«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі

Главное
Святочнае афармленне Віцебска. Фота: BELTA

9 мая ў Беларусі будзе святкавацца заканчэнне Другой сусветнай вайны. Дата сёлета юбілейная, таму свята адзначаецца татальна – ад дзіцячых садкоў да ўсіх дзяржаўных устаноў, уключаючы мясцовыя бібліятэкі і этнаграфічныя музеі. Задзейнічаны вялізны адміністрацыйны рэсурс, бо ўлада ператварыла ўвесь корпус памяці пра Другую сусветную вайну ў ідэалагічную зброю, у адзін са слупоў постсавецкай ідэнтычнасці.

Як у такіх варунках інструменталізацыі памяці ставіцца да даты заканчэння вайны? Эксперты Беларускага інстытута публічнай гісторыі падчас канферэнцыі «Ці «аджыў» сваё Дзень Перамогі і як нам ставіцца да гэтага свята ва ўмовах палітычнага маніпулявання ім?» прыйшлі да высновы, што дата дня заканчэння вайны паказвае нашу прысутнасць у еўрапейскім гістарычным кантэксце, але больш дарэчна адзначаць яе як дзень памяці і смутку. Тым больш, калі так шмат пра тую вайну яшчэ не асэнсавана…

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Выстава «Дорога к Победе» ў выставачным цэнтры BELEXPO. Фота: t.me/minkultrb

Як і ці варта святкаваць Дзень Перамогі ў нашым рэгіёне?

Мадэратар дыскусіі Павел Баркоўскі пацікавіўся ў экспертаў, ці магчыма сёння адзначаць Дзень Перамогі як дзень памяці, нягледзячы на ўсе палітычныя маніпуляцыі з гэтай датай? Ці, можа, варта будзе яе адмяніць?

Даследчыца Ірына Кашталян патлумачыла, што выкарыстанне Дня Перамогі дзеля таго, каб паказаць, што «Можам паўтарыць!», зяўляецца абсалютным скажэннем значэння гэтага дня. «Шмат хто з нашых сучаснікаў не знаёмы з тымі, хто перажыў вайну, і што далей з гэтай датай рабіць? Калі яе захоўваць, то ў якім кантэксце яе прадстаўляць? Я мяркую, што для Беларусі адзначаць гэтую дату трэба, таму што яна паказвае нашу прысутнасць у еўрапейскім гістарычным кантэксце, дзе мы разам з іншымі народамі перажылі вялікую трагедыю, якая 80 год таму закончылася», — сказала экспертка.

Гісторык Павел Церашковіч адзначыў, што да гэтага часу ў грамадскай свядомасці няма цэласнага ўяўлення пра тое, што адбывалася на нашых землях ад 1 верасня 1939 года і да завяршэння Другой сусветнай вайны. Пануе аднабаковы падыход, які трэба пераадолець, каб мы ведалі не толькі пра подзвігі савецкіх партызан, а і пра другі бок партызанкі, ведалі пра тое, што ў нас была не толькі савецкая партызанка, а былі і іншыя.

«Мы вельмі часта трапляем у пастку, калі спрабуем выбудоўваць контрнаратыў, то-бок адштурхоўвацца ад таго, што робіць беларуская ўлада і рабіць насуперак, — сказаў акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. — Мне здаецца, што калі мы кажам пра нейкую грамадзянскую супольнасць, то трэба выбудоўваць сваю версію падзей, якая будуецца на прынцыпах разумення гісторыі, спачування і абектыўнасці. І таму, так ці інакш, мы зноў жа прыходзім да непазбежных фактаў, што гэта вайна была падзеяй сусветнага маштабу, што быў маральны кансенсус пра тое, што нацызм — гэта страшэннае зло, і перамогу над ім святкуюць як трыумф чалавечай цывілізацыі». Даследчык мяркуе, што дата 9 траўня ўвайшла ў народныя практыкі, у народную памяць і для многіх стала падзеяй, якая звязвае са светам дзядоў. Дзень Перамогі — гэта тое, што дазваляе адчуваць гонар, неабходны для калектыўнай ідэнтычнасці.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Ваенная экспазіцыя ў бібліятэцы Гродненскай вобласці. Фота: t.me/minkultrb

Як змянялася ўспрыманне вайны і перамогі ў беларусаў?

Гісторык Уладзімір Лобач, які праводзіў палявыя даследаванні ў беларускіх вёсках, згадаў, што ў народнай свядомасці слова «перамога» амаль не прысутнічае: «У народным усведамленні вайна — гэта жудасная трагедыя, дзе няма месца фанфарам і гэтым парадам. І ў гэтым сэнсе, напэўна, было б больш аб’ектыўна, каб гэта быў дзень памяці і смутку. Бо захоўваецца памяць пра жудасныя ахвяры, пра гэтую зямлю, якую Цімаці Снайдэр так і назваў — «крывавыя землі», дзе Беларусь — цэнтр па вялікім рахунку. Я думаю, што пры захаванні важнасці гэтай даты мы мусім іначай асэнсоўваць яе. А гэтыя бутафорскія парады, калі беларускія чыноўнікі ўскладаюць вянкі ў форме НКВД, — проста здзек над рэальнай жывой памяццю», — сказаў гісторык.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Штурм «Рэйхстага» ў Гродне. Фота: BELTA

Ці пераасэнсаванне савецкай спадчыны зяўляецца рэабілітацыяй нацысцкай ідэалогіі?

«Ці згодны вы са сцвярджэннем, што пераасэнсаванне савецкай спадчыны, помнікаў, прысвечаных Другой сусветнай вайне, улада называе рэвізіянізмам і пэўнай рэабілітацыяй той нацысцкай ідэалогіі, якая панавала калісьці?», — спытаў суразмоўцаў мадэратар Павел Баркоўскі.

Эксперты пагадзіліся, што ў Беларусі шмат «паказушных» помнікаў нізкай мастацкай вартасці. Іх лёс трэба вырашыць грамадскім абмеркаваннем, кансэнсусам. Пры гэтым нельга падыходзіць да гэтага пытання без экспертнага меркавання і ісці за канкрэтнай палітычнай канюнктурай.

Пры гэтым катэгарычна нельга кранаць пахаванні тых, хто загінуў у змаганні з нацызмам, няважна, ці гэта  жаўнеры савецкія, ці Арміі Краёвай.

Аляксей Ластоўскі згадаў, што калі зяўляецца пытанне пра знос помнікаў, то гаворка ідзе пра тыя краіны, якія найбольш адчулі панаванне Савецкага Саюза пасля вайны, для якіх канец вайны стаў адначасова пачаткам усталявання чужой камуністычнай гегемоніі. «І зараз калі сучасная Расія ўзяла апеку над імі, яны служаць напамінам пра тое, што расійскае войска сюды можа вярнуцца. Мы можам разумець усе тыя клопаты пра сваю бяспеку, пра сімвалічную бяспеку. Аднак так ці інакш усё роўна трэба вяртацца да маральнага кансэнсусу», — сказаў эксперт.

Павел Церашковіч прывёў прыклад глыбокага асэнсавання падзей вайны праз помнік: «У свае часы ў падлеткавым узросце я ўбачыў у Карпатах помнік салдатам Першай сусветнай вайны. Адзіны помнік быў пастаўлены і рускім войскам, і аўстра-венгерскім. На ім быў кароткі кранальны надпіс пра тое, што гэта памяць аб бессэнсоўнасці той вайны. Магчыма, мы некалі дойдзем да такога ж асэнсавання Другой сусветнай, што перадусім гэта — зло. А потым ужо — хто перамог, каму ставіць помнікі, а каму знішчаць».

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Рэпетыцыя парада ў Брэсце. Фота: t.me/pervyiregion

Ці быў генацыд беларускага народа?

Апошнія гады гісторыя Другой сусветнай вайны разглядаецца ў нашай краіне пад брэндам «генацыду беларускага народа», заўважыў Павел Баркоўскі. Аднак «генацыд» мае пэўнае юрыдычнае вызначэнне. Ці магчыма ўжываць такую рыторыку ў дачыненні да публічнай памяці пра Другую сусветную? І ці магчыма разважаць пра гэта сёння ў нейкіх іншых тэрмінах?

Аляксей Ластоўскі патлумачыў, што сам тэрмін «генацыд» мае юрыдычнае паходжанне і быў распрацаваны ў рамках міжнароднага права, калі стаяла пытанне, што рабіць з тымі, хто развязаў Другую сусветную.

Сёння, калі дзяржавы пачынаюць мерацца сваімі ахвярамі, тым, хто больш пацярпеў, то гэта заганная гульня, якая шмат у чым вядзе да скажэння рэчаіснасці. Бо калі мы кажам пра Другую сусветную вайну, то разумеем, што ў нацысцкіх акупантаў не стаяла задача знішчэння беларусаў як такіх, што вызначаецца тэрмінам генацыд. Хоць былі масавыя забойствы, карныя аперацыі.

Павел Церашковіч звярнуў увагу на тое, што сам тэрмін «генацыд» быў распрацаваны Рафаэлем Лемкіным, які нарадзіўся ў 1990 годзе ў ваколіцах Ваўкавыска, пазней скончыў Львоўскі ўніверсітэт, у 1939 годзе быў пракурорам у Польшчы і здолеў уцячы ў Літву, потым у Швецыю, а адтуль – у ЗША. Там у 1940-х сфармуляваў тэрмін «генацыд», якім сталі называць «зло, якое не мае назвы». Дарэчы, Лемкін распрацоўваў таксама тэрміны «этнацыд» і «культурных генацыд», якія не замацаваліся ў юрыдычнай практыцы.

Паводле Лемкіна, генацыд — гэта перадусім знішчэнне этнічнай, рэлігійнай, расавай групы людзей. Аднак калі звярнуцца да практыкі акупацыйных войскаў нямецкай адміністрацыі, якая існавала на тэрыторыі Беларусі, то тут нельга сказаць, што існавалі намеры знішчыць беларусаў менавіта як нацыянальную, этнічную групу. «Больш за тое, я б сказаў, што масавае знішчэнне інтэлектуальнай і палітычнай эліты Беларусі ў 1930-я гады, у гады сталінскіх рэпрэсій, больш нагадвае пачатковую ступень генацыду», — сказаў Павел Церашковіч.

Калі вярнуцца да падзей вайны, то тое, што адбывалася на нашай тэрыторыі, трэба кваліфікаваць не як генацыд, а як злачынствы супраць чалавечнасці. Што фактычна і было зроблена.

А вось калі ўжо гаворка ідзе пра генацыд групы этнічнай, то відавочна, што гэта генацыд яўрэйскага насельніцтва Беларусі.

Аднак Уладзімір Лобач кажа, што вялікія нямецкія аперацыі выглядалі менавіта як рэалізацыя генацыду. У Асвейскім раёне застаецца пасля аперацыі «Зімовае чарадзейства» дзве лазні – і больш нічога. «Трэба разумець, што ў перспектыве чакала беларусаў, — кажа гісторык. — У кожным заплечніку нямецкага салдата была брашурка «унтерменш», то-бок — «недачалавек», і ніякіх ружовых перспектыў там не было і не планавалася.

Аднак відавочна, што сам тэрмін «генацыд беларускага народа» зараз выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх і ідэалагічных мэтах. Калі разгарнуць кнігу, выдадзеную Генеральнай пракуратурай, якая так і называецца «Генацыд беларускага народа», то нельга не заўважыць, што раздзел пра сучасных так бы мовіць «неанацыстаў», то-бок пра выступленні 2020 года, якія падаюцца пад маркай калабарацыянізму, аднаўлення нацысцкіх практык, займае большы абём, чым раздзел пра нямецкія злачынствы.

Што ёсць абсалютным паказчыкам, дзеля чаго гэтая тэма так гучна актуалізуецца. З народным успрыняццем гэтай бяды, гэтай трагедыі, у кнізе няма нічога агульнага. І апошняе, на што яны наважыліся, гэта паставіць у кожным абласным цэнтры помнік у памяць генацыду беларускага народа. У той час я магу засведчыць, як палявік, што ў рэальных месцах, дзе гарэлі нашыя вёскі, у тым ліку з людзьмі, можна ўбачыць пусткі, калгасныя палеткі без аніякай пазнакі, што тут адбывалася. Вось так сёння працуе дзяржаўная палітыка памяці», — падсумаваў гісторык.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Стэнд кнігарні «Белкніга» да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Фота: t.me/izdatelstvobelarus

Кожны трэці? Кожны чацвёрты? Ці 20 працэнтаў?

Павел Церашковіч мяркуе, што непрадузятае вывучэнне падзей вайны трэба пачынаць з лічбаў ахвяр. Бо, калі цяпер кажуць, што загінуў кожны трэці, то гаворка ідзе ў тым ліку і пра ахвяр канцлагероў, якія не былі часткай беларускага народа.

Як лічылі ахвяр?

Калі пасля заканчэння нямецкай акупацыі ў Беларусі праводзіліся следчыя дзеянні і знаходзілі масавае пахаванне, то яго мералі крокамі і прыблізна вылічвалі, колькі там можа ляжаць людзей. Напрыклад, так рабілі каля Трасцянца. Але гэта былі прыблізныя лічбы. Калі ж узяць статыстыку, то ў 1941 годзе на тэрыторыі Беларусі было дзевяць мільёнаў дзевяцьсот дваццаць тысячаў чалавек. Першая пасляваенная статыстыка, больш менш пацверджаная, ёсць за 1950 год — 7 мільёнаў 745 тысяч чалавек.

У пасляваенныя гады насельніцтва даволі хутка павялічвалася. Штогадовы прырост складаў прыблізна каля ста трыццаці тысячаў чалавек. І вось калі ўсё гэта пралічыць, то атрымліваецца, што на пачатак 1946 года на тэрыторыі Беларусі жыло прыкладна 7 мільёнаў 217 тысячаў. І страты складаюць 1 мільён 875 тысяч чалавек, або 20,6 адсоткаў. Гэта, безумоўна, жахлівыя адсоткі. Гэта жахлівыя чалавечыя ахвяры, адны з самых вялікіх на тэрыторыі Еўропы пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Але гэта не кожны чацвёрты і нават не кожны трэці. Патрэбныя статыстычныя дэмаграфічныя даследаванні, якія дадуць нам больш-менш рэальныя, падобныя на праўду лічбы.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Дзіцячы садок у Ганцавічах. Фота: Ляхавіцкі веснік.

Як распавядаюць дзецям пра трагедыю вайны?

Ірына Кашталян расказала пра тое, як тэму генацыду падаюць у школе. «Тое, як гэта рэалізуецца, не вытрымлівае ніякай крытыкі: неакуратнае абыходжанне з метадалогіяй, з тэрмінамі, спрашчэнні і самае страшнае — з прывязкай да змагання з сучаснымі пратэстамі. Дыскрэдытуецца сама тэма, таму што гэта, зразумела, розныя рэчы. І на жаль, выбраўшы гэты шлях, канкрэтныя сілы арганізавалі публікацыю розных кніг, якія называюцца чамусьці падручнікамі ці нейкім аналагам, якія не вытрымліваюць прафесійнай крытыкі. І гэта вельмі небяспечна для будучыні. Мы не ведаем, як гэта ўплывае на псіхіку. Я трохі сачыла за каналам Генпракуратуры і чую аргументы, што яны хочуць паказаць дзецям пабольш здымкаў трупаў», – кажа экспертка.

Дзецям трэба распавядаць пра трагедыю вайны, але так, каб у навучэнцаў выпрацоўвалася крытычнае мысленне, уменне асэнсоўваць усе падзеі, без забароненых тэм.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Выстава «Дорога к Победе» ў выставачным цэнтры BELEXPO. Фота: t.me/minkultrb

Ці мусім мы сёння згадваць пра злачынствы з боку партызан, якія змагаліся пад чырвоным сцягам?

Уладзімір Лобач збіраў успаміны людзей і сцвярджае, што прыблізна палова апытаных узгадваюць партызан альбо нейтральна, альбо пазітыўна, іншая палова расказвае пра гвалт, рабункі і нават забойствы з боку партызанаў. «Гэтая тэма, як і шмат іншых, — кажа даследчык, — патрабуе вельмі дэтальнага і падрабязнага разбору, што на сёння яшчэ не зроблена, па вялікім рахунку. Калі ж мы гаворым пра ацэнку чыста баявой дзейнасці, то відавочна, што лічбы, якія даюцца ў савецкай і постсавецкай літаратуры, нічога блізкага з рэальнасцю не маюць.

Нібы за паўмільёна нямецкіх жаўнераў і калабарантаў яны знішчылі. Але і ацэнкі нямецкіх даследчыкаў — ад трыццаці пяці да пяцідзесяці сямі тысяч знішчаных акупантаў і калабарантаў, гэта не такая малая лічба, як можа падацца. Таму што нам ва ўтульных аўдыторыях вельмі лёгка апераваць гэтымі лічбамі, але варта пачытаць успаміны таго ж Алеся Адамовіча пра тое, чаго быў варты кожны забіты нямецкі салдат. Таму я лічу, што гісторыя беларускай партызанкі яшчэ чакае сапраўднага калектыўнага даследавання».

Аляксей Ластоўскі згадаў, як у Сіэтле ўбачыў у музеі асобны блок пра партызан на Беларусі, у тым ліку з фотаздымкамі, што сведчыць пра тое, што партызаны — частка агульнага наратыву Другой сусветнай вайны, гэта прызнанне іх вайсковай ролі. І не трэба забываць, што ў любым выпадку партызанка, у якой бы краіне яна не была, заўжды рэалізуецца за кошт мясцовага насельніцтва. Людзі ў лесе выжывалі за кошт простых вяскоўцаў. Гэта заўжды выклікае канфлікты, і тут беларускія партызаны не былі нейкім выключэннем.

«Тут няма месца фанфарам»: беларускія гісторыкі паразважалі, як варта адзначаць Дзень Перамогі
Святочнае афармленне Мінска. Фота: BELTA

Ці ёсць адрозненні паміж расійскім і беларускім поглядамі на Другую сусветную вайну?

Расійскія ўлады відавочна выкарыстоўваць 9 мая і ўсю гісторыю вайны для дэманізацыі Украіны і краін Захаду. Ці робяць тое самае беларускія ўлады?

Відавочна тое, што Расія і Беларусь пазіцыянуюць сябе захавальнікамі сапраўднай памяці пра вайну і супрацьстаяць тым, хто хоча яе перапісаць.

Павел Церашковіч, адказваючы на гэтае пытанне, згадаў, што ёсць вялікая колькасць сацыялагічных даследаванняў, якія сведчаць пра тое, што большасць беларусаў не ўспрымае базавыя ўстаноўкі ідэалогіі рускага свету. У тым ліку не лічыць Захад ворагам беларускаму народу. І гэта адрознівае беларусаў ад значнай часткі рускіх.

А што можна супрацьпаставіць ідэалогіі расійскіх уладаў? «Ёсць такі артыкул расійскага паліттэхнолага Цімафея Сяргейцава «Што Расія павінна зрабіць з Украінай?». Сутнасць яго ў тым, што трэба як мага болей украінцаў забіць падчас вайсковых дзеянняў, — кажа Церашковіч. — І далей Сяргейцаў піша, што тэхнічна мы не зможам забіць усіх украінцаў, таму трэба будзе іх перарабляць у рускіх.

І я ўжо некалькі разоў задаваў гэтае пытанне гісторыкам: «Гэта лепей, чым план Ост ці горш, чым план Ост, як гэта ўспрымаць?». А гэты афіцыйны план дэнацыфікацыі Украіны, надрукаваны ў публічнай прасторы? У мяне такое ўражанне, што менавіта Цімафей Сяргейцаў яго агучваў. Вось гэта трэба рабіць: параўноўваць тое, што робіць кіраўніцтва сучаснай Расіі, з тым, што рабілі кіраўнікі нацысцкай Германіі. Мне здаецца, шмат якія пытанні проста знікнуць».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости