Беларуская пісьменніца і паэтка Ганна Янкута стала лаўрэаткай прэміі Алеся Адамовіча — першага снежня падчас цырымоніі ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova ў Познані старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай агучыла імя другой пераможцы конкурсу. Узнагароду, якая ўручаецца за найлепшы публіцыстычны твор, Ганна Янкута атрымала за кнігу «Час пустазелля».
Журы пракаментавала свой выбар наступнай матывацыяй:
«За эмацыйнае і інтэлектуальнае пражыванне вопыту міграцыі, у якое ўплеценыя салідарнасць з Украінай і рэфлексія беларускай культуры ды ідэнтычнасці».
Нагадаем, што сёлета лаўрэаткамі прэміі сталі дзве асобы. У межах берлінскай эдыцыі Pradmova з фармуліроўкай «за перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты» прэміяй імя Алеся Адамовіча была ўганаравана аўтарка кнігі «Я танцую» Віка Біран.
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭНам і масмедыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча.
Мэты прэміі: ушанаваць памяць Алеся Адамовіча; адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.
Лаўрэатамі прэміі ў мінулым годзе сталі: Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу», за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу; Максім Знак з кнігай «Зэкамерон», за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах.
Даведацца пра прэмію больш можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram