Алесь Пушкін. Фота: Сяргей Міхаленка.
У 2023-м Алесь Пушкін памёр на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы, куды яго прывезлі з турмы. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу. Адной з падставаў узбуджэння крымінальнай справы супраць мастака стаў партрэт 2014 года дзеяча пасляваеннага беларускага супраціву Яўгена Жыхара, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. Таксама мастака абвінавацілі ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» за дэманстрацыі ў Кіеве рэплікі яго знакамітага перформансу «Падарунак прэзідэнту».
6 жніўня 2025 года – у дзень яго нараджэння — у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца выстава «Застацца/ Zostać», прысвечаная 60-годдзю Алеся Пушкіна.
Гэты праект не столькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасці і жыцці, і якія працягваюць жыць сёння праз іншых мастакоў і мастачак. Свабода і адказнасць, супраціў і годнасць, памяць і супольнасць — гэтыя ідэі, якія Пушкін ператвараў у мастацкія жэсты, цяпер знаходзяць новыя формы і галасы, застаючыся важнымі для тых, хто стварае і шукае апору ў часе зменаў.
Выстава паказвае, як мастацтва можа працягваць гаварыць там, дзе слова замірае, і як праз асабістае перажыванне мастакі і мастачкі працягваюць рухаць наперад тое, што было каштоўна для Пушкіна: любоў да Беларусі, смеласць быць сабой і памяць пра тых, хто змагаўся і застаўся.
На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, інсталяцыі і скульптуры беларускіх мастакоў і мастачак, якія праз мастацтва асэнсоўваюць досвед выгнання, рытуалаў, побыту, а таксама спробу знайсці ўнутраную апору ў часы, калі ўсё навокал змяняецца.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены працы наступных мастакоў і мастачак: Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy, Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Кася Варакса, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, Міхаіл Гулін, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў.
Выстава будзе працаваць да 20 жніўня.
Для рэалізацыі выставы каманда запусціла краўдфандынг. Дапамагчы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram