«Царкоўная музыка вучыць выбудоўваць агульнае дыханне»: дырыжорка Дар’я Дзятко пра варшаўскі дзіцячы хор «Мара» і перамогу на міжнародным фестывалі

Дзіцячы хор «Мара» Беларускай школы мастацтваў імя Міколы Равенскага, якая месціцца ў цэнтры Варшавы, атрымаў першае месца сярод дзіцячых і моладзевых хароў на Міжнародным фестывалі «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі».

Як ствараўся гэты хор у эміграцыі, як праходзіў канцэрт і наколькі важная для хору гэтая ўзнагарода, спыталі ў выкладчыцы і дырыжоркі хору Дар’і Дзятко.

Выступ хору «Мара». Дырыжорка Дар’я Дзятко

Нараджэнне «Мары»

— У варшаўскую школу мастацтваў імя Міколы Равенскага прыходзяць спяваць шмат беларусаў. Каго збірае «Мара» і ў чым асаблівасць гэтага хору?

— Хор нарадзіўся ў Беларускай школе мастацтваў імя Міколы Равенскага ў Варшаве, дырэктаркай якой з’яўляецца Галіна Казіміроўская. Гэта быў адзін з першых напрамкаў школы. Хор складаецца з трох груп: малодшая — дзеці 6-10 гадоў, старэйшая ад 11 гадоў (яна і выйграла конкурс) і з’явілася група мужчынская, гэта толькі хлопчыкі ад 13 гадоў.

Займаюцца яны асобна, але пад адной назвай, з адным дырыжорам і разам выступаюць на канцэртах. Разам — гэта больш за 40 дзяцей.

Хор з’явіўся не з амбіцый і не з ідэі «стварыць калектыў», а з вельмі чалавечай патрэбы. Эміграцыя цяжка даецца дзецям і падлеткам: новыя мова, школа, краіна. Сябры засталіся ў Беларусі. Таму некаторыя дзеці сутыкаліся з адзінотай і цяжкасцю адаптацыі.

І напачатку нашай галоўнай задачай былі нават не спевы, а жаданне сабраць дзяцей разам. Даць ім месца, дзе можна быць сабой, дзе можна гаварыць па-беларуску і цябе зразумеюць, дзе ёсць бяспека, падтрымка і супольнасць.

Таму наш хор не толькі пра музыку: мы разам раслі, вучыліся слухаць адзін аднаго, сябравалі, адзначалі святы, падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкія моманты. Пэўна, менавіта таму сёння дзеці прыходзяць на хор без прымусу. Бо гэта ўжо іх месца.

Пачыналі мы з простых песень ва ўнісон. А сёння дзеці спяваюць чатырохгалоссе, a cappella, вучаць ноты і выконваюць сур’ёзную акадэмічную праграму. І для мяне гэта сапраўдны цуд.

Мы вельмі часта чуем размовы пра захаванне беларускай культуры. Але калі мы сапраўды гаворым пра яе будучыню — дык вось жа яна. Гэта нашы дзеці, якія спяваюць па-беларуску, ведаюць сваіх кампазітараў, якія ведаюць, што іх культура — жывая. Мне здаецца вельмі важным падтрымліваць такія праекты ўжо сёння. Бо культура не існуе сама па сабе, а жыве толькі тады, калі ёсць каму яе перадаваць далей.

Выступ

— Чаму менавіта фестываль царкоўнай музыкі? Гэта ж даволі складаны фармат, як на маю думку…

— Тут усё насамрэч вельмі проста. Станаўленне хору шмат у чым адбываецца менавіта праз духоўную музыку.

Духоўныя творы і ўвогуле — харавая духоўная традыцыя вельмі дапамагаюць у фармаванні сапраўднага харавога гучання. Такая музыка вучыць слухаць адзін аднаго, трымаць доўгую музычную лінію, выбудоўваць агульнае дыханне хору, шукаць мяккі ансамблевы гук. Менавіта праз духоўную музыку дзеці пачынаюць па-сапраўднаму разумець, што такое хор як адзіны арганізм.

Акрамя таго, сама акустыка храмаў вельмі ўплывае на развіццё хору. У храмавай прасторы дзеці пачынаюць інакш чуць гук, вучацца спяваць не гучна, а аб’ёмна, уважліва, «на дыханні». Гэта вельмі фармуе музычнае мысленне і якасць гучання.

Яшчэ жывучы ў Беларусі, я добра ведала конкурсы духоўнай музыкі ў Гайнаўцы і Беластоку. Многія беларускія калектывы ездзілі туды, і я ў тым ліку. Таму пытання, куды везці дзяцей, каб паказаць тое, чаму мы навучыліся і што вывучылі, насамрэч амаль не было.

Пытанне было толькі адно — як даехаць? І тут вялікая падзяка бацькам, якія ўзялі на сябе фінансавы бок паездкі. Бо без іх падтрымкі гэтая гісторыя проста б не адбылася.

— Як прайшоў выступ? На відэа відаць, што дзеці адчуваюць і хваляванне, і выразную ўрачыстасць моманту ў гэтым неверагодна прыгожым саборы Святой Троіцы.

— Так, сам выступ быў для нас вельмі эмацыйным. Асабліва таму, што дзеці сапраўды разумелі, колькі працы было ўкладзена ў гэтую праграму. Мы вельмі шмат працавалі, рэпетавалі, перажывалі, можна сказаць, раслі разам з гэтай музыкай.

І асобна хачу адзначыць, што ўсе творы, што мы спявалі, былі беларускіх кампазітараў. Гэта для нас вельмі важна.
А асобнае месца ў памяці назаўжды зойме абвяшчэнне вынікаў. Такіх эмацыйных арэляў я, здаецца, не адчувала ніколі. Але падрабязнасці гэтай гісторыі мы, мабыць, пакінем усярэдзіне хору.

Перамога

— Што для вашага хору гэтая перамога?

— Гэта дакладна нешта большае, чым проста дыплом ці першае месца. Гэта пацвярджэнне таго, што дзіцячы акадэмічны хор у беларускай эміграцыі магчымы. Што беларускія дзеці далёка ад дому могуць не проста захаваць мову і культуру, а развіваць іх на дастаткова высокім узроўні.

Шчыра кажучы, на маёй памяці я не ведаю беларускіх дзіцячых акадэмічных хораў у эміграцыі за ўвесь яе час. Калі такія хоры ёсць ці існавалі, выбачаюся, і абавязкова дайце пра сябе знаць — будзем сябраваць.

Таму мне здаецца, што гэтая перамога — не толькі нашая, яна агульная для ўсёй беларускай культуры ў эміграцыі.

І мы па-ранейшаму запрашаем у наш хор дзяцей, пачынаючы ад шасці гадоў. Далучыцца можна ў любы момант!

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!