Культавае трыа Buben Naruszewicz Baisan вяло актыўную дзейнасць у 2017-2019 гадах да раптоўнай смерці аднаго з удзельнікаў, вядомага імправізацыйнага гітарыста Леаніда Нарушэвіча. Сёння на музычных пляцоўках з’явіўся рэліз апошняга альбома аб’яднання — HAUNTOLOGЎ. Ён спрадусаваны Уладам Бубенам ужо пасля смерці Нарушэвіча.
У альбоме, назва якога адсылае да тэрміна «хаўнталогія» — вучэнне пра вяртанне і прысутнасць зданяў у зямным жыцці чалавека, гучыць паэзія Алеся Плоткі (Baisan) і прысутнічаюць вакалізы Леаніда Нарушэвіча. Музычны шпацыр атрымаўся нядрэнным: тут і «касмічная» электроніка, і джазавыя матывы, прывітанні ад умоўнай Амазоніі, прыгожыя гітарныя дысанансы — прастора нават не фры-джазу, а фры-руху, калі музыка запаўняе сабой розныя формы і абшары, даследуе пераходы і злучэнні. У гэтым музычным «марыве» Алесь Плотка дэкламуе свае вершы, прапануючы вобразы для ўяўлення і падказваючы слухачу магчымыя сэнсы кампазіцый.



Але дзіўная рэч — вершы падцягваюць да ўяўнай прасторы яшчэ адну аўдыядарожку: уласна, музыку постпанкаўскага гурта Soz — іх альбома Apošnija Tancory, дзе гучаць большасць тых ж тэкстаў. Гэта аўдыяпамяць крыху перашкаджае прыняць новы кантэкст іх прачытання, а дакладней папярэдні досвед слухання ўклініваецца ў актуальны працэс.
Але для тых, хто не абцяжараны знаёмствам з «Сожам», HAUNTOLOGЎ мусіць стаць вялікай радасцю. Плытка — сапраўдная музыка, хоць вы там і не сустрэнеце зручных і звыклых музычных патэрнаў.
Слухаць альбом можа тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram