Сталі вядомыя час і месца развітання з заслужаным артыстам Беларусі Рыгорам Шацько

Развітанне з сапраўдным коласаўцам, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Рыгорам Іванавічам Шацько адбудзецца 9 студзеня на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Пачатак грамадзянскай паніхіды – у 12:00, паведамілі ў сацсетках тэатра.

Артыст, вядучы майстар сцэны адышоў у іншы свет учора, 7 студзеня 2023 года.

Рыгор Шацько нарадзіўся 16 красавіка 1959 года ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт БДУ, але пасля службы ў арміі пайшоў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля яго заканчэння з 1984 года працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. З 1997 па 2012 — быў на пасадзе дырэктара тэатра.

У даробку артыста — больш за трыццаць роляў. Сярод апошніх — Камісар у спектаклі «Шагал… Шагал…» па п’есе У. Драздова, Крот у «Прыгодах Дзюймовачкі» паводле П. Ісайкіна, Актаўё ў «Дурнічцы» паводле Лопэ дэ Вегі, прафесар Райсэр у «Доктары філасофіі» паводле Б. Нушыча, Дзед у «Бальніцы на краі свету» паводле Х. Бойчава, Другі пан паводле «Несцеркі» В. Вольскага, ды іншыя. Рыгор Шацько быў адзначаны ў 2002 годзе Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» — за міжнародную культурную дзейнасць.

Пахаваны Рыгор Іванавіч будзе 10 студзеня, на радзіме, у аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.