Музей Вольнай Беларусі запрашае на кінапрагляд фільма «Галасы» (2022), які адбудзецца 30 жніўня ў 21:30 у рамках фестывалю «Пад супольным небам».
Фільм «Галасы» планаваўся да паказу 2 жніўня, але быў перанесены на сённяшні дзень. Карэктыроўкі ў праграме фестывалю былі зроблены пасля смерці Алеся Пушкіна ў беларускай турме 11 ліпеня 2023 года.
Разам з партнёрам — Музеем вольнай Беларусі — Centrum Myśli Jana Pawła II вырашыў дадаць у праграму кінапаказу фільм «Беларускі вальс » польскага рэжысёра Анджэя Фідыка пра Алеся Пушкіна.
«Галасы» – гэта дакументальны фільм, прысвечаны «Вольнаму хору». Працягласць 50 хвілін, рэжысёр DocWave (Беларусь, Польшча).
У жніўні 2020 года людзі сабраліся на ступеньках Беларускай дзяржаўнай філармоніі, каб выразіць пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Трымаючы ў руках плакаты з надпісам «Наш голас скралі», яны стаялі разам і дружна выступалі супраць гвалту. Хаця ўлады разагналі гэтую спантанную акцыю, музыкі пачалі з’яўляцца на маршах пратэсту ў гандлёвых цэнтрах і метро, кожны раз натхняючы людзей песнямі пра гонар, адвагу, лёс і веру беларусаў. Так нарадзіўся адзін з сімвалаў беларускага руху супраціву – «Вольны хор».
Гісторыю нараджэння і дзейнасці «Вольнага хору» распавядзе сям’я Сердзюковых – музыкаў і працаўнікоў Філармоніі. Маладая сямейная пара не цікавілася палітыкай, але, назіраючы ўласнымі вачыма жудасную брутальнасць рэжыму ў адносінах да мірна пратэстуючых суайчыннікаў, яны не маглі застацца абыякавымі. Пара стала адным з ініцыятараў творчага супраціву. Пасля чарговай акцыі віяланчэліста Аляксандра Сердзюкова затрымалі на працы, яму прысудзілі 15 сутак зняволення. Пасля выхаду на свабоду ён вырашыў завяршыць актыўныя дзеянні і сканцэнтравацца на сям’і і развіваць сваё хобі.
Нагадаем, што паказ фільма «Галасы» адбываецца ў рамках II Летняга агляду фільмаў «Пад супольным небам», які пачаўся 12 ліпеня i завершыцца 6 верасня.
Праект ладзіцца Centrum Myśli Jana Pawła II ва ўнутраным дворыку – Мастацкай Камянiцы – на Foksal, 11 кожную сераду з 20:00.
На паказах пад адкрытым небам запланаваны паказ 15 найбольш цікавых фільмаў апошніх гадоў з Украіны, Беларусі, Грузіі і Індыі – мастацкіх і дакументальных, доўга- і кароткаметражных, якія ствараюць сучасную сацыяльна-культурную карціну краін, з якіх прыехалі варшаўскія эмігранты.
Уваход вольны.
Дата: 30 жніўня
Час: 21.30
Месца: Dziedziniec Kamienicy Artystycznej przy ul. Foksal, 11, Варшава.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: