Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане распачала алічбоўку ўнікальнага альбома — гэта збор фатаграфій з этнаграфічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага з 1928 года.
У альбоме — каля 270 здымкаў матэрыяльнай культуры, якая збольшага не захавалася да нашага часу – драўляная архітэктура, прадметы побыту, народныя строі, ткацтва, разьба па дрэве і гэтак далей, даецца апісанне артэфакту ў сацсетках бібліятэкі.
Альбом «адкрыў» свету прафесар Адам Мальдзіс у 1980-я. Навукоўца і літаратуразнаўца прыехаў у Лондан папрацаваць у вядомай незалежнай установе. Пасля спадар Мальдзіс зрабіў мікрафільм з здымкамі з альбома і прывёз яго ў Мінск. Зараз мікрафільм знаходзіцца ў цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук.
Але на днях змест альбома з экспедыцыі Ластоўскага быў адзняты супрацоўнікамі Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане.
«Хутка можна будзе пабачыць здымкі і пагартаць альбом і без брытанскай візы», — анансуе свой скарб Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны.
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны — бібліятэка і грамадска-культурны асяродак у Лондане, які ў 1979 годзе атрымаў статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з’яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў». Установа адчынена для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай, незалежна ад нацыянальнасці. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Фонды бібліятэкі налічваюць 40 тысяч тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram