«У адным лагеры я пілаваў сосны і пісаў кандыдацкую працу, выйшаў — абараніў»… Сёння 120 год з дня нараджэння Мікалая Улашчыка

14 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Улашчыка (1906–1986), выдатнага даследчыка гісторыі Беларусі, які праявіў сябе адразу ў некалькіх навуках: гісторыі, археалогіі, архівазнаўстве і этнаграфіі, ён аўтар мноства навуковых прац па гісторыі ВКЛ.

У Акадэміі навук Беларусі зберагаецца асабісты архіў даследчыка. У зале рэдкіх кніг і рукапісаў Навуковай бібліятэкі акадэміі адкрылася выстава, прысвечаная Улашчыку.

Выстава ў Навуковай бібліятэцы Акадэміі навук. Фота: nlb.by

На выставе паказалі дакументы з гэтага архіва: перапіску, фотаздымкі, кнігі, матэрыялы кандыдацкай і доктарскай дысертацый, якія адлюстроўваюць працу над яго асноўнымі манаграфіямі: «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 года ў Літве і Заходняй Беларусі», «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўстве гісторыі Беларусі феадальнага перыяду», гісторыка-этнаграфічным нарысам «Веска Віцкаўшчына».

Мікалай Улашчык. Фота: tut.by

У гэтым нарысе (на беларускай мове нарыс выйшаў у 1989 годзе пад назвай «Была такая вёска») праз жыццё сваёй сям’і і аднавяскоўцаў гісторык паказаў лад жыцця беларусаў у першай палове ХХ стагоддзя. Апісваў падзеі Першай сусветнай, бежанства, змену ўладаў — бальшавікі, немцы, палякі. Расказваў, як стала нараджацца нацыянальная свядомасць і ён сам пачаў рабіцца беларусам з непаўнацэннага рускага былой царскай імперыі.

Нарадзіўся даследчык 14 лютага 1906 года ў вёсцы Віцкаўшчына пад Мінскам. Яго першая навуковая публікацыя пад назвай «Беларускі друк у 1927—1928 гадах» з’явілася ў 1929-м, у год сканчэння ім БДУ.

Выстава ў Навуковай бібліятэцы Акадэміі навук. Фота: nlb.by

Праз год яго першы раз арыштавалі па абвінавачванні ў кіраўніцтве маладзёжным цэнтрам не існуючага «Саюза вызвалення Беларусі». Такіх арыштаў будзе чатыры – апошні ў 1950-м годзе. Ён быў этапіраваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года. Пасля вызвалення працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР у Маскве.

«Толькі ў другой палове 1950-х гадоў ён здолеў вярнуцца да нармальнага жыцця. Упадабанай гістарыяграфіяй патрапіў стала навукова заняцца толькі маючы пяцьдзясят гадоў. Але ж колькі яшчэ паспеў зрабіць у навуцы. Які дар, творчы патэнцыял меў, каб, нягледзячы на перажываныя цягам чвэрці веку рэпрэсіі, пакінуць нашчадкам такую багатую, каштоўную навуковую спадчыну», — пісаў пра навукоўца даследчык Арсень Ліс.

Адзін з беларускіх гісторыкаў успамінаў сумны жарт Улашчыка: «У адным лагеры я пілаваў сосны і пісаў кандыдацкую працу, выйшаў — абараніў. Зноў лагер — і калі чарговы раз пілаваў сосны, то пісаў ужо доктарскую».

Кнігі Мікалая Улашчыка, выдадзеныя ў Маскве. Фота: nlb.by

Мікалай Улашчык даследваў і апублікаваў летапісы часоў Вялікага княства Літоўскага, а таксама вялікую колькасць важнейшых гістарычных крыніц і матэрыялаў, якія паўплывалі на фармаванне беларусаў як нацыі. А непасрэдна яго навуковыя працы значна паўплывалі на светапогляд сучасных гісторыкаў, у прыватнасці Міхася Ткачова і Міколы Ермаловіча, якія здзейснілі сапраўдны прарыў у беларускай гістарычнай навуцы.

Першыя яго публікацыі прысвечаны нацыянальнаму кнігазнаўству, археалагічным раскопкам Банцараўскага гарадзішча (у суаўтарстве). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку аграрнага ладу на літоўска-беларускіх землях, узмацнення там эканамічных і сацыяльных зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да заходнееўрапейскіх краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феадальна-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі.

У 1973 годзе выходзяць яго знакамітыя «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду». Гэта унікальная манаграфія, якая апісвае крыніцы па гісторыі Беларусі, з апісаннем і аналізам не толькі саміх крыніц, але і перадумоваў зяўлення гэтых тэкстаў.

Ён вельмі падрабязна вывучаў архіўныя дакументы, летапісы, граматы, спрабуючы ўзнавіць карціну жыцця тагачасных людзей, іх вераванні, звычаі і традыцыі.

Напрыклад, вывучаючы Статут ВКЛ 1529 года, апісаў палітычную барацьбу паміж магнатамі і шляхтай. Магнаты, які ўваходзілі ў кіраўнічы орган паны-рада забралі сабе ўсю ўладу, таму шляхта на Сойме 1522 года паставіла пытанне, каб права было «напісаным», а не было «звычаёвым», якое можна было трактаваць адвольна. Менавіта шляхта стала ініцыятарам стварэння Статуту.

Улашчыка цікавілі розныя перыяды гісторыі Беларусі.

Вывучаў зборнікі дакументаў па гісторыі Беларусі XVII — першай паловы XIX стагоддзяў, па руска-беларускіх сувязях XVI—XVII стагоддзяў, выданні Інстытута літаратуры АН БССР, крыніцазнаўчыя матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, выданні пра жыццё і творчасць Купалы і Коласа.

Кнігі, выдадзеныя ў Беларусі пасля смерці Мікалая Улашчыка. Фота: nlb.by

Даказваў дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пісаў пра 15 страчаных беларускіх летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага. Ён упершыню пераклаў і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца», адшукаў і апісаў два спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай».

Сярод творчых дакументаў – нарысы, артыкулы, успаміны, дзе асабліва каштоўнай з’яўляецца рукапіс 1930‑х пад назвай «Краязнаўства. (Нататкі пра бадзянні ў 1924-1929 гг.)».

У 2016 годзе ў мінскім выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга ўспамінаў і лістоў Улашчыка «Даць народу гісторыю». Кнігу склалі беларускія гісторыкі літаратуры Аляксей Каўка і Міхась Скобла. У ёй упершыню надрукаваныя ўспаміны славутага гісторыка пра 1918-20 гады, пра перажытае ў Гулагу, а таксама 128 адшуканых у архівах лістоў.

У Інстытуце гісторыі АН СССР у Маскве яго цанілі калегі, ён меў магчымасці праводзіць свае даследванні. Але навуковы інтарэс Улашчыка быў у гісторыі яго радзімы, ён марыў пераехаць у Беларусь. Аднак пры жыцці ў Беларусі кнігі Улашчыка не друкавалі, а тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі беларускай акадэміі навук адмаўляўся браць яго на працу.

Памёр Мікалаў Улашчык у Маскве ў 1986 годзе. Паводле яго запавету, урну з ягонымі парэшткамі пахавалі на Чыжоўскіх могілках ў Мінску побач з магілай жонкі. На надмагіллі даследчыка высечаныя словы Янкі Купалы «Мне сняцца сны аб Беларусі…»

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!