15 верасня спаўняецца роўна 162 гады з дня смерці паэта, краязнаўцы, гісторыка літаратуры, перакладчыка Уладзіслава Сыракомлі.
У Навагрудку будучы паэт і краязнаўца вучыўся ў дамініканскай школе, сцены якой яшчэ памяталі Адама Міцкевіча і Яна Чачота.
Жыхары Навагрудка і неабыякавыя беларусы звярнуліся да райвыканкама з прапановай усталяваць помнік Уладзіславу Сыракомлю ў Навагрудку. «У горадзе Навагрудку, дзе жыў і працаваў Уладзіслаў Сыракомля, на наш погляд, яго імя не ўшанавана належным чынам», — пішуць аўтары петыцыі.
Пра асобу Сыракомлі нагадвае толькі адна з вуліц горада. Паэт больш ушанаваны ў Літве і Нясвіжы. У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлю ў Старым парку Нясвіжа. У Нясвіжскім касцёле Божага Цела знаходзіцца мемарыяльная дошка, прысвечаная Сыракомлю.
Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя — Людвік Кандратовіч) пісаў на беларускай (да нас дайшоў толькі адзін верш) і польскай мовах лірычныя вершы і паэмы, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гісторыка-літаратурныя даследаванні і рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, агляды для газет і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні; перакладаў з французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай і ўкраінскай моў.
Петыцыю можна падтрымаць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram