Сцяг, нацыя, вайна і шматмоўная беларуская літаратура. Праекты і кнігі сакавіка: літагляд

Сакавік атрымаўся непразаічным і непаэтычным: у нашым аглядзе дамінуюць пераклады і выдавецкія праекты, што сталіся вынікам грунтоўнай даследчай працы.

А пра дзіцячыя кнігі мы ўжо напісалі ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Проза

«Игла в квадрате». З серыі «Сучасная беларуская літаратура»

Новае выданне серыі «Сучасная беларуская літаратура» сабрала пад сваёй вокладкай творы аўтараў, якія пішуць на рускай мове, — Алега Ждана-Пушкіна, Сяргея Трахіменка, Алеся Кажадуба, Веры Зелянко, Анатоля Матвіенка і Вялянціны Драбышэўскай. Усе яны твораць на рускай мове, за выключэннем Алеся Кажадуба, якія з’яўляецца пісьменнікам-білінгвам. Аўтар уступнага артыкула старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч згадвае літаратуразнаўчую спрэчку, як правільна называць гэтую з’яву «Руская літаратура Беларусі» ці «Рускамоўная літаратура Беларусі» і прапануе пакінуць гэтае пытанне для літаратурна-крытычных пляцовак, таму што рака беларускай сучаснай літаратуры фармуецца з двух плыняў — беларускамоўнай і рускамоўнай. У сваім палемічным уступе старшыня Саюза пісьменнікаў заклікае не дзяліць аўтараў, што жывуць у адной краіне, па моўнай прыкмеце.

Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» — гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Кожная кніга серыі — гэта дуэт літаратуры і жывапісу. У афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Для гэтай вокладкі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Сяргея Цімохава «На Дзяды».

Выдавецтва «Аверсэв»

Купіць можна ў беларускіх кнігарнях ці тут.

Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Перавыданне

 

Надзелены фенаменальнай фантазіяй і талентам прадбачання, Ян Баршчэўскі стаў адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і ўзбагаціў яе, магчыма, адным з самых загадкавых і займальных твораў – кнігаю «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», у якой шырока выкарыстаны беларускія народныя казкі, легенды і паданні.

Гэта новае выданне праілюстравана чароўнымі малюнкамі мастачкі Лізаветы Лянкевіч. На вокладцы яна адлюстравала вобраз затопленай Беларускай Антлантыды. Мы бачым руіны спадчыны на дне возера Нешчарда, роднага возера Яна Баршчэўскага, якое ён з такой любоўю апісвае ў сваім творы. А на дне – героі апавяданняў, якія чакаюць цікаўнага чытача. «Я выбрала для кнігі фіялетавы, — кажа мастачка, — бо гэты колер для мяне містычны, начны, колер азёрных глыбінь і лясных гушчароў, колер слёз — які дапамагае стварыць у кнізе пэўную таямнічую атмасферу. Менавіта такі настрой я хацела перадаць чытачу праз свае ілюстрацыі».

Выданне працягвае шэраг перавыданняў беларускай класікі з новым афармленнем. Сярод іх «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра і «Новая зямля» Якуба Коласа.

Пераклад з польскай Міколы Хаўстовіча.

Выдавецтва «Папуры».

Купіць можна ў беларускіх кнігарнях (напрыклад, у краме «Параграф 45»), а таксама замовіць з дастаўкай па ўсім свеце.

Зборнікі

«Карані / лісце»

«Карані / лісце» — гэта зборнік дэкаланіяльных тэкстаў, напісаных жанчынамі, транс і небінарнымі людзьмі з Беларусі. Кніга паўстала ў выніку пісьменніцкай лабараторыі, праца якой цягнулася апошнія паўгода і аб’яднала 50 літаратара:к, што цяпер жывуць у розных краінах. Лабараторыя была арганізавана архівам «Расцяжэнне» і літаратурным зінам «Фігуры».

«Гэта не толькі спроба пераасэнсаваць гісторыю Беларусі як калоніі, але і спроба дэкаланізаваць Беларусь. У зборніку кожная аўтар:ка праводзіць дэкаланізацыю на свой лад. Нехта дэкаланізуе пры дапамозе беларускай лацінкі, палескага дыялекту ці беларускай рускай мовы. Хтосьці спрабуе асэнсаваць гісторыю сваёй сям’і на фоне сусветных гістарычных падзей. Іншыя адракаюцца ад класічнай формы прозы ці паэзіі і звяртаюцца да гібрыднага жанру мастацтва ў шырокім яго сэнсе. Творы зборніка — гэта лісце, якое вырасла дзякуючы караням, што запусцілі ў балоцістую беларускую глебу аўтар:кі. Нягледзячы на сваю рознасць, тэксты-лісце шамацяць ва ўнісон і запрашаюць да аднаго»,піша Вольга Касцюк на litradio.

Зборнік інсуе і як друкаваны артэфакт, і як электронная кніжка. Набыць можна, напрыклад, 6 красавіка на прэзентацыі кнігі ў Вільні, а спампаваць можна тут.

Пераклады

«Партрэт з памяці» Віславы Шымборскай

У другім выданні зборніка вершаў польскай паэткі і Нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай змешчаны толькі пераклады на беларускую мову найлепшых нашых паэтаў і перакладчыкаў.

На 352 старонках вы знойдзеце больш за 180 вершаў, сярод якіх Nic dwa razy («Не бывае двойчы»), Portret kobiecy («Жаночы партрэт»), Kot w pustym mieszkaniu («Кот у пустой кватэры»), Zwierzęta cyrkowe («Цыркавыя жывёліны») і шмат іншых.

Укладальнік — Андрэй Хадановіч.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher.

Купіць можна тут.

Адам Міцкевіч «Гражына»

Класіцыстычная паэма пра трагічны лёс наваградскай княгіні Гражыны ўвайшла ў другі том твораў Адама Міцкевіча (1823 год).

На старонках кнігі змешчаны тэкст «Гражыны» на польскай мове, пераклад на беларускую мову Марыі Мартысевіч, а таксама паслямову перакладчыцы.

Аўтарка перакладу імкнулася, каб радкі, у адпаведнасці з арыгіналам, уражвалі чытача архаічнасцю гучання, хацела перадаць космас твору і шмат часу прысвяціла вывучэнню тэксту і кантэксту. Дзеля таго, каб перадаць гучанне арыгіналу, у беларускую версію тэксту ўводзяцца старабеларускія, дыялектныя і размоўныя формы. Твор дапоўнены слоўнікам архаізмаў, а таксама цікавымі гістарычнымі каментарамі.

Перакладчык: Марыя Мартысевіч.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher.

Набыць можна тут.

Зборнік скандынаўскіх народных баладаў «Каханне. Смерць. Пачвары»

Скандынаўскія народныя балады, што ўвайшлі ў зборнік, перастварыў па-беларуску Яўген Папакуль. Творы зборніка перакладзеныя з шасці моваў: шведскай, дацкай, нарвежскай, фарэрскай, ісландскай і норн, яны суправаджаюцца арыгінальнымі тэкстамі. Тэматыку ўсіх баладаў можна сцісла апісаць як «каханне, смерць, пачвары».

Кніга прызначаецца ўсім аматарам суровай і таямнічай Скандынавіі.

Выдавецтва: «Тэхналогія».

Купіць можна ў краме выдавецтва (Мінск, Ляўкова, 19) ці тут.

Зборнік сучаснай украінскай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі»

У аснову кнігі леглі падборкі ўкраінскай паэзіі, што публікаваліся на віртуальных старонках часопіса «TAŬBIN».

У зборнік увайшлі вершы 13 аўтараў: Дарыны Гладун, Артура Дроня, Сяргія Жадана, Данііла Задарожнага, Паўла Карабчука, Марыяны Кіяноўскай, Алега Коцарава, Дмытра Лазуткіна, Олэсі Мамчыч, Лэсіка Панасюка, Олэны Стэпаненкі, Барыса Херсонскага, Ірыны Шувалавай.

«На працягу двух гадоў з пачатку лютаўскай інвазіі Расіі ва Украіну, салідарныя з нашымі ўкраінскімі сябрамі і ўсім украінскім народам, мы друкавалі пераклады актуальнай украінскай паэзіі на беларускую мову. За два гады было апублікавана 26 падборак перакладаў, зробленых шасцю перакладчыкамі і перакладчыцамі», — расказваюць укладальнікі зборніка.

Некаторыя аўтары кнігі «Пра словы і цішыню між імі» проста цяпер ваююць на фронце.

Выдаўцы: анлайн-часопіс «TAŬBIN» і шведскага выдавецтва «Ariel Förlag».

Неўзабаве кніга мае з’явіцца ў Вільні і Варшаве і Стакгольме.

Астап Слівiнскi «Слоўнік вайны»

Гэтая кніга выйшла ў межах акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі».

«Вайна перайначвае значэнні слоў, — піша аўтар у прадмове. — Некаторыя значэнні прытупляюцца, і даводзіцца іх вастрыць, як нож каменем. Іншыя, наадварот, робяцца такімі вострымі, што аб іх можна параніцца».

Усе тэксты — фрагменты маналогаў, якія Астап Слівінскі пачуў у цяжкія дні вайны. Спачатку аўтар публікаваў пачутыя гісторыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

А потым нам яшчэ давядзецца адбудоўваць мову.

Каб свечка перастала быць акопнаю,

каб птушка зноўку ўвабралася ў пер’е,

каб кветкі перасталі плявацца агнём.

Каб падвал зноў зрабіўся жытлом салодкага варэння і
   бульбы вусатай.

Каб цяпло зрабілася цёплым, не патыхаючы «цеплікам», як
   нашым дзядам аддавала «цяплушкай».

На сённяшні дзень «Слоўнік вайны» выйшаў на ўкраінскай, нямецкай, грузінскай, польскай, чэшскай, румынскай, японскай і іншых мовах.

Перакладчыца: Ірына Герасімовіч.

Набыць пдф-версію ці свабодна спампаваць можна тут.

Нон-фікшн

«Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць»

Ілюстраванае навуковае даследаванне пра нацыянальны сцяг пачынаецца з аналізу вытокаў і сімвалізму бел-чырвоных колераў у беларускай вексікалогіі, працягваецца грунтоўным гістарычным аглядам — штандараў паўстанцаў 1863-1864 гадоў; біяграфіі стваральніка сучаснага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага; перыяду Заходняй Беларусі; аналізам нямецкіх дакументаў, якія тычацца нацыянальнай сімволікі у Другую сусветную вайну; выкарыстаннем сцяга на эміграцыі і ў перыяд «новай хвалі» беларускага Адраджэння (канец 1980-х — пачатак 1990-х). Заключная глава выдання ўяўляе сабой інтэрв’ю з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім.

Ідэя напісання калектыўнай манаграфіі па гісторыі беларускага нацыянальнага сцяга ўзнікла ў 2020 годзе, калі ўдзельнікі пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсій, развязаных уладамі, пачалі масава выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сцягі. Тады стала відавочным, што акрамя нешматлікіх артыкулаў, пераважна публіцыстычнага характару, гэтая тэма грунтоўна навукова не даследавалася.

Недастатковая вывучанасць праблемы, як і немагчымасць сёння весці навуковыя дыскусіі па гэтай тэме, дазволілі ўладам распачаць шырокую кампанію па дыскрэдытацыі бел-чырвона-белага сцяга. Пры гэтым апаненты нацыянальнай сімволікі з ліку некалькіх прафесійных гісторыкаў нават не ставілі задачы навуковага вывучэння і аб’ектыўнага асэнсавання яе гісторыі.

Праблема ўскладнілася тым, што з падачы ўладаў Рэспублікі Беларусь тэма сімволікі цалкам перацякла ў палітычную плашчыню і была крыміналізавана. Пераследуюцца нават тыя, хто выкарыстоўвае само спалучэнне нацыянальных бела-чырвона-белых колераў.

Кніга не закрывае ўсе праблемы, звязаныя з гісторыяй бел-чырвона-белага сцяга, — тлумачаць аўтары выдання, — але яна заклікана пакласці першы камень у пачатак далейшых навуковых даследаванняў гэтай актуальнай і жыццёва важнай для Беларусі тэмы.

Аўтары спадзяюцца, што кніга заціка­віць сумленных даследчыкаў гісторыі Беларусі ХХ—ХХІ стагоддзя і заахвоціць іх да далейшых архіўных росшукаў, напісання тэкстаў і зацікаўленага абмеркавання.

Выдавецтва: «Янушкевіч»

Набыць можна тут ці ў кнігарні выдавецтва (Warszawa, ul. Kłopotowskiego 4).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!