У арт-прасторы Desván Blanco ў горадзе Санта Крус на іспанскім востраве Тэнерыфе адкрылася выстава двух мастакоў — іспанца Рамана Эрнандэса і беларуса Дзяніса Сіняўскага. Праект «La inspiración profunda» (глыбокі ўздых / натхненне) — інтэрактыўны. Сем скульптурных галоў з керамаграніту, паказаных на выставе, аўтары змяшчалі ў разнастайныя ландшафты. Прадстаўленае ў экспазіцыі — толькі невялікая частка больш буйнога праекта.

Выстава прысвечана памяці Дзяніса, які памёр у сваёй майстэрні ў кастрычніку 2022 года. «У гонар яго глыбокай любові да акіяну прах быў развеяны ў моры, назаўжды звязаўшы мастака з водамі, якімі ён даражыў», — паведамляе анатацыя выставы. Вернісаж адбыўся 11 студзеня ў дзень пяцідзесяцігоддзя Дзяніса Сіняўскага.
Створаныя мастакамі скульптурныя галовы з’яўляюцца вынікам вывучэння марфалогіі чалавека, яны паказваюць, што адбываецца, калі мы заплюшчваем вочы ці хмурымся, як моршчыцца скура, якія мышцы актывуюцца. Аўтары спрабавалі паказаць пакуты духу, бо гэтыя скульптуры ўвасабляюць ананімных жанчын і мужчын, мігрантаў, зніклых без вестак у моры падчас іх падарожжа з Афрыкі ў Еўропу і, у прыватнасці, на Канарскія астравы, дзе цяпер і праходзіць выстава.

Паходжанне скульптурнага партрэта, — тлумачыць скульптар Раман Эрнандэс, — звязана са старажытнымі пахавальнымі абрадамі, з адліўкай пахавальных масак з воску на тварах памерлых… Гэтыя творы нясуць на сабе водгалас гэтай гісторыі, але мастакі гэтую традыцыю працягнулі і сабралі на паверхні сваіх скульптур іншыя сляды — уздзеянні разнастайных ландшафтаў.
Аўтары размяшчалі скульптуры ў розных месцах прыроды і ў розных умовах, усталёўвалі іх у гарах, палях, лясах, на берагах рэк і на дне акіянаў. А пасля назіралі, як змяняліся іх характарыстыкі, як фізічныя, так і метафізічныя.

З аднаго боку, вынік натуральных эразійных працэсаў пакідае сляды на гэтых скульптурах, вылепленых з гліны, а затым адлітых з керамаграніту: формы галоў павольна трансфармуюцца, як на скалах або ці валунах на іх нарастаюць лішайнікі, пад удзеяннем акіянскай вады ці сонечнага святла змяняецца колер, а з іншага — гэтыя скульптуры ўбіраюць у сябе энергію моцных месцаў на нашай планеце.
Гэтыя скульптуры атрымліваюць тыя ж змены і разбурэнні, якія мог бы атрымліваць чалавек з моманту нараджэння.
Улічваючы экстрэмальны фармат экспанавання, са скульптурамі здараюцца розныя гісторыі. Аднойчы выпадковы плывец знайшоў іх пад вадой на глыбіні пяці-шасці метраў. Знаходка, пра якую той паведаміў уладам вострава, стала сенсацыяй, інфармацыя разышлася ў прэсе, на тэлебачанні і праз сацыяльныя сеткі. Творы трапілі пад ахову камісіі па гістарычнай спадчыне, хоць запрошаны спецыяліст і зрабіў выснову, што скульптуры хутчэй за ўсё належаць сучаснаму аўтару. Раман Эрнандэс, убачыўшы публікацыі ў прэсе, вярнуў гэтыя чатыры галавы ў сваю студыю.

Планавалася прывезці скульптурныя галовы ў Беларусь, каб змясціць іх у неспрыяльныя умовы — ваду, снег і мінусавыя тэмпературы, а потым выставіць увесь праект у Цэнтры сучасных мастацтваў. Але ідэя не рэалізавалася — з-за палітычных падзей у Беларусі і нечаканай смерці Дзяніса.

У тлумачэнні канцэпту Дзяніс Сіняўскі пісаў: «Я глыбока перакананы, што любы матэрыяльны аб’ект, які знаходзіцца ў канкрэтнай кропцы зямнога шара, убірае ў сябе энергіі таго месца, у якім знаходзіцца. Гэта энергіі зямлі, вады, паветра, уплыву сонца і касмічных працэсаў і таксама энергіі людзей, якія знаходзяцца і ўзаемадзейнічаюць у непасрэднай блізкасці да гэтага аб’екта.
Адпаведна, кожная тэрыторыя атрымлівае розныя колькасці ўздзеянняў гэтых энергій. Працэс адкрыцця і пазнання, жаданне пайсці ці паехаць на пэўны час у іншае асяроддзе (магчыма, гэта будзе суседняя вуліца, іншы горад ці іншая краіна) прынята называць жаданнем змяніць абстаноўку, здзейсніць перазарадку.
Для мяне ў гэтым працэсе перазарадкі прысутнічае ў першую чаргу магчымасць атрымання інфармацыі, энергіі з любых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў іншай прасторы. І гэта адбываецца, акрамя насычэння візуальным, гукавым або іншым фізічным уздзеяннем.
Асяроддзе, такім чынам, дапамагае адкрыць і развіць здольнасць больш якасна і поўна ўспрымаць фізічны кантэнт. І гэта магчымасць убачыць і вывучыць значна больш таго, што здольны разгледзець вочы назіральніка. Таксама гэта дазваляе ўбачыць па-іншаму тое месца, адкуль ты прыйшоў. Гэта погляд звонку, ён больш шырокі і дазваляе ўбачыць і зразумець тое, чаго ўнутры сваёй тэрыторыі не відаць і не ўспрымаецца».
Апісваючы канцэпт, Дзяніс апасродкавана апісаў і свой жыццёвы шлях.
У апошнія гады жыцця ён узяў псеўданім Blueman, у чым праявілася яго закаханасць у мора. Дзяніс нарадзіўся ў Мінску ў 1975 годзе, захапіўшыся архітэктурай і дызайнам, паступіў у Беларускую акадэмію мастацтваў, а ў 1999 годзе працягнуў навучанне ў 3D-мастацкай школе Microsoft.
У 2005 годзе ён распачаў экалагічныя даследаванні асяроддзя пражывання чалавека і водных аб’ектаў, падкрэсліўшы, што вада з’яўляецца краевугольным каменем жыцця. Любоў да мастацтва перапляталася з любоўю да мора, і гэта прывяло яго да атрымання сертыфіката дайвінгіста, ліцэнзіі капітана паруснага спорту ў Беларусі і далейшай адукацыі ў школе RYA ў Вялікабрытаніі. З 2010 года ён вандраваў па Чорным, Міжземным морах і Атлантычным акіяне. Пасяліўшыся з 2015 года на іспанскім востраве Тэнерыфе на Канарах, ён эксперыментаваў з інавацыйнымі тэхнікамі, выкарыстоўваючы ў сваіх жывапісных працах марскую ваду, прыродныя глебы і вулканічны пясок.

Дзяніс Сіняўскі знаёмы беларускаму гледачу сваімі жывапіснымі творамі, выкананымі ў незвычайнай тэхніцы з выкарыстаннем вулканічнага пяску. У 2020-м у Мінску прайшло адразу дзве яго персанальныя выставы: «Глыбіня» у A&V галерэі і «Убачанае ў глыбіні» ў Музеі Азгура.

Жывапіс, паказаны на гэтых выставах, стаўся вынікам назіранняў за рознымі слаямі воднай прасторы. «Знаходзячыся на паверхні, у адкрытым моры, я заўважыў, што, калі на працягу доўгага часу глядзець у глыбіню, расслабіцца і наладзіць свой арганізм на прыняцце, можна ўбачыць у розных пластах воднай прасторы усплывальныя малюнкі і формы. Часам гэтыя карціны абстрактныя, часам вельмі рэалістычныя, але як правіла гэта змешванне малюнкаў, дзе можна прачытаць графічны падтэкст. Думаю, з’яўленне выявы напрамкі залежыць ад таго, хто глядзіць, ад яго запыту, гэта звязана з яго асабістым вопытам, а таксама з яго перажываннямі ў дадзены момант», — пісаў тады мастак у апісанні сваіх жывапісных работ.
Карціны Дзяніса Сіняўскага з вулканічным пяском былі паказаны і ў арт-прасторы Desván Blanco на іспанскім востраве. Сіне-вохрысты жывапіс на сценах адцяняў загадкавыя скульптуры, у фармаванні якіх таксама паўдзельнічалі прыродныя стыхіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.