чые галасы сёння прымусова заглушаныя.
Праект рэалізуецца antiwarcoalition.art — міжнароднай камандай беларускіх і ўкраінскіх культурных дзеячаў у партнёрстве з праваабарончымі і культурніцкімі арганізацыямі Еўропы. Дзякуючы падтрымцы ArtPower Belarus стала магчымай падрыхтоўка і рэалізацыя гэтай маштабнай мастацкай акцыі, якая праз сучаснае мастацтва звяртае ўвагу на тэму палітычных рэпрэсій і крохкасць свабоды.
Напярэдадні перформансу, 5 верасня, у Амстэрдаме таксама адбудзецца публічная дыскусія з удзелам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, філосафкі Вольгі Шпарагі і іншых удзельнікаў, прысвечаная свабодзе, правам чалавека і ролі мастацтва ў часы рэпрэсій.
Арганізатары ўжо адкрылі рэгістрацыю і запрашаюць усіх ахвотных далучыцца да перформансу.
Зарэгістравацца можна тут.