Сёлета фестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе ў фармаце кінаўікенду ў Варшаве
Reform.news · 22 октября 2026, 17:16
https://reform.news/sjoleta-festyval-pa-nochnae-zzjanne-projdze-farmace-kina-ikendu-varshave/Кінафестываль «Паўночнае ззянне» сёлета змяняе фармат: замест звыклай вялікай праграмы каманда анансавала міні-фэст «Ззя weekend». Ён адбудзецца з 11 па 13 снежня 2026 года выключна афлайн у варшаўскім кінатэатры Kinoteka.
Чаму фестываль змяняе фармат?
За апошні год каманда «Паўночнага ззяння» сутыкнулася з шэрагам сур’ёзных выклікаў, якія прымусілі перагледзець маштаб і фармат імпрэзы. Сярод галоўных прычын — агульныя складанасці з фінансаваннем беларускіх культурных праектаў у выгнанні, а таксама пытанні бяспекі. Пасля таго як у Беларусі фестываль прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», камандзе давялося шукаць новыя і бяспечныя шляхі камунікацыі з айчыннай аўдыторыяй. Менавіта таму сёлета «Ззянне» засяродзіцца на працы з публікай за межамі краіны і правядзе акцыю выключна ў афлайн-фармаце.
Да знешніх абставінаў дадаліся і важныя асабістыя змены ў жыцці каманды. Заснавальніца і дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская паўтара года таму стала мамай, што таксама ўплывае на рэсурс і тэмпарытм працы над праектам:
«Працаваць над культурнымі праектамі ў выгнанні, шукаць фінансаванне і планаваць будучыню становіцца ўсё складаней. Да гэтага дадалася і сітуацыя з бяспекай беларускай аўдыторыі. Ёсць і асабістая прычына: паўтара года таму я стала мамай, і гэта праца — мацярынства — цяпер займае значную частку маіх сіл. Гэта мая найважнейшая валанцёрская праца зараз, таму іншыя праекты часова адышлі ў цень», — тлумачыць Воля Чайкоўская.
Аднак, нягледзячы на скарочаны фармат, дырэктарка фэсту рада, што «Паўночнае ззянне» захавае сваю традыцыю і сустрэнецца з гледачамі хаця б у міні-фармаце, каб працягваць адкрываць кіно Паўночных і Балтыйскіх краін ды ствараць прастору для свабоднага дыялогу.
Што чакае наведвальнікаў?
У межах «Ззя weekend» пакажуць адборныя фестывальныя стужкі. Падрабязнасці пра расклад і квіткі каманда абяцае агучыць ужо хутка на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Дапамагчы адбыцца фестывалю можна таксама з дапамогай данатаў.
Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» (Northern Lights Film Festival) заснаваны ў 2015 годзе беларускай прадзюсаркай і рэжысёркай Воляй Чайкоўскай. Фэст шмат гадоў з’яўляецца адной з галоўных кінападзей для беларусаў, знаёмячы аўдыторыю з актуальным мастацкім і дакументальным кіно Паўночнай Еўропы, Балтыі, а таксама з працамі беларускіх незалежных кінематаграфістаў.
Пасля падзей 2020 года фестываль быў прымушаны перанесці сваю асноўную дзейнасць у выгнанне і ладзіўся ў гібрыдным ды анлайн-фарматах, а таксама на пляцоўках у Вільні, Таліне і Варшаве. У 2026 годзе рэжымам у Беларусі сайт і рэсурсы фестывалю былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а сам фестываль — «экстрэмісцкім фармаваннем».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
