У Таліне на 29-м фестывалі «Цёмныя ночы» (The Black Nights Film Festival) адбыўся паказ дакументальнага фільма «Not made for politics» у рэжысуры беларускай кінематаграфісткі і дырэктаркі фестываля кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўскай. Асаблівую ўвагу прыцягнуў сеанс карціны 21 лістапада, бо ў дыскусіі (Q&A) пасля паказу ўзяла ўдзел адна з галоўных гераінь фільма — лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

Стужка, прэм’ера якой прайшла ў рамках праграмы Doc@PÖFF Baltic Competition, мае глыбока асабісты змест. Фільм, які здымаўся на працягу пяці гадоў, распавядае пра барацьбу Беларусі за свабоду праз гісторыі трох жанчын: Святланы Ціханоўскай, а таксама Надзеі і Машы, чые мужы былі арыштаваныя як палітычныя зняволеныя.
Гэты інтымны твор паказвае, як звычайныя жанчыны сталі цэнтральнымі фігурамі руху, і як беларуская апазіцыя разгортвалася праз гісторыі людзей, блізкіх аўтарцы.
Карціна створана пры ўдзеле трох краін: Эстоніі, Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Кадр з фільма «Not made for politics».
На дыскусіі (Q&A) пасля прагляду карціны разам з рэжысёркай і членамі здымачнай групы на пытанні адказвала сама Святлана Ціханоўская і Надзея Зелянкова — гераіні стужкі.
Падчас паказу адбыўся моцны сімвалічны момант: Святлана Ціханоўская трымала фотаздымак Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру (2022), які ўтрымліваецца ў зняволенні ўжо больш за чатыры гады.

Удзел у мерапрыемстве, якое прайшло пры падтрымцы і было арганізавана Амбасадай Канады ў Эстоніі, таксама прыняў Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкна (Margus Tsahkna).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram