Сталі вядомыя дата і месца развітання з мастаком Алесем Родзіным

Развітанне з мастаком Алесем Родзіным пройдзе 21 снежня (серада) у Мінску, у рытуальнай залі №1 па вуліцы Альшэўскага, 12. Час — 14.00-14.45.

Нагадаем, што мастак-футурыст адышоў у іншы свет учора, 19 снежня, пасля доўгай хваробы. Яму было 75 гадоў.

Алесь Родзін быў адметнай, асобнай фігурай у беларускім мастацтве.

Ён меў вялікае прызнанне ў Берліне — больш за дзесяць гадоў быў рэзідэнтам вядомага цэнтра Тахелес. Людзі ішлі ў Тахелес, каб адмыслова пабачыць творы мастака. Алесь Родзін жыў у культурніцкім Цэнтры, нібыта на адкрытым месцы, перакрыжаванні — людскіх плыняў, культур, чэрпаючы сусветную энергію і выпрастоўваючы яе на свае палотны.

Пасля вяртання ў Беларусь мастак разам з паплечнікамі на працягу некалькіх гадоў рабіў фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах».

Алесь Родзін займаўся інсталяцыямі, фатаграфіяй, відэ­аар­там, пер­форман­сам. Ды ўсё ж у першую чаргу мастак вядомы сваімі маштабнымі жывапіснымі карцінамі. Аўтар вялізных панарам, сярод якіх — футуралагічны прагноз «ХХІ стагоддзе», «Апакаліпсіс», «Сіндром Адраджэння» і «Міфалагема тысячагоддзя» і іншых, у якіх уздымаў глабальныя праблемы існавання чалавецтва. Яго складаныя, шматзначныя палотны беларусы маглі бачыць на шматлікіх выставах — у ОК16, прасторы «Вверх», галерэі «Ў», Палацы мастацтва… Але, на жаль, нягледзячы на свае прызнанне і асобнае месца ў беларускім мастацтве, сталай галерэі мастаку так займець і не ўдалося.

Жывапіс Алеся Родзіна. Фота: facebook.com/profile.php?id=100007916899035.

Алесь Родзін быў сябрам арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана і актыўна прымаў удзел у руху вяртання імя беларускага патрыёта ў беларускую прастору і праз свае творы, і праз падзвіжніцкую дзейнасць. Некаторыя са сваіх выстаў за апошні час мастак ладзіў пад прозвішчам Родзім — ад слова «Радзіма».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.