Святочная прэм’ера ад Змітра Вайцюшкевіча — відэа «Каляднае танга» ў стылістыцы малюнкаў на шкле — так званых відзікаў

«Каляднае танга» — такую назву мае новая песня Змітра Вайцюшкевіча на вершы Уладзіміра Някляева, прэм’ера якой сёння адбылася на YouTube-канале спевака і кампазітара. На кампазіцыю быў створаны атмасферны кліп у стылістыцы «відзікаў» — малюнкаў на шкле — феномена традыцыйнага народнага беларускага мастацтва канца XIX-га — пачатку і сярэдзіны XX стагоддзяў. Аўтарка відэашэрагу — мастачка Аляксандра Канафальская.

«Абразы на шкле з’явіліся раней за шкляныя свецкія карцінкі, але хутка зніклі з ужытку. Разам з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і тканымі посцілкамі карцінкі на шкле фарміравалі цэласны ансамбль пасляваеннага вясковага інтэр’ера, — распавядаецца пра праяву гэтага народнага мастацтва ў апісанні да відэа. — Звычайна гэтыя карцінкі ўяўлялі сабой арыгінальныя творы з выявамі коцікаў, галубоў і паненак, якія можна было набыць на кірмашах або ў вандроўных гандляроў. Рэгіянальная назва карцінак на шкле — «відзікі». На дадзены момант не толькі музеі Беларусі маюць калекцыі відзікаў, але прыватныя асобы таксама імкнуцца захаваць пярліны народнага мастацтва».

Беларуская мастачка Аляксандра Канафальская зрабіла сваю, аўтарскую інтэпрэтацыю «відзікаў», намаляваўшы таксама на шкле пэўныя элементы традыйных сюжэтаў. У кліпе можна ўбачыць ружы, галубоў ды вобраз Панны.

«Шчаслівых святаў, шаноўныя!», — павіншаваў сваіх слухачоў Зміцер Вайцюшкевіч.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.