Сенсацыя ў беларускай фатаграфіі: Ян Булгак нарадзіўся не ў кастрычніку?
Reform.news · 19 октября 2026, 18:32
https://reform.news/sensaczyya-d1-9e-belaruskaj-fatagrafii-yan-bulgak-naradzi-d1-9esya-ne-d1-9e-kastrychniku/Сёння ў медыя ізноў згадваюць 150-гадовы юбілей Яна Булгака (1876–1950) — «бацькі беларускай, польскай і літоўскай фатаграфіі», краязнаўцы і настаўніка. Дзесьці майстра ўшаноўвалі 6 кастрычніка, а дзесьці перавялі гэтую дату на новы стыль і святкуюць 18 кастрычніка. Аднак найноўшае знаходжанне ў архіве здольнае перавярнуць усе ўяўленні: сапраўдны юбілей Булгака — яшчэ наперадзе!
Даследчык-архівіст Зміцер Юркевіч (спецыяльна для пляцоўкаі «Вандрагора») правёў раследаванне і знайшоў дакументы, якія выкрываюць даўнюю блытаніну ў біяграфіі мастака. Паводле знойдзеных даных, датай нараджэння слыннага фатографатрэба варта лічыць 18 лістапада.
Чаму лічылася, што дзень нараджэння — 18 кастрычніка?
Дату 6 кастрычніка 1876 года дзесяцігоддзямі паўтаралі энцыклапедыі, біяграфічныя даведнікі і некралогі. Сам Булгак ва ўспамінах «Kraj lat dziecinnych» напісаў:
«Urodziłem się 6 (18) października 1876 roku w Ostaszynie…»
Калі дадаць да 6 кастрычніка 12 дзён (розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі ў XIX стагоддзі), як раз і атрымаецца 18 кастрычніка.
Менавіта таму многія шчыра вішуюць мастака з юбілеем менавіта ў гэтыя кастрычніцкія дні. Аднак праверка першакрыніц паказала, што памылка крыецца ў самым месяцы.
Галоўны доказ: Метрычная кніга з НГАБ
Працуючы з мікрафільмам дваранскай справы роду Булгакаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ), Зміцер Юркевіч выявіў тры дакументальныя згадкі, якія паказваюць зусім іншы месяц.
Самая важная з іх — афіцыйны выпіс з метрычнай кнігі Варанчанскага рымска-каталіцкага парафіяльнага касцёла за 1876 год аб хросце немаўляці Івана-Бруно.
Афіцыйны запіс аб хросце фіксуе:
«Дзіця нарадзілася ў маёнтку Асташын 6 лістапада 1876 года, а ахрышчанае было 7 лістапада».
Дату 6 лістапада пацвярджаюць і іншыя крыніцы:
- Запіс у 2-м томе «Гербоўніка беларускай шляхты» (2007), падрыхтаваны даследчыкам Аляксандрам Залівакам;
- Матэрыялы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу;
- Савецкі пашпарт Яна Булгака ад 12 чэрвеня 1941 года, дзе чорным па белым пазначана: «6 XI 1876 г.» (дэ XI — гэта лістапад).

Акурат пра 6 лістапада яшчэ ў 2001 годзе ў часопісе «Мастацтва» (№ 9) пісаў і вядомы беларускі фатограф Уладзімір Парфянок (1958–2024), але тады на яго словы не звярнулі належнай увагі.
«Пры гэтым застаюцца адкрытымі пытанні: чаму ва ўспамінах пазначаны кастрычнік, на якім этапе з’явілася гэтая памылка і адкуль узялася дата ў пашпарце з месцам нараджэння ў Мінску? Гэтыя пытанні пакуль чакаюць сваіх адказаў. Аднак галоўнае цяпер — мы маем некалькі крыніц, якія дазваляюць абгрунтавана перагледзець традыцыйную дату нараджэння Булгака», — адзначае Зміцер Юркевіч.

То калі святкаваць 150-годдзе?
У 1876 годзе на землях Беларусі дзейнічаў юліянскі каляндар (старастыльны). Розніца з грыгарыянскім календаром у XIX стагоддзі складала 12 дзён.
Дата паводле старога стылю: 6 лістапада 1876 года.
Дата паводле новага стылю: 18 лістапада 1876 года.
Выходзіць, сапраўднае 150-годдзе Яна Булгака прыпадае на 18 лістапада 2026 года.
Зміцер Юркевіч піша, што афіцыйны скан метрыкі ўжо замоўлены і неўзабаве будзе апублікаваны на пляцоўцы «Вандрагора» асобна.
Чым вядомы Ян Булгак?
Ян Булгак (1876–1950) — выбітны мастак фатаграфіі, краязнавец, педагог і публіцыст. Яго лічаць «бацькам беларускай, літоўская і польскай фатаграфіі» ды заснавальнікам айчыннага піктарыялізму. Першым у пачатку XX стагоддзя прапанаваў канцэпцыю «айчыннай фатаграфіі» (fotografia ojczysta) — глыбокага і паэтычнага дакументавання родных пейзажаў, архітэктуры і народнага быту.
Ён падрабязна фіксаваў на фотастужку краявіды і помнікі Наваградчыны, Віленшчыны, Міншчыны, Піншчыны і Гарадзеншчыны. Яго здымкі сядзіб, замкаў, сялянскіх хат і святыняў сёння служаць важнейшай крыніцай для рэстаўратараў і гісторыкаў. Ян Булгак — заснавальнік і кіраўнік Фатаграфічнага інстытута пры Віленскім універсітэце, стваральнік Віленскага фотаклуба, аўтар дзясяткаў кніг і падручнікаў. Напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Kraj lat dziecinnych» («Край дзіцячых гадоў») пра сваё дзяцінства ў сядзібе Асташын на Наваградчыне.

Як ушанаваць памяць майстра 18 лістапада?
Зміцер Юркевіч падкрэслівае, што вяртанне праўдзівай памяці пачынаецца з дакументаў, але працягваецца ў рэальных дзеяннях. Ён прапануе да 150-годдзя фатографа зладзіць розныя сустрэчы і мерапрыемствы.
Так, 18 лістапада ў Асташыне альбо Пярэсецы прапануецца пасадзіць «Дуб памяці Яна Булгака» — сімвал моцы і сувязі пакаленняў, які будзе расці дзесяцігоддзямі на зямлі, якую фатаграфаваў майстар. Таксама ў прапановах архівіста — праца па стварэнні адкрытага лічбавага архіва спадчыны Яна Булгака.
«У «Вандрагоры» мы шукаем не прыгожыя легенды і не зручныя тлумачэнні, а дакументы, якія дапамагаюць дакладней зразумець мінулае. Часам даследаванне пачынаецца з аднаго дня ў календары, а заканчваецца неабходнасцю нанова перачытаць некалькі пакаленняў біяграфічных тэкстаў, — прапануе далучыцца да супольнасці «Вандрагоры» руплівец. — Калі вы маеце іншыя дакументы, звесткі ці выявы першакрыніц пра дату і месца нараджэння Яна Булгака — далучайцеся да абмеркавання і даследавання!», — звяртаецца спадар Зміцер да ўсіх неабыякавых да спадчыны фатографа.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
