«Руку дайце, мы вам родны»: як Львоў стаў месцам сілы і свабоды для Цёткі

Пляценне маскавальных сетак у Львове 2022 года і эміграцыя беларускай бунтаркі ў 1905-м — як ні дзіўна, гэтыя дзве эпохі сустрэліся ў адным імені. Сёння, 15 ліпеня, спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Адмыслова для Reform.news львоўскія пуцявіны славутай паэткі ў горадзе Ільвоў вывучала Аліна Рудзіна. Гісторыя яе асабістага адкрыцця львоўскага перыяду Цёткі пачалася з выпадковага пытання мясцовага валанцёра, а перарасла ў глыбокае даследаванне. Расказваем, як Алаіза Пашкевіч змагалася за права быць студэнткай, чаму львоўскі прафесар называў яе «жывой энцыклапедыяй» і як на галіцкай зямлі нараджаліся першыя кнігі для беларускіх дзяцей.

***

Жыццё многіх беларускіх дзеячаў было цесна звязана з Украінай і з Львовам. Але я чамусьці яшчэ са школьных часоў памятала пра сувязь са Львовам менавіта Алаізы Пашкевіч, Цёткі.

Калі я ў 2022 годзе ў Львове трапіла ў кампанію людзей, з якімі пляла маскавальныя сеткі, у нашым «штабе» было шмат асоб старэйшага веку. Яны і самі плялі, і дапамагалі наразаць тканіну на стужкі, і вельмі шмат размаўлялі. Добра памятаю, як адзін львоўскі пан, дазнаўшыся, што я з Беларусі, спытаўся, ці ведаю я, хто з вядомых беларусаў навучаўся ва Львоўскім універсітэце. «Цётка» — нібы з падсвядомасці выплыў мой адказ. Так, Алаіза Пашкевіч.

З таго часу я заўжды, калі ладзіла ўмоўныя «экскурсіі па беларускіх месцах» Львова, сярод іншага падводзіла гасцей і да галоўнага корпуса ЛНУ. Яшчэ здзіўлялася, што тамака няма мемарыяльнай дошкі. Але пазней я трапіла да старэйшага корпуса ўніверсітэта (які цяпер з’яўляецца корпусам біялагічнага факультэта Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франка) і ўбачыла Цётку ў кампаніі Грушэўскага і Франка. На гэтым мае даследаванні львоўскага перыяду жыцця Алаізы Пашкевіч не спыніліся.

Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт. Фота прадстаўлена Аліна Рудзінай.

Львоў як востраў свабоды

Украінскія і беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай і Аўстра-Венгерскай манархій у розны час і пры розных гістарычных абставінах. Неаднолькавымі былі і ўмовы культурнага развіцця, што адпаведным чынам уплывала на працэсы нацыянальна-культурнага адраджэння ўкраінцаў і беларусаў.

Львоў, які знаходзіўся ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі, быў культурным цэнтрам Галічыны. Гэтаму спрыяла наяўнасць у горадзе шматлікіх вышэйшых навучальных устаноў і гімназій, культурна-навуковых інстытуцый, грамадска-культурных арганізацый. Шмат хто з львоўскіх педагогаў, навукоўцаў, пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва вёў актыўную грамадскую дзейнасць, падтрымліваў кантакты з вядучымі прадстаўнікамі культуры іншых славянскіх народаў, якія ў той час яшчэ не мелі ўласнай дзяржаўнасці.

Нямала беларусаў навучалася ў львоўскіх навучальных установах, у тым ліку і паэтка Алаіза Пашкевіч. Напрыканцы 1905 года яна, хаваючыся ад пераследу царскіх жандараў і тайных агентаў, прыехала ў Львоў і паспрабавала стаць студэнткай Львоўскага ўніверсітэта. Спачатку зрабіць гэта ёй не ўдалося, аднак восенню 1906 года яе ўсё ж залічылі вольнай слухачкай філасофскага факультэта. У даследчай літаратуры выказваецца меркаванне, што ў гэтым ёй дапамог Іларыён Свянціцкі, які скончыў гэты факультэт у 1899 годзе і быў добра знаёмы з многімі выкладчыкамі.

Даведка: Іларыён Свянціцкі — знаны ўкраінскі навукоўца, этнограф, доктар філалагічных навук, з 1913 года — прыват-дацэнт кафедры славянскай філалогіі Львоўскага ўніверсітэта. Стваральнік і першы дырэктар Нацыянальнага музея ў Львове.

У 1908 годзе Свянціцкі выдаў у Львове кнігу «Адраджэнне беларускага пісьменства», адразу заўважаную і станоўча ацэненую ў Беларусі. Напісаць працу яму дапамагла менавіта А. Пашкевіч.

Барацьба за статус і таямнічая запіс у архівах

Увесь перыяд навучання Алаізы Пашкевіч у Львоўскім універсітэце стаў гісторыяй яе настойлівай барацьбы за права быць паўнапраўнай студэнткай. Толькі такі статус даваў магчымасць падрыхтаваць і абараніць доктарскую дысертацыю. Для беларускай дзяўчыны гэта аказалася вельмі складанай задачай. Не маючы аўстрыйскага падданства, яна мусіла пераадольваць шматлікія бюракратычныя перашкоды, якія абмяжоўвалі доступ замежнікаў да вышэйшай адукацыі ў манархіі Габсбургаў.

Студэнцкі білет Алаізы Кейрыс (Пашкевіч).

У Львоўскім універсітэце А. Пашкевіч як вольная слухачка цягам дзевяці семестраў наведвала лекцыі па гісторыі старапольскай мовы і літаратуры, якія чытаў прафесар Вацлаў Брухнальскі. Менавіта ён як загадчык кафедры падпісаў неабходную характарыстыку для Венскага Міністэрства асветы. У ёй адзначалася, што студэнтка А. Пашкевіч даследуе гісторыю беларускага народнага тэатра і распрацоўвае навуковую тэму «Шопка і батлейка на Белай Русі ў іх сувязі з польскай літаратурай драматычнай».

У сувязі з гэтым прафесар прасіў перавесці Алаізу Пашкевіч у статус звычайнай студэнткі, каб яна магла здаць неабходныя экзамены і атрымаць навуковую ступень доктара філасофіі. Аднак вырашэнне гэтага пытання зацягнулася на некалькі гадоў. Сітуацыю ўскладнілі і праблемы са здароўем. У 1908 годзе яна захварэла на сухоты і пераехала ў Закопане. Некаторы час вучылася на гуманітарным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта, пазней выйшла замуж і змяніла прозвішча. Тым не менш думка пра завяршэнне навучання ў Львове не пакідала яе.

Вядома, што аўстрыйскае Міністэрства асветы ўрэшце дазволіла Алаізе Пашкевіч стаць паўнапраўнай студэнткай Львоўскага ўніверсітэта і накіравала ў горад адпаведны дакумент. У адным з літоўскіх архіваў захавалася яе студэнцкая кніжка («Index Lektionum») — у цвёрдай вокладцы, з фотаздымкам і асабістым подпісам паэткі. Дакумент выдадзены студэнтцы філасофскага факультэта ўніверсітэта Алаізе Кейрыс 12 верасня 1912 года і мае адзнакі пра наведванне лекцый па васямнаццаці розных дысцыплінах: гісторыі, філасофіі, гісторыі Польшчы і Усходняй Еўропы, тэорыі літаратуры, гісторыі польскай лірыкі, семінараў па педагогіцы ды іншых.

Тым не менш Алаіза Пашкевіч правучылася ва ўніверсітэце толькі адзін семестр 1912/1913 навучальнага года.

Ганаровая дошка на Львоўскім універсітэце. Фота прадастаўлена Алінай Рудзінай.

«Жывая энцыклапедыя» беларускага жыцця

Сваё знаходжанне ў Львове Алаіза Пашкевіч выкарыстала для актыўнай папулярызацыі айчыннай літаратуры. Сюды ёй дасылалі свае творы Янка Купала і іншыя беларускія пісьменнікі. Частку з іх яна перадала Іларыёну Свянціцкаму для яго працы «Адраджэнне беларускага пісьменства». Крыніцы сведчаць, што для беларусазнаўчых даследаванняў Свянціцкага Пашкевіч была своеасаблівай «жывой энцыклапедыяй» нашага грамадска-культурнага і літаратурнага жыцця. Дзякуючы ёй навукоўца часам даведваўся пра новыя з’явы ў літаратуры значна раней, чым пра іх станавілася вядома шырокім колам у самой Беларусі. Паэтка распавядала яму пра ўсе важныя падзеі, паведамляла пра выхад першых нацыянальных газет «Наша доля» і «Наша Ніва».

Натуральна, што культурныя дзеячы Львова мелі магчымасць знаёміцца і з творамі самой Алаізы Пашкевіч, а таксама дапамагалі ёй выдаваць іх ва Украіне. Так, у лісце ад 28 чэрвеня 1906 года да свайго земляка, вядомага грамадскага дзеяча і навукоўцы Браніслава Эпімаха-Шыпілы пісьменніца паведамляла:

«Жыву ў Львове, знаёмлюся з украінцамі, русінамі і ўніятамі. Вельмі нам спрыяюць, дапамагаюць, чым могуць. Пакуль што будуць друкаваць па-беларуску. Калі маеце што-небудзь, дашліце. Хачу даведацца ад Вас, што чуваць з букваром, ці ўжо гатовы, ці будзе ў нас наша беларуская фанетыка. Гэта вельмі важна, бо цяпер буду выдаваць папулярныя кніжкі для народа, але не ведаю, якога правапісу трымацца…».

У такіх умовах у Львове ў 1906 годзе з’явіўся яе «Гасцінец для малых дзяцей». Гэта быў невялікі зборнік, выдадзены па-беларуску лацінкай. Ён змяшчаў перакладзеныя пісьменніцай сем апавяданняў, загадкі, прыказкі і прымаўкі. Гэты зборнік фальклорных матэрыялаў стаў першым выданнем для дзяцей на беларускай мове.

Экземпляр «Скрыпкі Белорусскай» з Нацыянальнай бібліятэцы.

 

У тым жа годзе ў Жоўкве пад Львовам, у друкарні айцоў Васіліянаў, Алаіза Пашкевіч выдала па-беларуску, ужо кірыліцай, два паэтычныя зборнікі — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Паколькі ў царскай Расіі за гэтыя творы яна падвяргалася пераследу, кнігі былі падпісаны псеўданімамі. На тытульным аркушы першай пазначалася: «Напісаў Гаўрыла», другой — «Гаўрылы з Полацка». У абодвух выпадках месца выдання не ўказвалася. Сёння гэтыя рэдкія выданні захоўваюцца ў аддзеле рэдкай кнігі Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэкі Украіны імя Васіля Стэфаніка.

Украінскі космас у беларускім сэрцы

Украінскае культурнае асяроддзе, у якім працяглы час жыла Алаіза Пашкевіч, пазней моцна паўплывала і на тэматыку яе творчасці. Так, у апавяданні «Зялёнка» прататыпамі пецярбургскіх студэнтаў выступаюць менавіта львоўскія студэнты. Украінская тэматыка прысутнічае і ў шэрагу іншых яе твораў.

Асабліва вылучаецца сваёй пранізлівай «украінскасцю» невялікі верш «Суседзям у няволі» (1906). У ім паэтка дае яскравы малюнак заняволенай Беларусі, над якой навісла цёмная ноч рэакцыі, і звяртаецца да ўкраінскіх суседзяў:

Чуйце, чуйце, руку дайце!

Мы вам родны. Праўду знайце:

Ці у долі, ці ў нядолі —

З вамі станем ў адным полі,

Рука ў руку з вашым братам

За свабоду перад катам.

Што зусім не выклікае сумневу, дык гэта тое, што беларуская паэтка вучылася ва ўкраінскіх прагрэсіўных пісьменнікаў паслядоўнай барацьбе за нацыянальнае вызваленне роднага народа. Яна магла на ўласныя вочы бачыць, якую вялікую ролю адыгрываюць літаратура і мова ў адраджэнні краіны, у станаўленні і развіцці ўсіх яе духоўных сіл. У гэтым сэнсе ўкраінская літаратура стала для яе найлепшым і незаменным падручнікам.

Прыведзеныя матэрыялы сведчаць, што ўкраінскія навукоўцы і пісьменнікі Львова праяўлялі вялікую цікавасць да беларускай гісторыі, культуры і літаратуры, актыўна папулярызавалі іх у сваім асяроддзі. Яны падтрымлівалі кантакты з беларускімі калегамі, абменьваліся літаратурай і інфармацыяй, дапамагалі нашым суайчыннікам атрымліваць адукацыю і публікавацца.

Алаіза Пашкевіч (1904). Фота: Вікіпедыя.

Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што Львоў пачатку ХХ стагоддзя быў адным з найважнейшых культурных цэнтраў у гісторыі ўкраінска-беларускага ўзаемадзеяння. Менавіта тут адбываліся інтэнсіўныя кантакты паміж прадстаўнікамі інтэлігенцыі абодвух народаў, закладваліся асновы ўкраінскага беларусазнаўства, а беларускія дзеячы знаходзілі магчымасці для творчай працы і навучання, якіх часта былі пазбаўленыя ў межах Расійскай імперыі.

Львоў стаў месцам сустрэчы дзвюх нацыянальных культур, якія ў перыяд свайго нацыянальнага адраджэння імкнуліся да ўзаемнага пазнання, супрацоўніцтва і падтрымкі. Дзейнасць Іларыёна Свянціцкага, Івана Крыпякевіча, Васіля Шчурата, Уладзіміра Гнацюка, Івана Франка, Алаізы Пашкевіч, Рамуальда Зямкевіча і іншых сведчыць пра тое, што ўкраінска-беларускія культурныя сувязі былі не выпадковасцю, а важным і прыгожым складнікам нашай сумеснай гісторыі і салідарнасці ў барацьбе за культурнае самасцвярджэнне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!