Трыумф «Бітвы за бітвай» і ўзнагарода для дакументалістыкі пра Расію: вынікі 98-й цырымоніі Оскар

У Лос-Анджэлесе падвялі вынікі 98-й прэміі Кінаакадэміі.Галоўным героем вечара стала карціна «Бітва за бітвай», якая забрала ўзнагароды ў ключавых катэгорыях: «Найлепшы фільм», «Найлепшая рэжысура» (Пол Томас Андэрсан), «Найлепшы мантаж» і «Найлепшы кастынг». Шон Пэн быў прызнаны «Найлепшым акцёрам другога плана» за ролю ў гэтым жа фільме. «Найлепшай актрысай другога плана» стала Эмі Мэдыган за ролю ў стужцы «Зброя».

Акцёрскія намінацыі размеркаваліся наступным чынам: «Найлепшую жаночую ролю» атрымала Джэсі Баклі за працу ў фільме «Хамнет: Гісторыя, якая натхніла Гамлета».

Джэсі Баклі — «Найлепшая жаночая роля». Фота: Getty Images.

Ні Цімаці Шаламе, ні Леанарда ды Капрыа не ўзялі ўзнагароды за свае ролі ў карцінах «Марці Цудоўны» і — адпаведна — «Бітва за бітвай».  «Найлепшую мужчынскую ролю» забраў Майкл Б. Джордан (фільм «Грэшнікі»).

Нагадаем, што актор сыграў ў гэтым вампірскім музычным трылеры жахаў братоў-блізнятаў.

Майкл Б. Джордан на 98-й цырымоніі прэміі «Оскар». 

Варта адзначыць, што «Грэшнікі», які дамінаваў у тэхнічных катэгорыях, забраў узнагароды за аператарскую працу, саўндтрэк і арыгінальны сцэнарый. Але «Найлепшыя візуальныя эфекты» атрымаў фільм «Аватар: Полымя і попел».

Важнай падзеяй цырымоніі стала перамога ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм» стужкі «Спадар Ніхто супраць Пуціна». Фільм створаны амерыканскім рэжысёрам Дэвідам Барэнштайнам і відэаграфам з расійскага горада Карабаш Паўлам Таланкіным. У карціне сабрана хроніка індактрынацыі дзяцей і падлеткаў падчас «Размоў пра важнае» і іншых «патрыятычных» мерапрыемстваў у сучаснай Расіі. Фільм дэманструе як працуе дзяржаўная прапаганда ў краіне.

«Спадар Ніхто супраць Пуціна» — «Найлепшы дакументальны фільм». Фота: kino.lux.fm.

 

«Найлепшым міжнародным фільмам» была названа нарвежская стужка «Сентыментальная каштоўнасць» Ёкіма Трыера.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!