Арган Сафійскага сабора. Фота: https://t.me/minkultrb
У Сафійскім саборы ў Полацку пачынаецца адна з найбуйнейшых падзей у галіне музычнага мастацтва Беларусі — XXX Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Ён пройдзе з 26 кастрычніка па 30 лістапада.
У Сафійскім саборы ўнікальная акустыка, тут праходзяць службы і дзейнічае канцэртная зала камернай музыкі, якая была адкрытая ў 1983 годзе, а ў 1985 годзе спецыялісты чэшскай фірмы «Riеger Kloss» усталявалі арган, які прызнаны музычнай супольнасцю найлепшым канцэртным інструментам у Беларусі.
Кожную нядзелю ў канцэртнай зале гучыць арганная музыка, якую выконвае нязменная арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая, ініцыятарка і арганізатарка першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі
Юбілейны фестываль прысвечаны 40-годдзю полацкага аргана.
Фестываль дэкларуецца як міжнародны, акрамя беларускіх прымуць удзел расійскія выканаўцы — уладальніца каларатурнага сапрана Людміла Трацэўская, расійскі арганіст і кампазітар Аляксей Шмітаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, канцэртуючы арганіст і клавесініст, дацэнт кафедры аргана, клавесіна і карыльёна Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Міхайлава, а таксама арганістка з Японіі, выпускніца Маскоўскай кансерваторыі і салістка Калінінградскай абласной філармоніі Хірока Іноўэ.
Праграма адкрыцця фестывалю будзе прысвечана 340-годдзю з дня нараджэння выбітных прадстаўнікоў эпохі Барока Іагана Себасцьяна Баха і Георга Фрыдрыха Гендэля.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram