Фота: index.hu.
Сёння стала вядома пра смерць венгерскага генія Бэлы Тара. Чалавека, які ператварыў кінематограф у чыстую медытацыю і доказ таго, што свет — гэта не толькі рух, але і вечнае застылае імгненне.
Бэла Тар памёр ва ўзросце 70 гадоў пасля працяглай і цяжкой хваробы, адзначыла Венгерская асацыяцыя кінадзеячоў.
Тар нарадзіўся 21 ліпеня 1955 года ў венгерскім горадзе Печ. Ён пачаў здымаць у 16 гадоў на аматарскую камеру, і яго першая кароткаметражка пра жыццё рабочых у Венгрыі былі настолькі вострай, што камуністычныя ўлады не далі яму паступаць ва ўніверсітэт на філосафа. Але ён не здаўся, паступіў у Акадэмію тэатра і кіно ў Будапешце, і дэбютаваў у 22 гады з фільмам «Сямейны ўтулак», які прынес яму прэмію кінафестываля ў Мангейме і прэмію венгерскіх кінакрытыкаў.
У 1980-х стыль Тара стаў мяняцца. Рэжысёр адышоў ад сацыяльных праблем да філасофскіх. Менавіта тады з’явіліся яго фірмовыя доўгія кадры. Яго галоўны шэдэўр — «Сатанінскае танга» (1994) — цягнецца больш за 7 гадзін. Гэта выпрабаванне для гледача, якое ператвараецца ў чысты экстаз.
Амаль усе яго шэдэўры створаны ў суаўтарстве з пісьменнікам Ласла Краснахоркаі, які летась атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Гэта быў ідэальны тандэм: адзін пісаў пра бясконцы распад, другі — яго здымаў. Па сцэнарыям Краснахоркаі Тар зняў: «Пракляцце», «Сатанінскае танга», «Веркмайстэраўскія гармоніі», «Турынскі конь».
У 2011 годзе, пасля выхаду фільма «Турынскі конь», Тар заявіў, што сказаў у кінематографе ўсё, што хацеў, і сыходзіць з прафесіі. Карціна, якая прыняла ўдзел конкурсе Берлінскага фестываля, атрымала «Срэбранага мядзведзя». Адзначым, што таксама фільм быў паказаны на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».
«Мой стыль — гэта не свядомы выбар. Гэта тое, як я бачу свет. Але надыходзіць момант, калі ты разумееш: ты сказаў усё. Я не хачу паўтарацца. Калі ты пачынаеш выкарыстоўваць уласныя прыёмы проста па інерцыі — гэта канец мастацтва», — казаў маэстра.
Бэла Тар больш не зняў ніводнага поўнаметражнага фільма, прысвяціўшы сябе выкладанню і падтрымцы маладых талентаў (адкрыў сваю кінашколу ў Сараева).
Бэла Тар увайшоў у гісторыю кіно майстрам «павольнага кіно» (slow cinema). У яго фільмах вецер, дождж і гразь мелі такую ж вагу, як і словы герояў. Ён паказваў апакаліпсіс не праз выбухі, а праз паўсядзённасць, якая павольна распадаецца.
«Час — гэта самае галоўнае ў жыцці. Калі вы здымаеце фільм, вы павінны паважаць час гледача і час герояў. Я не хачу мантаваць, я хачу, каб вы адчулі, як цячэ само жыццё — секунда за секундай, крок за крокам», — казаў ён.
Сьюзан Зонтаг называла рэжысёра «выратавальнікам сучаснага кіно» і казала, што гатовая пераглядаць яго сямігадзіннае «Сатанінскае танга» кожны год. А рэжысёр Гас Ван Сент настолькі натхніўся яго стылем, што цалкам змяніў сваю кінамову пад уплывам Тара.
«Я проста хачу паказаць, што жыццё — гэта вельмі складаная рэч. Я хачу паказаць, што мы — людзі, і ў нас ёсць свая годнасць. Мае фільмы не пра смерць, яны пра жыццё. Пра тое, як цяжка і адначасова важна заставацца чалавекам», — казаў пра свае мастацтва творца.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram