Афіша галасавання.
13 верасня Гомель будзе адзначаць Дзень горада. З гэтай нагоды старшыня гарвыканкама Уладзімір Прывалаў прапанаваў жыхарам абласнога цэнтра прагаласаваць за артыста, якога запросяць выступіць на стадыёне «Цэнтральны» на ўрачыстым канцэрце.
У спісе Прывалава «самыя яркія прадстаўнікі залатой эпохі расійскай эстрады — ад Сяргея Скачкова і Андрэя Дзяржавіна да Наталлі Гулькінай і Віктара Салтыкова».
А таксама — Ігар Карнялюк, Аляксандр Дабрынін, Юрый Лаза, Міхаіл Мурамаў — выканаўцы расійскай эстрады, якія былі папулярнымі ў 1980-х — 1990-х гадах.
«Склалася ўражанне, што Прывалаў, вядомы як прыхільнік савецкай і перабудоўнай эстрады, паказаў свой асабісты плэйліст», — каментуе галасаванне «Флагшток».
Гомельскае выданне таксама нагадвае, што старшыня гарвыканкама для выбару фільмаў на вулічных кінапаказах прапаноўваў у апытаннях толькі старое савецкае кіно, сярод якога — «Тимур и его команда», «Гусарская баллада» і… ніводнай стужкі «Беларусьфільма».
Паводле незалежных маніторынгаў, беларускі музычны рынак амаль цалкам заняты расійскімі артыстамі. Альтэрнатывы слухачам не прапануецца, што і дэманструе дзейнасць старшыні гомельскага гарвыканкама.
Нагадаем, што Уладзімір Прывалаў нарадзіўся ў Расіі на Браншчыне. У канцы 2022 года заняў крэсла старшыні Гомельскага гарвыканкама, замяніўшы нараджэнца ўкраінскага Данбаса Пятра Кірычэнку. Ён праводзіць палітыку дэбюракратызацыі, вядзе ўласны тэлеграм-канал, дзе праз чат-бот жыхары горада могуць паспрабаваць вырашыць свае надзённыя праблемы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram