19 чэрвеня 2025 года спаўняецца 101 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. З гэтай нагоды «Музей-дача Васіля Быкава» запрашае наведнікаў узяць удзел у традыцыйнай акцыі «Быкаўскія дні». Плануецца экскурсія па музеі, сустрэча сяброў на пленэры, чаяванне. А 20 і 21 чэрвеня чакаецца «Васільковы пленэр».

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Прайшоў Другую сусветную вайну, быў двойчы цяжка паранены, пад Кіраваградам яго памылкова прызналі загінулым, і імя пісьменніка дагэтуль высечана на мемарыяльным абеліску.
Пасля вайны Быкаў 25 гадоў пражыў у Гродне, дзе напісаў свае галоўныя творы: «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», у якіх раскрыў трагедыю чалавека на вайне і яго маральны выбар.
Яго кнігі былі перакладзеныя на 50 моў і прынеслі беларускай літаратуры сусветнае прызнанне.
Васіль Быкаў знаходзіўся ў першых шэрагах змагання за незалежнасць Беларусі. Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра і Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», на першых прэзідэнцкіх выбарах стаў даверанай асобай кандыдата Зянона Пазняка.
З 1998 года Быкаў жыў на чужыне, вярнуўся на радзіму ў 2003 годзе цяжка хворым. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталя ў Бараўлянах пад Мінскам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram