7-9 лістапада вандроўны фэст інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA «прыземляецца» ў Познані. У праграме познаньскай эдыцыі больш сорак імпрэзаў на сямі гарадскіх пляцоўках: дыскусіі, прэзентацыі, творчыя сустрэчы, канцэрты, спектаклі, кінапаказы ды нават танцы.
Важнай падзеяй першага дня фестывалю стане дыскусія “Зялёны ліст, чырвоны цвет…”: савецкая ўтопія і беларуская паэзія”. Літаратуразнаўца Марына Казлоўская і паэт Андрэй Хадановіч паразважаюць пра пакаленне паслухмяных і непаслухмяных дзяцей Кастрычніка, пра межы творчай свабоды і пра тое, як сістэма ўплывала на беларускіх паэтаў — ламаючы хрыбет натхненню, знішчаючы творы і саміх аўтараў.
Не прапусціце тэатральныя падзею (партнёрская імпрэза Teatr Ósmego dnia): спектакль “Say hi to Abdo” паводле дакументаў і сведчанняў міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы і сустрэчу з аўтарам п’есы Мікітам Ільінчыкам.
Маленькіх наведнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і ўнікальныя інтэрактыўныя чытанні “Шчасце — гэта ліса”, а дарослых — жывыя размовы пра літаратуру і эміграцыю, бестселеры і фемінізм, праўду, мацнейшую за страх, і дакладныя навукі па-беларуску.
Фіналам другога фестывальнага дня стане Ноч паэзіі, на якой выступяць Ганна Шакель, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч, Данііл Вашкевіч, Уладзь Лянкевіч.
У нядзелю запрашаем на цырымонію абвяшчэння лаўрэатаў прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады; размовы пра навінкі серыі “Галерэя чалавечай думкі” і аўтафікшн у Беларусі і свеце.
У чытачак і чытачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі і выдавецтвамі, знанымі аўтарамі і дэбютантамі, завітаць на музычна-літаратурныя прэзентацыі Артура Камароўскага і Фрыдрыха Самотнага.
Завершыць фестываль выступ Кміт-ансабля і танцавальная вечарына “Танцы ў Пазнаньцы”.
PRADMOVA ў Познані — гэта не толькі тры дні насычанай праграмы, але і адкрытая платформа для дыялогу, супольных пошукаў і творчага эксперыменту. Тут традыцыі сустракаюцца з інавацыямі, а асабістыя гісторыі пераплятаюцца з агульнанацыянальнымі дыскусіямі.
Поўная праграма фэсту даступная тут
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram