«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory

Главное
Халіна Керска на шпацыры з таксай Лялькай, Брэст-над-Бугам. Фота 1939 года. Крыніца: Halina Kierska. Kędy kazachski step…

У траўні ініцыятыва Brest Stories Guide выпусціла аўдыягід-спектакль пра жанчын Брэста ў часы Другой сусветнай вайны — Brest HERstory. Праект, які дае магчымасць пазнаёміцца з малачутнай і малавядомай гісторыяй памежнага горада і вайны, расказанай жанчынамі.

Пазнаёміўшыся з аўдыягідам, Reform.news вырашыў занатаваць і перакласці на беларускую мову адно з агучаных сведчанняў — гісторыю Халіны Керскай, 14-гадовай вучаніцы гімназіі Траўгута, якая пражывала ў Брэсце напярэдадні Другой сусветнай вайны. Халіна ў сваім дзённіку, які пачала весці ўлетку 1939 года, распавядае далёка не растыражаваную гісторыю пачатку найбуйнейшай катастрофы ХХ стагоддзя.

Як адзначаюць стваральніцы Brest HERstory, дзённік Халіны быў выдадзены на польскай мове ў 1996 годзе і часткова быў апублікаваны ў рускім перакладзе ў кнізе брэсцкага даследчыка Васіля Сарычава. Магчыма, гэта першы яго пераклад на беларускую.

Брэст, 15 жніўня 1939 года

Я пражываю ў сталіцы Палескага ваяводства, у горадзе Брэст-над-Бугам. У пяціпакаёвым асабняку з пакатым дахам. Бацьку я страціла, калі мне было 9 гадоў. Пасля некалькіх гадоў жалобы мама другі раз выйшла замуж за адстаўнога афіцэра Рамана Пяшкоўскага.

Маму завуць Клаўдзія. Яны прыгожая, элегантная жанчына, выдатная гаспадыня і хатні доктар. Адзіны брат Юлік маладзейшы за мяне на тры гады. З намі пражывае наша хатняя гаспадыня Насця, з мясцовых. Цудоўная кухарка і наша ўлюбёная няня. Насця непісьменная, мы з братам моцна радаваліся, навучыўшы яе ставіць подпіс. У яе адсутнасць маме пару гадзін удзень дапамагае хатняя гаспадыня, якая прыходзіць, Поля Стэфанова. Нас стала забяспечвае мясам, рыбай, ракамі і дзічынай барадаты габрэй Памеранц. Двор пільнуе сабака Рэкс. Словам, падрастаем мы з братам ва ўтульным доме, у дастатку і спакоі.

Акрамя вучобы ніякіх абавязкаў няма. Даглядаю канарэйку. Выгульваю рудую таксу Ляльку. Зрэдку прапальваю градку ў гародзе. Шмат чытаю. Люблю кіно і калекцыяную фотаздымкі кіназорак. Наша дзяржаўная гімназія імя Траўгута з’яўляецца па горадзе ўзорнай. Высокія патрабаванні, добра аснашчаныя кабінеты фізікі і біялогіі, а таксама майстэрні для пазакласных заняткаў. Хлопцы робяць там байдаркі, а мы шыем на машынках. Мне ўжо чатырнаццаць, і я закахалася ў цудоўнага хлопца. Жыццё — цудоўнае.

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Халіна Керска, першая злева, з сяброўкамі, Брэст-над-Бугам. Фота 1939 года. Крыніца: Halina Kierska. Kędy kazachski step…

30 жніўня 1939 года

Наступаюць смутныя часы. Пасля сакавіцкай мабілізацыі ўсё часцей гавораць аб меркаванай вайне з Германіяй. Са жніўня атмасфера асабліва абвастрылася. Усе пачалі рабіць запасы харчавання, і мама таксама. Айчым прынёс тры супарцьгазы, і мы пачалі практыкавацца ў іх надзяванні. Не вельмі прыемная працэдура.

31 жніўня 1939 года

Цудоўнае надвор’е не радуе. Нам загадалі выкапаць сховішча даўжынёй 5 метраў і шырынёй 1,8 метра. Капаем з Юлікам на змену. Пацеем. Але да поўдня сховішча гатовае. Накрылі яго дошкамі і прысыпалі зямлёй. У 17.00 будуць правяраць. Па горадзе абавязалі захоўваць поўную цемру. Горад замёр, і толькі з вуліцы Уніі Любельскай даносіцца безупынны грукат павозак і гул машын.

Палова нашага пакоя застаўлена запасамі харчавання. Мех мукі, цукар, тлушчы, мясныя кансервы, фасоля, згушчонка, сухары, мёд. Страшна баюся.

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Дзяржаўная гімназія ім. Р. Траўгута. Паштоўка, 1920-я гады. Крыніца: www.brestdatabase.by.

1 верасня 1939 года

Вайна. З досвіткам прачнуліся ад выбухаў. Немцы бамбілі аэрадром. Радыё перадае жахлівыя звесткі. Немцы перайшлі мяжу і вядуць баі.

Я ўжо некалькі гадоў харцэрка, пабегла на сход. Наша харцэрская дружына атрымоўвае распараджэнні ад дапаможнай службы. Мой атрад абслугоўвае клуб на вуліцы Стацкевіча. Клуб з’яўляецца пунктам інфармацыі для тых, хто прыбывае ў горад. Рабяты дастаўляюць хлеб з пякарні, булкі, малочныя прадукты. Малодшыя дзяўчынкі робяць бутэрброды. Другая група носіць гэтыя бутэрброды салдатам і бежанцам, а таксама ў шпіталі. Задача старэйшых рабят — дапамагаць пры транспарціроўцы хворых і параненых. Дактары навучылі аказваць першую дапамогу.

7 верасня 1939 года

Загінуў наш сабачка Лялька. Юлік выехаў на ровары на вуліцы і не зачыніў брамку. Лялька выбегла за ім і трапіла пад машыну. У той дзень быў моцны рух па нашай звычайна ціхай вуліцы, бо, па словах айчыма, у Брэст прыбыў генеральны штаб на чале з маршалам Рыдз-Сміглам.

Працягваю дзяжурыць у клубе, там усё больш бежанцаў з Заходняй Польшчы і Варшавы. Падаем бутэрброды і гарбату да сталоў. Бамбяць часцей па абедзе. За дзяржурства адзін-два разы хаваемся ў сховішчы.

15-17 верасня 1939 года

Наступілі страшныя дні. Да горада падышла нямецкая артылерыя. Мы схаваліся ў склепе-сховішчы. Чулі над сабой свіст снарадаў, што праляталі. Працягвалася гэта двое сутак, на працягу якіх мы амаль не пакідалі склеп. У склепе было поўна народу. Сядзелі на клунках і чамаданах. Раніцай прачнуліся ад незвычайнай цішыні. Пакінулі склеп. Настала нядзеля 17 верасня. Каля 9 раніцы прыехалі на матацыкле нямецкія салдаты. Аб’явілі, што горад узяты, належна вярнуцца ў пакінутыя дамы, бо пустыя кватэры могуць абрабаваць. Сказалі, што нам ужо нічога не пагражае.

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Ваенны шпіталь, 1941 – 1944 гады. Крыніца: калекцыя І. Чайчыца.

22 верасня 1939 года

Немцы пакідаюць Брэст. Уздоўж вуліцы Уніі Любельскай ад’язджаюць танкі, машыны, поўныя нямецкіх салдат. А па іншы бок гэтай жа вуліцы з’яўляюцца савецкія салдаты. Адкуль яны тут? Перапужаныя, назіраем з гарышча. Ад’язджаюць добра аснашчаныя і абмундзіраваныя нямецкія часткі, а прыбываюць як у кашмарным сне войскі ва ўбогіх, патрапаных шынялях з заплечнікамі ў выглядзе мяшкоў. Ледзь-ледзь абутыя, з вінтоўкамі і чырвонымі зоркамі на шапках. Бальшавікі.

Вядома, знайшлася група сустракаючых з апладысментамі і букетамі. Галоўным чынам, габрэі і шмат мясцовых камуністаў. Акрамя іх, людзей на вуліцы амаль не відаць. Назіраем стрымана з вокнаў, з-за платоў. Адно слова «бальшавік» наводзіць халодны жах. Чыравоная Армія праходзіць маршам па горадзе. Ніхто не верыць, што гэта канец Рэчы Паспалітай.

***

Напрыканцы кастрычніка ў школах пачалася падрыхтоўка да свята рэвалюцыі. Настаўнікі пад пагрозай правяраюць прысутнасць паводле спісаў на дэманстрацыі. Раздаюць усім нам партрэты творцаў рэвалюцыі — Леніна і Сталіна, чырвоныя сцяжкі. Ніхто не жадае гэта цягнуць. Дзяўчаты плачуць, раззлаваныя настаўнікі абцяжарваюць партрэтамі хлопцаў, а тыя кідаюць іх на стаянках, ля варотаў, дрэваў.

Каля трыбуны моладзь праходзіць з панурымі галовамі. Дзяўчынкі хрысцяцца, хлопчыкі здымаюць шапкі. Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла. Па гучнагаварыцелю захліпаецца крыкун, заклікаючы моладзь трымаць раўненне направа. Дарэмна. Усе паварочваюць галаву налева, у бок касцёла. Паглядзела ў бок трыбуны. А там побач з саветамі стаялі сяброўскія цяпер нямецкія афіцэры, якія рагаталі гледзячы на нас.

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў 22 верасня 1941 г. на пл. Леніна. Крыніца: Bundesarchiv.

На цэнтральных вуліцах былі развешаны вялізныя партрэты Леніна, Сталіна, Варашылава і кагосьці яшчэ нам не вядомых, намаляваных на белых палотнішчах. А праз пару дзён хтосьці абрэзаў гэтыя палотнішчы знізу і так іх трапло ветрам, што новыя ўлады былі вымушаны іх паздымаць.

Неўзабаве пачаліся рэпрэсіі. Усё часцей НКУС капаўся ў нашых асабістых справах. Ім трапілі ў рукі не знішчаныя гімназічныя дакументы. Дзеці, чые бацькі мелі крыжы Virtuti Militari за вайну 1920 года, а таксама […] карысталіся 50-й зніжкай у аплаце навучання. Гэтай інфармацыі было дастаткова. Усё часцей даходзілі звесткі аб арышце і высылцы дарослых рабят у далёкую Сібір. Адпраўлялі старым, пратораным палякамі шляхам — толькі не ў кібітцы, а таварным саставам пад канвоем.

20 лютага 1940 года

У кожнай вялікай кватэры размясціліся савецкія пастаяльцы. У студзені нацыяналізавалі наш дом: паколькі плошча перавышае 100 квадратных метраў. Цяпер нацыяналізацыя дома ўладкавана кавалачкам паперы, які аб’яўляе, што рашэннем гарвыканкама дом нацыяналізаваны. Чысло, тры неразборлівыя подпісы алоўкам і кропка. Мы ўжо не ўладальнікі, а кватаранты, якіх можна ў любы момант выселіць. Як проста. Наша мужчынская моладзь ужо рубіць лес за Палярным колам. НКУС дзейнічае, карыстаючыся даносамі.

9 красавіка 1940 года

Усё больш сонца, а на душы ўсё цямней. Стан безнадзейнасці. Старэйшых хлопчыкаў не бачна. Дзяўчаты прыгнечаны. Выказваем здагадкі пра нашу будучыню. Школу ахутвае страх.

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Дэманстрацыі яўрэйскіх бежанцаў. Фота 1939 г. Крыніца: realbrest.by.

11 красавіка 1940 года

Маме выдалі пашпарт тэрмінам на пяць гадоў з прадпісаннем пакінуць горад на адлегласць не бліжэй за сем кіламетраў. З’яўляецца нядобранадзейным элементам. А паколькі горад памежны, нам забаронена тут пражываць. З’едзем у Кобрын да знаёмых. Сяджу ў слязах ля вакна нашага дзіцячага пакоя. Развітваюся з домам, вуліцай, садам…

12 красавіка 1940 года

Дома страшны беспарадак, складаем рэчы, заўтра схаджу развітацца з класам. Шмат каго ўжо няма. Сышлі за Буг ці паз’язджалі ў іншыя гарады. У старэйшых класах адны дзяўчаты. Тужліва мне.

13 красавіка 1940 года

Збылося! Сярод ночы ў пакоі з’явіўся афіцэр НКУС і два салдаты з вінтоўкамі. Нас пабудзіла святло і мужчынскія галасы. Загадалі зараз жа апрануцца і прыйсці ў суседні пакой, дзе пад дулам вінтоўкі ўзброенага салдата ўжо сядзела мама. Вобшук. Гляджу як з шафаў, буфету, з запакаваных ужо куфраў усё вывальваюць на падлогу і корпаюцца.

Нам забаронена перамаўляцца і выходзіць з пакоя. Праз пару гадзін перабірання рэчаў чуем: «А цяпер збірайцеся! З сабой можаце ўзяць па 20 кілаграмаў рэчаў на чалавека. Будзе на паўкіло болей — выкінем увесь багаж».

«Трыбуна ўстаноўлена на плошчы проста насупраць касцёла»: адна з жаночых гісторый пра пачатак Другой сусветнай з праекта Brest HERstory
Дэпартацыя. Фота 1940 года. Крыніца: realbrest.by.

Маме паказалі паперу на арышт. Адабралі нядаўна выдадзены пашпарт. Дадому пад’ехаў грузавік. На пытанне, куды мы едзем і што браць з сабой, няпэўна акрэслілі: «Там убачыце». Адно ў апошнюю хвіліну старэйшы па ўзросце салдат, калі астатнія не чулі, шапнуў маме: «Бярыце ўсё неабходнае». Узрушаная мама паўтарала, што мы едзем у турму, і там нічога не трэба. Мы, дзеці, памятаючы аб тых 20 кілаграмах, пакавалі, што трапіла пад руку ды падавалася важным, у тым ліку, пару ўлюбёных кніжак. Так, пад гукі «Расцветали яблыни и груши» з уключанага на поўную магутнасць савецкімі кватарантамі патэфона, мы пакінулі свой дом.

***

Як адзначаюць стваральнікі праекта Brest HERstory, Халіна Керска выжыла, была высланая ў Казахстан, дзе ў сваім дзённіку апісала падарожжа праз Расію ў Казахстан і жыццё там.

Гісторыя Халіны — адзін з жаночых галасоў у аўдыягідзе, які адкрывае малавядомыя старонкі цяжкіх часоў. Нагадаем, што для стварэння праекта аўтаркамі былі паднятыя матэрыялы з больш як пятнаццаці крыніцаў — асабістыя архівы і архівы інстытуцый, дзённікі сведкаў, кнігі даследчыкаў і даследчыц. Гісторыі жанчын агучваюцца галасамі брэстаўчанак розных пакаленняў.

Пазнаёміцца з імі можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. заходнiк

    Важны праект. Дзякуй за пераклад на беларускую.
    Што да зместа i нашай перакручанай сучаснасцi, зараз дзецi у малодшых класах вучаць i пяюць «катюшу», пад якую нквдысты дэпартавалi людзей у Сiбiр. Можа вырастуць i пераасэнсуюць, што да чаго i чым iм голавы забруджваюць.

    Ответить

Последние новости