#FreeAllWords — слынны праект міжнароднай падтрымкі аўтараў, якія крытыкуюць вайну і абараняюць правы чалавека, абвесціў імёны літаратараў, чые творы будуць перекладзены на 13 моў свету. Так, у бліжэйшы час на сайце перакладчыцкай ініцыятывы ад Еўрапейскай рады пісьменнікаў (European Writers’ Council (EWC) з’явяцца пераклады твораў Таццяны Нядбай, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Лобача, Наталіі Матолінець, Тетяны Маленька, Олены Кіцан ды іншых людзей слова.
Да ўдзелу ў другім сезоне праекта #FreeAllWords было пададзена 30 заявак ад беларускіх і ўкраінскіх аўтараў. Міжнароднае журы ў выніку адабрала 15 людзей слова, чые творы будуць перакладзеныя на розныя мовы Еўропы. Восем з іх — з Беларусі, сем — з Украіны.
Агулам на дадзены момант у праекце ўдзельнічаюць 46 аўтараў, 29 з іх — прадстаўнікі Беларусі, 17 — Украіны. Сярод удзельнікаў, у тым ліку: праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, былы палітзняволены Анатоль Хіневіч. Паэтка Іна Снарская — ураджэнка Полацка, якая ўжо шмат год жыве ва ўкраінскай Палтаве. Ва Украіне знаходзяцца і такія аўтары праекта як харкаўскія паэты Олександр Бобошко і Андрій Костинський, палтаўскі паэт Олег Шапошніков, паэткі і даследчыцы з Кіева Надія Гаврилюк і Тетяна Маленька і іншыя літаратары, праваабаронцы, гісторыкі.
«Калі я думаю пра #Free All Words і неверагодныя вынікі, я адчуваю гонар, — адзначае Мігель Анхель Серрана, пісьменнік і Прэзідэнт Еўрапейскай рады пісьменнікаў (European Writers Council). — Я заўсёды настойваю на важнасці захавання словаў жывымі ў месцах, дзе, на жаль, існуюць рэпрэсіі і небяспека. Адчыніць вокны магчымасцяў для выказвання меркаванняў нашых беларускіх і ўкраінскіх калег — шляхетная справа, і Еўрапейская рада пісьменнікаў мае намер і далей працягваць гэта рабіць[…].
Я ўдзячны, што магу быць часткай гэтага, — дадае літаратар. — Мне вельмі хацелася б напісаць фінальную справаздачу і закрыць праект: гэта б азначала, што рэпрэсіі і вайна скончыліся. На жаль, гэта не так. Такім чынам, мы працягваем праект, даючы свабоду словам і працам нашых калегаў».
З аўтарскімі тэкстамі ў ініцыятыве працуюць 43 спецыялісты. Творы ўдзельнікаў перакладаюцца на 13 еўрапейскіх моў — англійскую, венгерскую, дацкую, гішпанскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нарвежскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, фінскую і французскую. Усяго за час існавання праекта было перакладзена больш за 130 тысяч слоў украінскіх і беларускіх літаратараў.
У планах праекта — папулярызацыя творчасці беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, пашырэнне магчымасцяў выхаду на літаратурныя выданні іншых краінаў.
Ініцыятыва #FreeAllWords таксама працягвае збіраць заяўкі новых удзельнікаў.
Падрабязней даведацца пра міжнародную перакладчыцкую ініцыятыву можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram