16 сакавіка 1964 года нарадзіўся дызайнер, мастак, фатограф, паэт і візуальны даследчык Беларусі Міхал Анемпадыстаў. Згадаем яго знакавыя ідэі і іх рэалізацыі, якія паўплывалі на сучасную культуру Беларусі.
Сам Анемпадыстаў лічыў сябе больш мастаком, чым паэтам.
Ідэйны грунт для стылістыкі сваіх твораў ён сфармаваў дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, ці як сам засведчыў: «Займеў сваю культурную прывязку, прастору».
«Шмат людзей, прачытаўшы Караткевіча, абіралі беларускую культурную мадэль. А прыналежнасць да пэўнай культурнай мадэлі, да традыцыі, гэта матывацыя і адказнасць, — пісаў Анемпадыстаў. — Калі ты ўсведамляеш сябе яе часткай і спадкаемцам, то мусіш пра яе рупіцца, памнажаць і калі трэба бараніць.
Я, відаць, ужо ў вучэльні пэўную адказнасць адчуваў. Гэта зусім не азначае, што я маляваў рушнікі і збаны. Не, якраз гэтага я не рабіў. Мяне больш цікавіла візуальнае афармленне беларускіх культурніцкіх ініцыятываў – канцэртаў, акцый, часопісаў, кніжак, дыскаў. Па вялікім рахунку, мне хацелася зрабіць візуальны стыль найноўшай беларускай культуры пазнавальным, прывабным, адпаведным. Я думаў (і думаю), што якасны (я рабіў як умеў, але намагаўся рабіць гэта максімальна якасна) дызайн дапаможа ў «прасоўванні» беларускіх культурных прадуктаў, а таксама будзе працаваць на паўстанне яе візуальных вобразаў і стылю».
Неакрэсленасць, няспеласць культуры спараджае такую самую палітыку. Палітыка — гэта працяг культуры ў яе шырокім значэнні, меркаваў Анемпадыстаў. «Яшчэ ў часы Перабудовы і пазней, у першыя гады станаўлення Беларускай незалежнасці, было зразумела, што палітычны падзел у грамадзтве насамрэч з’яўляецца люстраным адбіткам падзела цывілізацыйна-культурніцкага, І дагэтуль так. У нас не палітычныя ідэі змагаюцца, а дзве цывілізацыйныя мадэлі. І ўсе спрэчкі на палітычныя тэмы, колькі памятаю, былі спрэчкай дзвух розных светапоглядаў, дзвух розных традыцый – уласна беларускай і расейскай, савецкай. Таму, і тады і цяпер, удзел у культурніцкай працы мне падаецца не менш патрэбным, чым у палітычнай».
Візуальны стыль сваіх твораў ён рабіў вострапазнавальным, прывабным, адпаведным часу. Гэта выяўлялася ў асаблівай вытанчанай эстэтыцы: гарманічнай каларыстыцы, мяккім малюнку, насычаным асаблівымі аўтарскімі фактурамі, вострай кампазіцыі і жывых, дынамічных вобразах.
Перфекцыянізм і імкненне да дасканаласці сумяшчаліся ў яго працах з лёгкасцю, вольнасцю, нязмушанасцю і азартам.
Быў надзвычай ўважлівы да дэталяў і надаваў канцэптуальнае значэнне побытавым рэчам. Нездарма яго верш «Простыя словы», пакладзены на музыку, стаў знакавым, культавым і любімым многімі слухачамі.
На вершы Міхала Анемпадыстава выконвалі песні N.R.M., «Новае Неба», Зміцер Вайцюшкевіч, IQ48 і іншыя, а галоўнае, ён быў ініцыятарам і аўтарам многіх тэкстаў культавага «Народнага альбома», прызнанага «Альбомам года» на «Рок-каранацыі – 1997».
«Народны альбом» апісвае свет кантрабандыстаў, шпіёнаў і жаўнераў 1920-30-ых гадоў. Падзеі адбываюцца ва ўмоўным Ракаве — сталіцы кантрабандыстаў, каля якой праходзіла мяжа з Савецкай Беларуссю.
Альбом раскрывае асаблівы аспект культурнага кода Беларусі. «Ён пра тыя каштоўнасці, якія заўсёды побач, якія не кідаюцца ў вочы і не трапляюць пад накіраваныя ўдары ў культурных войнах», — тлумачыў аўтар прыхаваны пласт праекта.
Гэты альбом «пра з’явы і рэчы камерныя, прыхаваныя ад публічнага паказу, але вядомыя і зразумелыя амаль кожнаму. Гэта тое, з «чего начінается Родіна», як у той вядомай савецкай песьні. Гэта дом, бацькі, ці шырэй сям’я, гэта звычкі, побытавая традыцыя, ўключна з ежай, культурай спажывання алкаголя, гэта смакі і пахі, краявід. Гэтая тэрыторыя культуры менш за ўсё паддаецца гвалтоўным зменам, варта толькі ўсведамляць яе каштоўнасць».
Яшчэ адзін знакавы праект Міхала — альбом «Колер Беларусі». Фатаздымкі Міхала беларускіх артэфактаў суправаджалі яго аўтарскія эсэ пра галоўныя беларускія колеры – паходжанне іх назвы, гісторыю распаўсюду і іх сімвалічнае значэнне.
Аўтар тлумачыў свой праект як спробу разабрацца, якія колеры ў гісторыі і культуры Беларусі мелі ўстойлівае ўпадабанне ў жыхароў нашых земляў, якімі надзяляліся значэннямі і якасцямі, і чаму.
«Чорны і белы колеры – метафізіка і анталогія, першыя крокі ў спазнанні чалавекам сусвету. Гэта пачатак усяго, калі з нічога з’яўляюцца святло і цемра. Гэта быццё і небыццё, верх і ніз, так і не, плюс і мінус – бінарны прынцып пабудовы любой мовы, ад прымітыўнай да камп‘ютарнай. Чырвоны – гэта тэхналогія. Засваенне чалавекам прасторы вакол сябе і самога сусвету. Сіні і блакітны – культура. Чараўніцтва, магія, мода, мастацтва, творчасць.
Залаты – рэлігія. Святло недасяжнага і імкненне да гэтага святла. Шэры і зялёны – наша штодзённае жыццё, зручнасць і якасць асяроддзя, а таксама сувязь з прыродай і ўсведамленне таго, што кожны з нас – яе складовая і неад’емная частка».
«Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава. Ён памёр у росквіце творчых сіл 24 студзеня 2018 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram