Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве

Главное
Фота: P.

У суботу ў польскай сталіцы адбыўся ўжо 25-ты, юбілейны Парад роўнасці (Parada Równości). Сёлета адзін з найбуйнейшых маршаў у падтрымку правоў ЛГБТК+ супольнасці ў Еўропе праходзіў пад сімвалічным лозунгам «25 гадоў гонару і бунту» („25 lat dumy i buntu”). Шматтысячнае шэсце праз самае сэрца Варшавы афіцыйна адкрыў мэр горада Рафал Тшаскоўскі.

Сёлета асобнай афіцыйнай калоны ад беларускіх ініцыятыў не арганізоўвалася. Людзі аб’ядноўваліся самі, дапамагалі адзін аднаму з навігацыяй і дзяліліся сімволікай. У агульнай плыні маршу луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, у тым ліку і з вясёлкавай «Пагоняй». Рахунак беларусаў на маршы ішоў на дзесяткі — прычым падтрымаць рух прыйшлі і цысгетэрасексуальныя пары, і сем’і з дзецьмі.

Вулічны мастак Міша Мішук і яго вясёлкавы вадалаз

Адным з заўважных арт-акцэнтаў ад беларусаў на маршы стаў супольны выхад стрыт-арт мастака Мішы Мішука і яго вядомага персанажа — вадалаза. Гэтым разам у руках пазнавальнага стрыт-арт- героя быў вясёлкавы сцяг.

Як прызнаецца Міша, для яго гэта ўжо другі прайд у Варшаве, а сёлета ён паспеў патрапіць з вадалазам яшчэ і на марш у Вільні:

«У Вільні быў у гэтым годзе — не планаваў, але паехаў клеіць вадалазаў і патрапіў. А ўвогуле гэтага вадалаза з вясёлкавым сцягам маляваў яшчэ да прайда ў 2024-м годзе, але не здолеў туды патрапіць, бо захварэў», — распавёў мастак.

 

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Фота: Feko Roupert.

«У Мінску я б так ніколі не змог». Гісторыя Ільі

Яшчэ адной зоркай маршу стаў беларускі рэжысёр Ілья. Для яго гэта быў ужо чацвёрты прайд. Ілья не хавае: сам ён гетэрасексуал, але на парад апранаецца смела і выкарыстоўвае элементы кросдрэсінгу, бо вельмі любіць танцаваць і ўспрымае падзею як сапраўдны карнавал.

Аднак за яркім вобразам хаваецца і сур’ёзная грамадзянская пазіцыя:

«Калі хтосьці лічыць сябе адрынутым, то я ўпішуся за гэтага чалавека, за гэты рух, каб яны не адчувалі сябе такімі. Лічу, што гэта абсалютна не мая справа, хто там каго кахае. Няхай яны будуць вольнымі, і я з імі таксама заадно», — кажа Ілья.

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Ілья ў цэнтры. Фота: В.А.

Для рэжысёра наведванне варшаўскіх прайдаў першыя гады было яшчэ і своеасаблівай псіхалагічнай тэрапіяй пасля рэпрэсіўнага беларускага досведу:

«У Мінску я б так ніколі не змог — там нават у кілце часам саромеўся хадзіць, не тое што ў панчохах по цэнтры горада. Пасля ўсіх нашых мітынгаў апынуцца вось так, у асяроддзі добрых, мілых копаў — гэта дарагога каштуе. У мінулыя гады гэта была прама тэрапія, магчымасць не баяцца паліцыі і адчуваць сябе свабодна. Сёння я ўжо сябе так і адчуваю».

Ілья дадае, што падчас маршу нават паслаў паветраны пацалунак мясцовай паліцэйскай.

«Ёй хоць і нельга па статуце, але яна мне міла ўсміхнулася», падзяліўся ён.

Актывіст(-ка) P.: «Гэта працэс асветы і ўнутрынацыянальны дыялог»

Гісторыі Мішы і Ільі паказваюць, што людзі гатовыя прыходзіць на марш, каб шчыра падтрымаць квір-супольнасць. Пры гэтым для квір-суполнасці гэта не проста карнавал ці прастора для самавыяўлення, а тэрыторыя бяспекі і барацьбы за базавыя правы.

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Скрын з відэа М.І.

Беларускі(-ая) квір-актывіст(-ка), які(-ая) папрасіў(-ла) назваць сябе проста P. у мэтах бяспекі блізкіх у Беларусі, адзначае, што гэты самастойны выхад суайчыннікаў на прайд — важны паказчык развіцця супольнасці:

«Гэта працэс асветы і адукацыі, вельмі важны для беларусаў у масе. Трэба самаасэнсоўваць сябе як вялікую і вельмі розную супольнасць. Сярод гэтай вялізнай масы ёсць абсалютна стандартны адсотак квір-персон. Яны заўсёды былі, ёсць і будуць, і лепей бы ўсім прыняць і вітаць іх удзел у агульных справах — у пратэстах, выбарах, галасаваннях, бо ў асноўнай масе гэта адукаваныя і прыўкрасныя людзі, якія цудоўна разумеюць пагрозу парушэнняў правоў чалавека».

Па словах P., адсутнасць цэнтралізаванай беларускай калоны сёлета — гэта паказчык таго, што супольнасць стала больш устойлівай і перарасла ў гарызантальны актывізм, які складаней забараніць ці кантраляваць. Пры гэтым патрэба ў публічнай бачнасці моцна абвастрылася пасля мінулага года, калі ўнутры беларускай дыяспары пачаліся вострыя спрэчкі пра тое, ці маюць права квір-персоны выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку на сваіх акцыях. Для P. і аднадумцаў гэта стала сігналам, што сцяг трэба браць абавязкова:

«Мінулы год паставіў для мяне асабіста і для вялікай колькасці маіх сяброў пытанне: нам наадварот трэба быць яшчэ больш заўважнымі, бачнымі і ні ў якім разе не прапускаць такія акцыі», — кажа субяседнік (ца).

Сёлетні марш паказаў, што хоць ў лічбавай прасторы зноў узніклі ў дачыненні ўдзелу ў прайдзе беларускіх актывістаў каментары, але ў афлайне асаблівых праяваў варожасці не было.

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Фота: P.

Пры гэтым варта нагадаць пра агульны кантэкст для квір-супольнасці ў Беларусі, які апошнім часам значна пагоршыўся. Рэпрэсіўны ціск у краіне ўзмацніўся ў сувязі з прыняццем новага заканадаўства: у красавіку 2026 года ў Беларусі ўвялі адміністрацыйную адказнасць і буйныя штрафы за так званую «прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу і бездзятнасці». Гэтыя змены справакавалі новую хвалю небяспекі, і колькасць выпадкаў, калі людзей даводзіцца тэрмінова эвакуіраваць з краіны з-за допытаў і затрыманняў, рэзка павялічылася.

P. тлумачыць, што дакладнай статыстыкі сабраць немагчыма, але праблема бачная няўзброеным вокам:

«Лічбамі аперыраваць я, баюся, не змагу, таму што для статыстыкі неабходная арганізацыя ці орган, які будзе займацца зборам і прасоўваннем дадзеных, а мы сабе гэтага дазволіць не можам, на жаль. Але ў той жа час магу аперыраваць даволі дакладнымі дадзенымі аб тым, што такая колькасць выпадкаў [эвакуацыі] павялічылася. Гэта ўсё адбываецца для асноўнай дыяспары вельмі незаўважна, але для тых, хто ўнутры павесткі, гэта заўважана моцна, таму што гэта ўсё чыесьці сябры, каляжанкі, знаёмыя ці нават родныя людзі», — распавядаюць яны.

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Фота: P.

На гэтым фоне Польшча падаецца бяспечным месцам, хоць мясцовая прававая сістэма, на думку P., у кантэксце правоў ЛГБТК+ усе яшчэ застаецца на ўзроўні выжывання з мінімальным наборам правоў (напрыклад, з-за адсутнасці роўных шлюбаў ці складанасцяў з транзітам (зменай) полу, даступнасцю абортаў):

«Калі глядзець з нізкай беларускай планкі — усё даволі добра, бо дзяржава табе не пагражае за тое, што ты існуеш. Але на сацыяльна-грамадзянскім узроўні — гэта выжыванне з мінімальным наборам правоў. Лёгкай магчымасці заключыць шлюб на дадзены момант няма, і для 2026 года гэта відавочнае парушэнне базавых грамадзянскіх правоў», — адзначае P.

Тым не менш, гарызантальныя сувязі і падтрымка мясцовых калег дапамагаюць рухацца наперад.

«Мясцовыя, польскія актывісты і актывісткі дэманструюць вялікі ўзровень дасведчанасці ў нашых пытаннях і праблемах. І заўсёды праяўляюць вялізны клопат і імкненне сябраваць, камунікаваць, дапамагаць. Вось у гэтым акурат гарызантальным актывісткім сэнсе Варшава зараз — цудоўны горад,  каб адчуваць сябе, нарэшце, на сваім месцы, хоць, на жаль, і не на радзіме», — прызнаецца візаві.

Гаворачы пра тое, што на марш сёлета прыйшло шмат беларусаў і беларусак, якія нават не належаць да супольнасці ці пакуль не гатовыя гаварыць пра сябе адкрыта, актывіст(ка) падкрэслівае: менавіта ў гэтым і ёсць галоўная сутнасць і філасофія прайда:

«Так, безумоўна. Такіх людзей вельмі шмат: гэта цысгетэрасексуальныя пары, пары з дзецьмі — яны прыходзяць, таксама разам з намі святкуюць і змагаюцца. І зноў жа, тут вельмі важны момант прайда як з’явы: ніхто не будзе ў цябе запытвацца, хто ты, адкуль і што ты тут робіш. Калі ты хочаш прыйсці і прыняць у гэтым удзел — ты прыходзіш і прымаеш удзел. У гэтым і ёсць агульная база і ідэя самой падзеі.

Людзі могуць не распавядаць пра сябе адкрыта: што нехта прыйшоў, бо сам належыць да супольнасці, ці таму, што падабаецца класна апрануцца і зрабіць яскравы мейкап. Або таму, што чалавек пакуль яшчэ не можа зрабіць публічны камін-аўт, але хацеў бы і набіраецца рашучасці. Усе гэтыя варыянты абсалютна выбітныя, каштоўныя і важныя. Таму можна прыходзіць, знаёміцца, атрымліваць асалоду ад таго, што адбываецца, не баяцца і вучыцца быць бачнымі і гучнымі, убачанымі і пачутымі».

Свабода, стрыт-арт і гарызантальны пратэст: як беларусы паўдзельнічалі ў юбілейным Маршы роўнасці ў Варшаве
Фота: скрыншот з відэа М.І.

Пасля Маршу роўнасці ў супольнасці новыя планы: ужо 20 чэрвеня ў Варшаве пройдзе другі, выключна актывісцкі Антыкамуністычны прайд, а пасля — удзел у беларускім фестывалі «Тутака».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.