У Лос-Анджэлесе падвялі вынікі 98-й прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар». Галоўным героем вечара стала карціна «Бітва за бітвай», якая забрала ўзнагароды ў ключавых катэгорыях: «Найлепшы фільм», «Найлепшая рэжысура» (Пол Томас Андэрсан), «Найлепшы мантаж» і «Найлепшы кастынг». Шон Пэн быў прызнаны «Найлепшым акцёрам другога плана» за ролю ў гэтым жа фільме. «Найлепшай актрысай другога плана» стала Эмі Мэдыган за ролю ў стужцы «Зброя».
Акцёрскія намінацыі (галоўныя ролі) размеркаваліся наступным чынам: «Найлепшую жаночую ролю» атрымала Джэсі Баклі за працу ў фільме «Хамнет: Гісторыя, якая натхніла Гамлета».

Ні Цімаці Шаламе, ні Леанарда ды Капрыа не ўзялі ўзнагароды за свае ролі ў карцінах «Марці Цудоўны» і — адпаведна — «Бітва за бітвай». «Найлепшую мужчынскую ролю» забраў Майкл Б. Джордан (фільм «Грэшнікі»).
Нагадаем, што актор сыграў у гэтым вампірскім музычным трылеры жахаў братоў-блізнятаў.

Варта адзначыць, што «Грэшнікі», які дамінаваў у тэхнічных катэгорыях, забраў узнагароды за аператарскую працу, саўндтрэк і арыгінальны сцэнарый. Але «Найлепшыя візуальныя эфекты» атрымаў фільм «Аватар: Полымя і попел».
Важнай падзеяй цырымоніі стала перамога ў катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм» стужкі «Спадар Ніхто супраць Пуціна». Фільм створаны амерыканскім рэжысёрам Дэвідам Барэнштайнам і відэаграфам з расійскага горада Карабаш Паўлам Таланкіным. У карціне сабрана хроніка індактрынацыі дзяцей і падлеткаў падчас «Размоў пра важнае» і іншых «патрыятычных» мерапрыемстваў у сучаснай Расіі. Фільм дэманструе, як працуе дзяржаўная прапаганда ў краіне.

«Найлепшым міжнародным фільмам» была названа нарвежская стужка «Сентыментальная каштоўнасць» Ёакіма Трыера.
Трыумфатарамі ў анімацыі сталі «Кей-поп-паляўнічыя на дэманаў» (рэжысёры Мэгі Канг, Крыс Эплханс і Мішэль Л.М. Вонг) — яны забралі ўзнагароду як за «Найлепшы анімацыйны фільм», так і за «Найлепшую песню» — «Golden».
Глядзець усе ўзнагароды «Оскара-2026» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

