Скрын відэа
«Karnawał» – адна з апошніх песень падляшскага дуэта Sw@da x Niczos. Прэмʼера песні адбылася напрыканцы жніўня падчас мультыкультурнага фестывалю Barn+Field ў Бельску-Падляшскім непасрэдна ў клуні – без сцэны і барʼераў паміж музыкамі і слухачамі. Кліп выдатна перадае той глядацкі настрой: «Усе былі на адной хвалі», – згадваюць удзельнікі імпрэзы.
Дуэт з польска-беларускага памежжа выкарыстоўвае ў сваіх трэках падляшскую гаворку. І не толькі гаворку: спявачка Ніка Юрчук разам з Віктарам Шчыгелем, прадзюсарам з калумбійскімі каранямі, ствараюць Podlasie bounce – міксуюць сучасную электронную музыку з падляшскім каларытам.
На фестываль прыехалі і беларускія выканаўцы: Mandzik і гурт мужчынскага традыцыйнага спеву «Касары».
Беларускія «Касары» і падляшскі гурт Sw@da x Niczos абʼядналіся ў фармаце, які нагадваў традыцыйныя вячоркі. Вынік сумеснага эксперыменту атрымаўся надзвычай каларытным: «Касары» выканалі бяседную песню «Ой, да сонцэ» пад магутны рэз-бас падляскіх музыкаў.
Фестываль Barn+Field ладзіцца ўжо трэці год запар. Яго галоўная адметнасць – смелае спалучэнне электроннай і рок-музыкі з аўтэнтычнымі традыцыйнымі матывамі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram