«Сматры, малыш, я не *андон»: гурт «Разбітае сэрца пацана» выпусціў новы альбом, у якім «вярнуўся да старога»

Самы разняволены і вясёлы рок-поп-гурт беларускай індзі-сцэны «Разбітае сэрца пацана» выдаў новы альбом, у якім «узяўся за старое» — гітарныя песні без замарочак і «чыстыя пачуцці». Назва новай плыткі адпаведная — «Бо кругом свінарнік, а ты прэўкрасней ўсех».

Любоў, АМАП і ўспаміны — калі жыццё не цукар (прычым ужо шмат гадоў) наш адвязны квартэт у складзе Павел Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка, Эндру Восіпчык і Аляксандр Кавалёў — прапануюць ставіць на «краснае». Хтосьці можа пажартаваць, маўляў, віно, але ж не, шаноўнае спадарства, гаворка значна шырэй — на ўсё харошае, што яшчэ ў нас і нашым жыцці засталося. Пераўтвараць праз гумар і ігру траўмуючы і не толькі досвед у творчасць — у сумесныя спевы «на трасянцы» і танцы. Так можна апісаць філасофію гурта, і новага альбома, у прыватнасці.

Вокладка альбома.

Нагадаем, што ў папярэдніх плытах музыкі эксперыментавалі з гучаннем — у тым жа «Разве тут» яны дадалі электронікі, прэпаравалі шансон у «Шанс/OFF», а вось у «…А ў ты прэўкрасней ўсех» вярнуліся да «сырога» канцэртнага гуку і зноў-такі чыстай рамантыкі — калі нават амапавец здольны закахацца ў змагарку. Альбом пачынаецца з хіта «Алеся», дзе галоўны герой — прадстаўнік сілавых структур — акурат дамагаецца «неверагоднай» Алесі.

Далей працягваецца жорсткім баевіком «Маладзечна», драмай растання «Мілавіца» («А я хацеў, каб было так, як «Камунарка» і «Спартак»), эмігранцкай «Бедронкай» з цікаўнай лініяй басу, і заканчваецца, можна сказаць, даволі жыццесцвярджальнай «Заначкай» пра перавагі «кубышкі» — то-бок, эканамічнай незалежнасці.

РСП зноў і зноў кажуць пра складанае проста, смяюцца скрозь слёзы і дораць энергію той самай школьнай дыскатэкі, калі цябе ўпершыню пацалаваў той самы хлопец ці дзяўчынка. Новае выказванне прапануе не адкідаць «старыя добрыя пачуцці», а вярнуцца да іх як да жыватворнай крыніцы. Але калі выбіраць з апошніх альбомаў гурта, то «…А ты прэўкрасней ўсех» ўсё ж не ўдалося пабіць знакавы і выпакутаваны «Ашчушчэнія».

Але гэта, як гаворыцца, суб’ектыўнае меркаванне.

Слухаць новы альбом РСП можа на «ўсіх музычных пляцоўках», а таксама падчас будучага канцэртнага тура, які стартуе 16 красавіка з канцэрта ў Познані.

Набыць квіткі на канцэрты гурта можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!