Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Вялікаднем: Наша моц у святле, веры і падтрымцы
Reform.news · 5 мая 2024, 10:18
https://reform.news/svjatlana-cihano-skaja-pavinshavala-belarusa-z-vjalikadnem-nasha-moc-u-svjatle-very-i-padtrymcy/Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Вялікаднем, нагадаўшы, што шмат хто з беларусаў не можа быць побач з роднымі ў гэты дзень.
Прыводзім тэкст віншавання палітыка:
«Вялікдзень – гэта свята, якое мы звычайна праводзім у коле сям’і. Чакаем сваякоў у госці, гуляем у біткі, едзем у свае вёскі да бабуль і дзядуляў – есці самыя смачныя ва ўсім свеце паскі.
Але многія беларусы не могуць быць побач з роднымі ў гэты дзень. Нявінныя людзі сядзяць у турмах, церпяць пераслед і катаванні. Сотні тысячаў беларусаў вымушаныя жыць у розных краінах – без магчымасці вярнуцца дадому, каб абняць родных на Вялікдзень.
Мы з вамі праходзім праз час выпрабаванняў. Давайце не забываць, што Ісус Хрыстос таксама цярпеў за праўду. Нашa моц – у святле і веры, якую мы нясём праз цемру нягледзячы ні на што. У падтрымцы, якую даем тым, каму цяжка. Наша моц – дабрыня і спагадлівасць, і ніхто і ніколі не зможа іх у нас адняць.
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!»
