Абвясцілі імя адной з пераможцаў прэміі імя Алеся Адамовіча

Сёлета лаўрэаткамі Прэміі імя Алеся Адамовіча, якой адзначаюцца аўтары найлепшых публіцыстычных твораў, сталі дзве асобы.

У сувязі з тым, што беларусы раскіданыя па свеце, падчас берлінскай часткі фестывалю Pradmova, было названа імя толькі адной пераможцы — Вікі Біран. Імя другой лаўрэаткі стане вядомае пазней — падчас наступнага, познаньскага фестывалю, піша Беларускі ПЭН.

Віншавала пераможцу Святлана Алексіевіч, якая агучыла фармулёўку журы:
«За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі «Я танцую» Віка Біран».

Віка Біран нарадзілася ў 1990 годзе ў Пінску і да апошняга часу жыла ў Беларусі. Перажытае за апошнія некалькі гадоў яна выявіла ў аўтабіяграфічным дэбютным рамане «Я танцую». Кніга напісаная на беларускай мове і расказвае пра памежныя сітуацыі, пра ЛГБТК+ супольнасць і пра Беларусь пасля 2020 года.

Прэмія імя Алеся Адамовіча, мэта якой – ушанаванне памяці выбітнага беларуса і вызначэнне найлепшага публіцыстычнага твора года, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя якраз праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.

З 2018 года прэмія падтрымліваецца нашай набеліяткай Святланай Алексіевіч.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!