Адміністрацыі беларускіх калоній перайшлі да сістэматычнага знішчэння кніг, якія належаць вязням. Былы палітвязень магілёўскай папраўчай калоніі № 15 (ПК-15) Ігар (імя зменена) у інтэрв’ю праваабарончаму цэнтру «Вясна» распавёў, як у мяхах з-пад бульбы на спальванне вывозілі 70% прыватных бібліятэк.
«Кнігі вазілі ў кацельню»
Паводле слоў Ігара, які цалкам адбыў свой тэрмін у магілёўскай калоніі і з’ехаў з Беларусі, з 2023 года турэмная цэнзура стала татальнай. Калі раней адміністрацыя магла ігнараваць асабістыя кнігі асуджаных, то ў 2024 годзе іх пачалі знішчаць фізічна.
«Апошнія год-паўтара гэта быў наагул цырк. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў нас пачалі спальваць літаратуру расейскіх „замежных агентаў“. <…> У 2024 годзе ў зьняволеных адабралі ўсе асабістыя кнігі, зьвезьлі іх у бібліятэку, адсартавалі і адсоткаў 70 зьнішчылі. Кнігі ў мяхах ад бульбы вазілі ў кацельню — і спальвалі. Сабралі тры мяхі — ды спалілі», — згадвае былы вязень.
Мова як прычына для ШЫЗА
Асобная ўвага ў ПК-15 надаецца навучальнай літаратуры. Вывучэнне некаторых замежных моў цяпер лічыцца «варожай дзейнасцю».
«Польская мова лічылася варожай — за падручнік цябе чакала цікавая „гутарка“, маглі даць дзесяць сутак ШЫЗА. Ангельская яшчэ неяк праходзіла, а польская — не», — распавядае Ігар.
Прымусовая прапаганда пад камерамі
Замест чытання кніг адміністрацыя ПК-15 прымушае вязняў да прагляду дзяржаўнага тэлебачання. Паводле Ігара, пасля ўсталявання вялікай колькасці новых відэакамер кантроль стаў татальным: начальнік калоніі можа ў любы момант праверыць, ці ўсе вязні прысутнічаюць на праглядзе навін і прапагандысцкіх фільмаў.
Таксама была палітзняволены падзяліўся з «Вясной» інфармацыяй пра штодзённы ціск на палітвязняў у калоніі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
