«Сёння ва ўсім свеце ідзе праца над іміджам беларусаў»: Валерыя Дэле — пра берлінскую ініцыяцыю, персанальнае абуджэнне і ўрокі 2020-га

Валерыя Дэле — беларуская соул і джазавая спявачка, якая вучыцца і жыве ў Берліне. У снежні музыка, якая выступае пад нікам KOOB, выдала відэаальбом Sadder Days, які быў натхнёны кнігай «Walk Though Walls» слыннай сербскай мастачкі Марыны Абрамавіч.

Як спалучыць перформанс, свабодную імправізацыю і беларускую этніку? У якім горадзе «замешваюцца» самыя нечаканыя творчыя калабарацыі? У чым магія беларускай мовы? Хто былі насамрэч піянеры беларускага соулу? Як можа дапамагчы музыка, калі душа крычыць ад болю? Reform.by сустрэўся з экс-салісткай беларускай cоул-групы Dee Tree, музыкай і аўтаркай Валерыяй Дэле (KOOB), каб высветліць, што з беларусамі адбылося падчас і пасля 2020 года, і чаму мы сёння ўжо зусім не тыя, што былі раней.

Фота: Ганна Шот.

«Заўжды адчувала, што хачу трапіць у ядро, у метакультуру»

Валерыя, выбачайце за трывіяльнае пытанне, але Дэле — гэта ваша прозвішча ці псеўданім?

— Самае што ні на ёсць сапраўднае прозвішча. Мой бацька — эфіоп, а маці — беларуска. Прозвішча ад бацькі. А вось KOOB — акурат мой псеўданім.

Адчуваецца, што ў вашай творчасці (ды і асобе) намешана шмат культур, што, на мой погляд, з’яўляецца вялікай перавагай. Але мне цікава, якую ідэнтычнасць вы для сябе абралі?

— Насамрэч у Эфіопіі я ніколі не была. Шмат культур ува мне можа быць і намешана, але не на генетычным узроўні (усміхаецца). Я заўжды ў сваёй творчасці адчувала, што хачу трапіць у ядро, у метакультуру. Бо ва ўсіх культурах людзі ў нейкім сэнсе гавораць пра адно і тое ж — усё прагнуць шчасця, дастатку, кахання. Я заўжды адчувала сябе чалавекам свету. А пасля падзей 2020 года ў Беларусі да гэтага адчування далучылася пачуццё прыналежнасці да беларускай культуры, нацыі. Таму сёння я адказала б так — я носьбіт беларускай культуры.

Як увогуле ў вашым жыцці з’явіўся соул? Як ён вас выбраў?

— О, гэта было доўгае падарожжа (смяецца). Бо на пачатку, так бы мовіць, сталення, я, як кожны іншы беларус і беларуска ў нашай краіне, выхоўвалася на такой суперхардкорнай «папсе» 2000-х. У мяне няма такой гісторыі, што, маўляў, мае продкі меламаны і з дзяцінства ўключалі мне Білі Холідэй, — усё было інакш.

Мае музычнае «выхаванне», назавём гэта так, адбывалася даволі трывіяльна: я спажывала ўсё тое, што трапляла ў масы. Да гэтага далучылася розныя песенныя конкурсы, бо я ўмела спяваць і спявала, дзе толькі можна: на выканкамаўскіх канцэртах, прымеркаваных да розных свят, брала ўдзел у беларускім «X-фактары» — «Акадэміі талентаў», забыць тое немагчыма. Прычым увесь час мяне не пакідала адчуванне, што ўсё гэта абсалютна не маё.

Спачуваю. А што адбылося потым?

— Аднойчы патрапіла на джэм у галерэю «Ў» — і… сустрэла сваіх людзей. «Оh, my god! Нарэшце я знайшла людзей, музыку, якая мне падабаецца!», — памятаю сваю рэакцыю. І ўжо з таго моманту я пачала «капаць», даследаваць усіх бацькоў і матуляў жанру — Арэта Франклін ды іншыя. Пачала пісаць тэксты і ў выніку паехала вучыцца ў Берлінскі ўніверсітэт мастацтваў на джазавую спявачку.

Фота: Ганна Шот.

«Я б хацела стаць рэччу, якая перарывае тканіну свету»

— Дарэчы, акурат у гэтым месяцы мы маглі пабачыць і пачуць вашу новую работу, якую вы зрабілі ў Берліне. Гэта не проста альбом, а, падкрэслю, відэаальбом, натхнёны аўтабіяграфіяй Марыны Абрамавіч. Адзначу, што запіс трапіў у персанальны топ-10 лепшых альбомаў за 2022 год беларускага музычнага крытыка і пісьменніка Аляксандра Чарнухі. Выбачайце за фармуліроўку, Валерыя, але «як вы дайшлі да такога жыцця” — да альбома-перформанса?

— Вось дайшла (смяецца). Мушу прызнацца, што за час вучобы са мной адбыліся яшчэ тыя трансфармацыі. Па-першае, я зразумела, што не хачу пераважна іграць соул.

— Як так?!

— Пераважна не хачу, а не зусім… Не магу сказаць, што мяне «прыбіла» і да класічнага джазу. Я гэта ўсё спяваю, але выявіліся іншыя прасторы, якія сталі мне цікавыя. У прыватнасці, я адкрыла для сябе свет свабоднай імправізацыі. Калі ў звычайным матэрыяле спявак ці спявачка можа схавацца за аранжыроўку, то ў выпадку свабоднай імправізацыі гэта не працуе. Гэта напрамак патрабуе стапрацэнтнай уключанасці артыста. Калі не дадасі, то гэта стане заўважным, як кажуць, няўзброеным вокам. І мяне такі чэлендж прываблівае. У пэўным сэнсе гэта нават рызыкоўна, бо ты мусіш выкладацца напоўніцу.

Фота: Вераніка Маляўка.

А далей?

— А далей мае калегі далі мне пачытаць кнігу Марыны Абрамавіч «Walk Though Walls»…

І вы ўцягнуліся?

— Так (смяецца). Я зразумела, што хачу пайсці і па гэтым шляху. Дзякуючы аўтабіяграфіі Абрамавіч мне захацелася заглыбіцца ў свет сучаснага мастацтва — незразумелы і прыгожы, той свет, які задае сам сабе пытанні. Мне захацелася рабіць больш складаныя рэчы. Нібы дзесьці ёсць тканіна свету, і ў нейкім месцы яна прарываецца… Дык вось — я хачу быць той рэччу, якая прарывае гэту тканіну.

— Сказана вельмі класна. І вы вырашылі паспытаць перформанс, так?

— Так. Мне захацелася не рухацца па інерцыі, а спалучыць музыку і перформанс – зрабіць відэаальбом. Хачу падкрэсліць, што відэа – такі ж паўнавартасны складнік твора, як і аўдыя. Я запрасіла да ўзаемадзеяння, перформансу мастакоў, танцораў з самых розных краін і паспрабавала даследаваць межы сваёй вытрымкі — і цялеснай, і псіхалагічнай. У здымках удзельнічалі перформеры з Аўстраліі, Германіі, Украіны, Грэцыі… Гэта быў незабыўны момант, як нараджаўся гэты альбом. І ў музыцы ўсё склалался: Sadder Days атрымаўся сплавам авангарду, электроннай музыкі і этнікі.

Для мяне ў альбоме і стала цікава, у тым ліку, тое, што нягледзячы на сумежную практыку — спалучэнне сучаснага мастацтва, перформансу, электроннай музыкі, вы дадаеце ў альбом і беларускую тэму — беларускія этнічныя матывы. Гэта лінія для вас істотная?

— Так. Беларуская тэма прыходзіць да мяне ўжо сама сабой. Не магу тэксты пісаць на рускай мове — не ведаю чаму, мне яны не падабаюцца. А беларуская мова… Яна для мяне магічная. Яна нібыта падключае іншае вымярэнне, робіць усё рытуальным, святочным. Мова з’яўляецца ў маёй галаве, і я чапляюся за яе, і іду далей і далей.

Прычым гэта беларуская прысутнасць датычыцца не толькі альбома. Напрыклад, на тых жа музычных джэмах я спяваю на беларускай. Скажам, іграюць мараканцы, гучаць песні на іх мове, і потым я пачынаю выконваць беларускую песню. І гэта вельмі прыгожа, бо ўсё робяць нешта натуральнае, з глыбінь. Прызнацца, у Берліне, я цяпер адчуваю сябе больш беларускай, чым раней. І гэта звязана і з тым, што мае ўспрыманне абвастрае сам горад, падзеі 2020 года, якія моцна мяне змянілі. Пасля іх ужо немагчыма забыцца на тое, хто ты ёсць.

«Берлін вельмі хутка выяўляе тых, хто фальшывіць»

Валерыя, вы кажаце вельмі цікавыя рэчы. То-бок Берлін — гэта тое самае месца, дзе толькі і мог нарадзіцца ваш новы альбом? Вы самі перараджаецеся як творчая асоба?

— Напэўна. Бо тут са мной адбыліся і адбываюцца вельмі цікавыя рэчы. Гэты горад вельмі хутка прымушае шукаць сваю аўтэнтычнасць. Напрыклад, у Беларусі наш музычны праект Dee Tree, у якім я ўдзельнічала, называлі піянерамі беларускага «соулу». (Што няпраўда, піянерамі беларускага «соулу» ўсё ж былі «Песняры», на хвіліначку). Ды ўсё ж наш гурт быў адзін з вельмі-вельмі нешматлікіх. Як спявачка я адчувала сябе даволі ўпэўнена ў Мінску, бо гэта быў ужо ўзровень для нашых шыротаў.
Але прыязджаеш у Берлін, і разумееш, што ты тут адзін з многіх і многіх. Навокал цябе проста мільён спявачак «соул», прычым моцна ўлучаных у гэту культуру, мільён усяго самага разнастайнага. І становіцца зразумелым, што адзінае, што ты можаш зрабіць у гэтым асяродку, быць сабой. І тады ты задаеш сабе тое самае галоўнае пытанне: а хто я? Які пасыл нясу? І намагаешся на яго адказаць максімальна шчыра.

Бо Берлін вельмі хутка выяўляе тых, хто фальшывіць.

Фота прадастаўлена Валерыяй Дэле.

І хто вы, Валерыя?

— Па-першае, паўтаруся, што я тут моцна адчуваю сваю сувязь з Беларуссю, з беларускай культурай. Па-другое… Мне хацелася б адзначыць яшчэ адзін момант. У гэтай сітуацыі новага для сябе свету вось гэта нацыянальная тэма рухаецца наперад у першую чаргу праз тое, што ты — класны чэл. То-бок спачатку ты «класны чэл», а потым ужо беларуска ці беларус. Такім чынам фарміруецца карціна для тых, хто цябе атачае. І гэта таксама вялізная і істотная праца для ўсіх нас — тых, хто зараз з’ехаў з Беларусі па ўласнай волі, ці вымушаны быў з’ехаць праз небяспеку пераследу. Гледзячы на нашы ўчынкі, людзі дазнаюцца пра Беларусь. То-бок акурат сёння ва ўсім свеце, дзе ёсць беларусы, адбываецца праца на нашым іміджам, над яго стварэннем, замацаваннем. Да такіх высноў я прыходжу таксама.

«Заставаліся абуджанымі»

Валерыя, вы неаднаразова падкрэсліваеце ў сваіх адказах, што падзеі 2020 года моцна на вас паўплывалі. Вы былі ў Беларусі падчас іх, так?

— Так, была. І прызнаюся, што гэта быў самы жорсткі год у маім жыцці. За гэты год я ў найбольшай колькасці пагружалася на самае «дно» да адчаю і злосці, і — наадварот — узлятала да нябёсаў ад радасці. Я зведала страх, захапленне, салідарнасць, адчай, злосць ды нават нечаканую іронію, калі ўцякала ад міліцыі ўпершыню ў жыцці. Прызнацца, першы год пасля ад’езду я вельмі часта бачыла сны, у якіх я ўцякаю ад прадстаўнікоў органаў правапарадку (усміхаецца). З часам іх стала меней.

Таксама падзеі 2020 года вельмі моцна паўплывалі на маю палітычную актыўнасць. Да мяне прыйшло асэнсаванне, што калі ты нічога не будзеш рабіць, за цябе ўсё зробяць іншыя — прычым так, як ім гэта выгодна. Мне стала зразумелым, што калі ты будзеш маўчаць і выбярэш пасіўнасць, то будзеш уладкаваны ў чужую сістэму, якая можа табе вельмі не спадабацца, але будзе ўжо позна.

Фота: Ганна Шот.

Вы сталі выказвацца?

— Так. Напрыклад, у Берліне я падтрымліваю арганізацыю беларусаў RAZAM e.V., спяваю на канцэртах, якія яны ладзяць, дапамагаю ім.

Таксама ў сваім універсітэце, дзе вучуся, наважылася зрабіць палітычную акцыю — заклікала студэнтаў і выкладчыкаў адправіць калядныя паштоўкі палітвязням у Беларусь. Раздрукавала розныя матэрыялы з Politzek.me і прапанавала людзям напісаць некалькі словаў беларусам, якія знаходзяцца за кратамі.

Цікава, што большасць маіх калег не ведалі, што такое кірыліца, і проста капіравалі з Google Translate пераклад тэксту, што яны напісалі, і перапісвалі на паштоўкі літара за літарай. Памятаю, як хтосьці зрэагаваў на літару «Д» : «О, што гэта за атамны завод?»(смяецца). Цяпер у мяне «Д» дакладна асацыюецца з атамным заводам.

Валерыя, атрымліваецца, што мы з вамі зноў і зноў гаворым пра тую самую ідэнтычнасць — персанальную і калектыўную, якая зараз праходзіць пэўныя этапы трансфармацыі.

— Так, і гэта натуральна.

Мяркую, што тое, што сёння адбываецца са мной у Германіі, адбываецца са многімі беларусамі ў Літве, Польшчы, Латвіі, Амерыцы і гэтак далей. Мы зноў і зноў сябе адкрываем, змяняемся, пакутуем, спрачаемся, зноў змяняемся, расцём…

Ды таксама вяртаемся ў наша мінулае.

Я, да прыкладу, зараз часта думаю пра тое, у якой адукацыйнай парадыгме выхоўвалася. Ёсць з чым ужо параўноўваць пасля Берліна. Узнаўляю, як я вучылася ў нармальнай беларускай школе, як мы хадзілі з аднакласнікамі на парады, на розныя матчы… Чаму нас, па сутнасці, вучылі? Сядзі ціха, не праяўляй ініцыятывы, ды намагайся зразумець, што трэба сказаць, каб трапіць у плынь. Ніхто гэта прамым тэкстам, вядома, не казаў, але мы бачылі, як паводзяць сябе дарослыя — і ўсё было зразумела.

Фота: Вераніка Маляўка.

І тым больш зараз пачынаеш цаніць прыклад тых людзей, якія, нягледзячы на ціск сістэмы, умудраліся заставацца ў Беларусі свабоднымі ў позірках і дзеяннях. Заставаліся абуджанымі — выкарыстаю гэта слова, пакуль абуджанымі не стала большасць у тым жа 2020-м.

«Не чапай!»

Валерыя, наконт абуджанасці. Не магу не ўзнавіць у гэтым кантэксце вашу песню «Не чапай!», якую вы напісалі ў 2021 годзе, прысвяціўшы яе Раману Бандарэнку і іншым загінулым падчас пратэстаў. Вы казалі, што для вас гэта быў даволі нечаканы крок, але вы не здолелі маўчаць. Стварэнне гэтай песні можна назваць крокам абуджанасці?

— У пэўным сэнсе так, бо да гэтага часу, падчас усіх падзей у жніўні, верасні, кастрычніку, мая душа і вусны былі запячатаныя — я не магла пісаць. Але пасля смерці Рамана, пасля ўсіх тых малітваў людзей за яго — гэта было для мяне ўжо too much. Сталася зразумелым, што я ўжо губляю кантроль над сваімі эмоцыямі, яны мяне перапаўняюць, выпальваюць. І тады я села, і, нікога не чакаючы, за два дні напісала гэту песню.

І варта дадаць, што, сапраўды, у той час у мяне адбылося шмат унутраных інсайдаў. Я вельмі горача і балюча адчула ўсё тое, што адбывалася з беларусамі на працягу многіх стагоддзяў, не толькі апошніх падзей — колькі гора зазаналі людзі. Бяспраўе, ціск, гвалт… — усё гэтыя рэчы, пра якія спяваецца ў беларускіх песнях.

Я нават уявіла сабе сітуацыю, што нібыта жыву ў вёсцы і да маёй сям’і ў хату прыходзіць нейкі пан і ці яшчэ хтосьці і пачынае абражаць, крыўдзіць маіх блізкіх. І адказаць на гэта няма чым. Ён, гэты хтосьці, можа пабіць твайго мужа, бацьку, згвалціць сястру, а ты будзеш заставацца абсалютна бездапаможным, бо ў руках гэтага чалавека — улада. І ў такой сітуацыі бадай усё, што табе застаецца, — гэта сіла тваёй эмоцыі, зварот да нечага трансцэндэнтальнага, да вышэйшых сілаў. Па іх дапамогу.

І ў выпадку са смерцю Рамана Бандарэнкі я паставіла сябе на месца гэтых людзей і вырашыла звярнуцца ў песні да нечага вышэйшага. І таму яна гучыць у мяне у пэўным сэнсе як замова, праклён. «Не чапай маю маці, Калі не хочаш рукі страціць, Не чапай майго мужа, Цябе знойдуць узімку ў сцюжу, Не чапай майго брата, Ён ня ў чым не вінаваты, Не чапай майго сына, Каб ты змест яго загінуў», — такія там словы.

Валерыя, гэта вельмі моцна. Атрымліваецца, што беларусы могуць чэрпаць сілы ў сваіх эмоцыях — нават эмацыйнай памяці, я бы так сказала?

— Так. І верыць, што ёсць штосьці важнейшае, што тыя магутныя сілы не даруюць, і не забудуць. Магчыма, я кажу зараз наіўна, але для мяне як для творцы — гэта сродак як пераадолець боль і гора, што з намі ўсімі адбыліся.

Цікава, для вас музыка можа быць палітычным жэстам?

— Калі шчыра, то мне не падабаецца вострасацыяльнае мастацтва. Мне здаецца, што калі ты робіш музыку з больш сацыяльным напрамкам, яна становіцца больш абмежаванай. Можа, яна і працуе лепш, бо там ёсць пасыл, і ён такі больш энергічны, але мне даспадобы іншая музыка — якая не мае прывязкі да часу. Вядома, што музыка ўзнікае ў маёй галаве, і там ёсць палітыка, бясспрэчна. Але чамусьці, калі кажуць пра палітычную песню, у мяне адразу ўзнікае шчыльная асацыяцыя з савецкімі творамі. І я б не хацела ствараць ідэалагічна пафарбаваныя песні, нават калі і лічу, што мая ідэалогія правільная.

Фота:Леа Людвігс (Leo Ludwigs).

«Я хачу, каб ідэі прыходзілі»

Валерыя, нельга не адзначыць у вас такую якасць, як творчая незалежнасць. Вы не намагаецеся спадабацца.

— Дзякуй. Мне падаецца, што гэта самы здаровы падыход з пункту гледжання артыста.

Бо калі ты базуешся на тым, наколькі падабаешся, то патэнцыяльна гэта шлях да выгарання, да таго, каб аднойчы ад тваёй душы артыста застаўся толькі маленькі кавалачак. І прычым ты сам будзеш гэта рабіць, падстройваючыся пад атачэнне, крок за крокам набліжаючыся да сярэднеарыфметычнага артыста. Гэта не тое, што я хацела сабе пажадаць. Я хачу, каб ідэі прыходзілі, каб яны развіваліся, і таму мой падыход — рабі што хочаш і толькі потым, калі ўжо выносіш сваю творчасць да людзей, знаходзь словы, як гэта стасуецца са светам. Усё пасаванне мусіць адбываецца пасля таго, як ты ўсё зрабіў.

«Нічога не скончана»

Мы размаўляем з вамі амаль напрыканцы года. З якімі думкамі, надзеямі, вы ўступаеце у новы год? Пра што думаеце?

— Што нічога не скончана. Што нават калі здарыцца адзін з тых несуцяшальных прагнозаў у дачыненні да Беларусі, пра які ўсе гавораць, я ўсё роўна буду песціць ў сабе Беларусь.

А якія вашы прагнозы?

— Шчыра кажучы, Беларусь, якая ў Беларусі, цяпер нагадвае мне трухлявае дрэва, якое мусіць вось-вось абрынуцца. І гэта добра, бо раней яно б прастаяла больш даўгі тэрмін, а так яго канец ужо бачны. І прызнацца, я хачу, каб гэта дрэва абрынулася, бо на яго месцы мусіць вырасці штосьці новае, і мы мусіць быць да гэтага гатовыя.

Фота: Максім Шумілін.

На вашу думку, тое, што цяпер адбываецца і адбывалася ў 2020 годзе, дапамагло беларусам усвядоміць іх месца ў глабальным свеце?

— Мяркую, што тыя працэсы, што з намі адбываюцца, мусяць даць плён у будучыні. Напрыклад, я ўжо доўга буду Belarussian-born Berlin-based спявачкай — «беларускай спявачкай, якая жыве ў Берліне». І ганаруся гэтым.

***
Ды напрыканцы нечаканае вяртанне. Пытанне-бонус. Валерыя, вы згадалі ў размове, што лічыце беларускімі піянерамі соулу «Песняроў». Я чула, што яны піянеры шмат якіх напрамкаў у беларускай культуры, але пра соул яшчэ чуць не даводзілася. Можа, прааргументуеце?

— Мне падаецца, што дастаткова ўзгадаць тую песню «Зачарованая мая», каб пераканацца ў гэтым. Ля-ля-ля -ля -ля (спявае). Гэта стопрацэнтны соул, стопрацэнтны Марвін Гейл, але з вельмі шчырай і адчувальнай беларускасцю. Пераслухайце песні ў гэтым альбоме і не сумнявайцеся: «Песняры» — стопудова бацькі беларускага соулу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!