Тураў, Заслаўе, Ваўкавыск, Браслаў, Мсціслаў, Быхаў, Мір, Ветка… Юбілеям трынаццаці беларускіх гарадоў прысвяцілі выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы

Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка «Грыміць урачыстасць ад краю да краю» прымеркавана да юбілеяў старажытных гарадоў Беларусі – Турава (1045), Заслаўя (1040), Ваўкавыска (1020), Браслава (960), Мазыра (870), Мсціслава (845), Быхава (655), Карэліч (630), Міра (630), Вілейкі (565), Шклова (505), Століна (470), Веткі (340).

Тураў з гэтых гарадоў самы старэйшы. Упершыню ён узгадваецца ў 980 годзе ў «Аповесці мінулых гадоў» як уласнасць легендарнага князя Тура.

Заслаўе ўзнік у сярэдзіне ІХ стагоддзе на пагорку правага берагу Свіслачы, як крывіцкае паселішча на дрыгавіцкай тэрыторыі. Паводле падання, кіеўскі князь Уладзімір назваў паселішча ў гонар сына полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны Ізяслава, які з мячом заступіўся за маці.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ваўкавыск датуецца датуецца 1005 годам, хоць паселішча на Шведскай гары было заснавана ў сярэдзіне або другой палове X стагоддзя.

Звычайна год заснавання горада адлічваецца ад даты яго першага згадвання ў пісьмовых крыніцах. Акрамя датаў заснавання, якія робяць нашыя гарады не такімі старажытнымі, якімі яны ёсць на самай справе, юбілярам не шанцуе з фарматам святкаванняў. Напрыклад, у Ваўкавыску планавалі адзначыць урачыстую дату — 1020 гадоў — абласнымі «Дажынкамі».

«У святочную юбілейную дату з’яўляецца асаблівы настрой гарадоў – урачысты, велічны, узнёслы. Ён разгортваецца ад краю да краю, асвятляе твары людзей і зберагаецца ў сэрцы памятнымі ўспамінамі», — тлумачаць назву экспазіцыі ў сацсетках бібліятэкі.

На выставе паказваюць багата ілюстраваныя альбомы, юбілейныя выданні, арыгінальныя паштоўкі, што даюць паўнавартаснае ўяўленне аб агульных відах гарадоў з птушынага палёту, іх адметнасцях – храмах, плошчах, будынках тэатраў, вакзалаў, жывапісных відарысах вуліц і наваколля, святочным і паўсядзённым жыцці, а таксама культуры мясцовых жыхароў.

Выстава знаходзіцца ў кальцавой галерэі 3-га паверха і будзе доўжыцца да 27 красавіка 2025 года. Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!