Мультфільм «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў» прызнаны «Найлепшым патрыятычным фільмам» на 28-м міжнародным фестывалі «Анімаёўка» ў Магілёве.
У карціне ў пералік пяці асноўных беларускіх дзяржаўных святаў яе стваральнікі ўключылі Дзень народнага адзінства і Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
«Беларусі і Расія — гэта як адна сям’я», — гаворыць у стужцы, створанай на «Беларусьфільме», герой, хлопчык-падлетак, пасля расповеду пра тое, як шмат агульнага паміж дзвюма дзяржавамі. А гэта — і абарона сумесных межаў, і будоўля гарадоў, і сумесныя палёты ў космас.

Над альманахам, які складаецца з пяці гісторый, працавалі беларускія аніматары: Канстанцін Андрушачкін, Ірына Тарасава, Таццяна Нагорская, Алена Турава, Наталля Касцючэнка.
Прычым Алена Турава, якая была ў складзе творчай групы фільма, працавала ў журы анімацыйнага конкурсу фестывалю ў Магілёве.
На форуме ў беларусаў яшчэ адна перамога. У намінацыі «Найлепшы беларускі фільм» журы была вылучана навэла «Пра што маўчаць гэтыя балоты» з альманаха «Мемарыяльныя комплексы Беларусі. Частка 2». Стужка маладой рэжысёркі Юліі Пінцак распавядае пра канцлагер «Азарычы».
«Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2» нясуць патрыятычны пасыл для сучаснай грамадзянскай супольнасці, правільнай нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх грамадзян і разумення замежнымі гасцямі ролі Беларусі ў сусветнай гісторыі і культуры», — даецца апісанне на YouTube-старонцы кінастудыі пад трэйлерам альманаха.
Режысёры навэл пераважна тыя ж аніматары «Беларусьфільма», якія працавалі і над «Дзяржаўнымі сімваламі»: Канстанцін Андрушачкін, Наталля Касцючэнка, Ірына Тарасава, Алякандр Ленкін. Юлія Пінцак — маладая творца ў іх камандзе. І для яе гэта дэбютная праца.
Гран-пры «Анімаёўкі» заваявала расійская анімацыйная карціна «Ручэй, які бяжыць у горы» Аляксандра Храмцова (студыя «ШАР»).
28-мы Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» ладзіўся ў Магілёве з 24 па 26 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram