Арт-бук беларускай фатографкі ўзяў бронзу на European Design Awards 2026

Фотакніга «Rattus Sapiens» («Пацук разумны») беларускай візуальнай мастачкі Марыі Карнеенка атрымала прэстыжную бронзавую ўзнагароду на еўрапейскім конкурсе графічнага дызайну European Design Awards 2026. Арт-бук, апублікаваны беларускім незалежным выдавецтвам «ТАМАКА», адзначылі ў катэгорыі «Макет мастацкага каталога» (Artistic Catalogue Layout).

Над дызайнам гэтага вытанчанага арт-выдання працавала польская дызайнерка Аня Налецкая-Мілах (Ania Nałęcka-Milach). Творца цёпла падзякавала журы EDA і ўсёй камандзе за магчымасць «нырнуць у маё добра арганізаванае вар’яцтва» пры стварэнні макета. Асобная падзяка прагучала ў адрас друкарні Poligrafus, якая здолела ўвасобіць складаныя тэхнічныя рашэнні ў жыццё.

Марыя Карнеенка.
Аня Налецкая-Мілах.

Постантрапацэнтрычны погляд і пацучыная цывілізацыя

«Rattus Sapiens» — гэта праект Марыі Карнеенка родам з Гомелю (цяпер жыве ў Варшаве і развівае Беларускую фатаграфічную пляцоўку FSh1), над якім мастачка працавала шмат гадоў. Кніга прапануе нечаканы падыход да чалавечай цывілізацыі з постантрапацэнтрычнага пункту погляду: што калі не чалавек з’яўляецца цэнтрам сусвету?

Зусім побач з намі існавала і развівалася асобная разумная цывілізацыя пацукоў, пра якую чалавецтва ведае мала, а тое, што ведае — складаецца са страхаў і стэрэатыпаў.

«Кніга запрашае нас глыбока зазірнуць ў пацучыную нару і хаця б часова адмовіцца ад пазіцыі віду, які „перамог“ у эвалюцыйнай барацьбе. У ёй ёсць элементы гульні, мок’юментары, не заўсёды рэальных, але магчымых гісторый», — адзначаецца ў анатацыі да «Rattus Sapiens».

Фота: выдавецтва «ТАМАКА».
Фота: выдавецтва «ТАМАКА».

Эфект «мок’юментары» ўзмацняеццам тэкстамі, якія напісала вядомая беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская (Нью-Ёрк). У адным з тэкстаў разважанні вядуцца ўжо з пункту гледжання саміх пацукоў, якія ставяць пад сумнеў, ці сапраўды чалавецтва наогул існавала, ці гэта толькі міт.

Што захапіла журы?

Як адзначаюць арганізатары конкурсу, «Rattus Sapiens» — гэта шматслойная ці, дакладней, «шматтунэльная» кніга. Яе візуальнае апавяданне пабудавана як закальцаваная казка, якая рухаецца па крузе: яна пачынаецца і заканчваецца адной і той жа парай выяў.

Калі гартаць кнігу звычайным чынам (наперад), гісторыя пачынаецца з таго, як людзі паважаюць і баяцца прыроды, а пасля пераходзіць да прыручэння, дуалізму і адчужэння. Але калі чытаць кнігу з канца да пачатку, то сюжэт ператвараецца ў вяртанне, спуск, пераадкрыццё міфа і ўз’яднанне. Гэта гісторыя, якая аднолькава належыць і пацукам, і людзям.

Фота: выдавецтва «ТАМАКА».

Фізічная форма выдання літаральна працятая і пракапаная тунэлямі. Класічны лінейны рытм гартання парушаецца «старонкамі-кішэнямі», якія разгаліноўваюць сюжэт. Тонкія малюнкі пацучыных нор выкананы на напаўпразрыстых складзеных аркушах, якія ўразаюцца ў структуру кнігі.

Хаттыка (тактыльныя адчуванні) стала часткай аповеду. Воўнавая папера вокладкі мякка колецца пад пальцамі, нагадваючы футра пацука. Асноўныя старонкі надрукаваныя на 100% перапрацаванай паперы цёплага натуральнага адцення з дробнымі плямкамі, што надае ёй злёгку «вусаты» выгляд. Пры гэтым сама кніга мае невялікі, выцягнуты фармат — яе ідэальна трымаць блізка да сябе, — даецца падрабязнае апісанне адметнасцей кнігі на сайце прэміі.

Фота: выдавецтва «ТАМАКА».

Адзначым, што «Rattus Sapiens» — гэта другая кніга незалежнага беларускага выдавецтва ТАМAKA Publishing, якое ўзяло на сябе складаную місію па стварэнні якасных арт-выданняў, і «бронза» на European Design Awards 2026 —  ужо не першы яго міжнародны поспех. Першая каталог выдавецтва — фотаальбом беларускай мастачкі Машы Святагор «Everybody Dance!» (над дызайнам якога працаваў Аляксей Мурашка) — быў прызнаны адной з 10 найлепшых новых фотакніг свету па версіі часопіса British Journal of Photography.

European Design Awards (EDA) — адзін з самых прэстыжных конкурсаў у галіне графічнага дызайну і кніжнага афармлення ў Еўропе, заснаваны ў 2007 годзе. Унікальнасць прэміі ў тым, што яе стваральнікамі і журы з’яўляюцца не прыватныя кампаніі, а найбуйнейшыя еўрапейскія прафесійныя часопісы пра дызайн (сярод іх — 2+3D (Польшча), +design (Грэцыя), Novum (Нямеччына) і іншыя). Гэта гарантуе незалежнасць і прафесійнасць ацэнкі.

У конкурсу няма сталай сталіцы, штогод цырымонія ўзнагароджання змяняе лакацыю, падсвечваючы розныя дызайнерскія школы. У 2026 годзе юбілейную 20-ю цырымонію ўзнагароджання прымала Сафія (Балгарыя) — фінальнае гала-шоу прайшло 13 чэрвеня ў Нацыянальным палацы культуры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!