Кульмінацыяй першага дня ХІ Фестывалю Незалежнай Беларускай Культуры ва Уроцлаве стане паказ пастаноўкі тэатральнага бюро BY teatr — «Аўгуст» пра пратэсты 2020 года. На спектаклі мусіць прысутнічаць Святлана Ціханоўская, якая сёння ж, 1 кастрычніка, на адмысловай акцыі ў студэнцкай культурнай зоне Уроцлаўскага ўніверсітэта навукі і тэхнікі адкрывае вялікі форум культуры.
Фестываль ладзіцца з 1 па 8 кастрычніка пад слоганам «Разам – лепей». У яго праграме – майстар-класы, выступы беларускіх аматарскіх тэатраў, шпацыры з экскурсаводамі, паэтычныя вечары, канцэрты, выставы, паказы фільмаў, дэбаты і акцыі салідарнасці.
«Аўгуст» беларускай тэатральнай кампаніі BY teatr, які сёння будзе паказаны ў Цэнтры перфарматыўных мастацтваў Piekarnia, адна са знакавых пастановак беларускага незалежнага тэатра. У ім на прыкладзе звычайнай беларускай сям’і разглядаюцца падзеі пратэстаў 2020 года ў Беларусі і даследуецца калектыўная траўма беларускага грамадства, якую неабходна ўсвядоміць і прапрацаваць, каб унутрана перажыць гэты бясконцы жнівень (так і не скончаны дагэтуль для многіх людзей, якія засталіся ў краіне) і рухацца наперад па шляху перамен. Драматургічны стрыжань тэксту, адзначаецца ў анатацыі, гэта адносіны паміж грамадзянінам і дэспатычнай дзяржавай, сацыяльныя канфлікты, асабістыя выбары тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах супраць дыктатуры, і наступствах гэтага выбару з перспектывы 2023 года.
BY teatr – гэта тэатральнае бюро ў Варшаве, якое аб’ядноўвае драматургаў, рэжысёраў, актораў, мастакоў і іншых людзей тэатра, якія былі змушаны пакінуць Беларусь. Праекты BY teatr ствараюцца ў капрадукцыі з польскімі партнёрамі ў іх прасторах – такая форма ўзаемадзеяння адпавядае прынцыпу мультыкультуралізму, закладзенаму ў канцэпцыі праекта.
Больш падрабязна пра праграму незалежнага фэсту беларускай культуры, які будзе доўжыцца восем дзён, можна дазнацца тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: