11 лютага 1807 года нарадзіўся Напалеон Орда — мастак і кампазітар, які пакінуў для нас каштоўную спадчыну: архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў i гарадоў былой Рэчы Паспалітай.
І цяпер, менавіта дзякуючы яго візуальным сведчанням, мы можам убачыць, як выглядала Беларусь у 70-я гады ХІХ стагоддзя.
Нарадзіўся будучы мастак у маёнтку Варацэвічы на Піншчыне, вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, удзельнічаў у паўстанні 1831 года.
Пасля паразы паўстання жыў у Парыжы, сябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам і пад яго кіраўніцтвам працягваў сваю музычную адукацыю.
Па парадзе Шапэна пачаў вучыцца маляванню ў студыі майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. Падарожнічаў па Еўропе і маляваў пейзажы, галоўным чынам гарадскія віды.
Напалеон Орда змог вярнуцца на радзіму толькі напрыканцы жыцця, пасля амністыі.
У паўстанні 1863-1864 непасрэднага ўдзелу ён не браў (хоць амаль год адседзеў у турме па падазрэнні на незаконнае захоўванне зброі і папераў «абуральнага зместу»). Ён ездзіў па тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай — Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве — і замалёўваў замкі, руіны, маёнткі, сядзібы, віды гарадоў.
Прычым замалёўваў праграмна: ён ставіў сваёй мэтай сабраць у альбомы архітэктурныя краявіды, пры гэтым звяртаў асаблівую ўвагу на знакавыя месцы: сядзібы, дзе нарадзіліся героі-патрыёты, паўстанцы 1831 і 1864 гадоў ці дзеячы культуры.
У выніку мастак стварыў больш за тысячу акварэляў і графічных аркушаў.
Імем Напалеона Орды названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, мастацкая школа ў Пінску, праца мастака (выява Нясвіжскага замка Радзівілаў) увасоблена на беларускай банкноце ўзору 2000 года (100 000 рублёў).
У 1997 годзе ў горадзе Іванава (Брэсцкая вобласць, на скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай) усталяваны помнік Напалеону Ордзе (скульптар Ігар Голубеў).
У вёсцы Варацэвічы (Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён) знаходзіцца музей-галерэя імя Напалеона Орды. У 2021 годзе быў адкрыты для наведвальнікаў сядзібны дом Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram