«Ягоная ранняя смерць — трагедыя нацыянальнага маштабу»: Аляксандр Атрашчанкоў — пра Мікіту Мелказёрава

Раптоўная смерць Мікіты Мелказёрава — трагедыя, якую немагчыма прыняць. Блогер беларускага YouTube пад нумарам адзін пайшоў з жыцця раптоўна, пакінуўшы беларускую супольнасць у разгубленасці і ўсведамленні ўразлівасці нашага жыцця. Але Мікіта паспеў вельмі шмат — беспаваротна змяніць ландшафт беларускага медыяполя, трансфармаваўшы беларускі сегмент YouTube у нацыянальнае медыя.

Сваімі ўспамінамі пра Мікіту дзеліцца рэдактар Reform.news, адзін з вядучых праекта «Саша, что ты несешь?» Аляксандр Атрашчанкоў. Так сталася, што літаральна 13 снежня палітычны аглядальнік стаў госцем праекта «Жизнь-малина».

Акрамя працы ў незалежнай журналістыцы Аляксандра з Мікітам таксама злучаў футбол. Яны гулялі разам у адной аматарскай футбольнай камандзе. Якім быў Мікіта на футбольным полі, як ён ставіўся да «беларушчыны», чым ёсць «эфект Мелказёрава» і чаму яго праца выконвала функцыі, ад якіх адмовілася дзяржава — у асабістым тэксце Аляксандра.

Скрыншот з відэа.

— Мы пазнаёміліся з Мікітам пасля яго пераезду ў Варшаву па футбольных справах. Мы не былі сябрамі, але часам размаўлялі, дзяліліся навінамі…

Падчас нашай апошняй размовы мы з Мікітам абмяркоўвалі нашую аматарскую футбольную тусоўку. І ён быў вельмі раз’юшаны тым, што некаторыя нашыя калегі «пхаюць» тых, хто гуляе горш за іх. «Гэта ж квэст мары — калі ты ўмееш нешта лепей — падтрымаць свайго партнёра па камандзе, каб ён згуляў не на двойку, а на тройку, можа нават на тры з плюсам. Гэта ж будзе лепш для каманды!» — казаў ён. Яго ролевай мадэллю ў гэтым сэнсе быў Віталь Гайдучык, які часам гуляў з намі. І сапраўды з Мікітам было вельмі камфортна гуляць. У добрай камандзе ці ў дрэннай, выйграеце ці прайграеце — Мікіта заўсёды быў «клеем» каманды, які ствараў сапраўдную «хімію». Было гэта вельмі па-чалавечы прыгожа. Аднойчы жонка спыталася, як гуляецца ў футбол з Мікітам, і я паспрабаваў дастаткова шматслоўна апісаць гэты «эфект Мелказёрава». Яна смяялася і казала, што гэта падобна на заавуляванае прызнанне ў каханні.

Мне падаецца, гэты ж падыход у яго быў і да прафесіі. Таму вельмі прыемна было назіраць за яго ростам і эвалюцыяй. Прафесійны і асабісты рост Мікіты Мелказёрава вельмі добра ўплываў на ўзровень беларускага сегмента YouTube і беларускай медыясферы ўвогуле. Таксама як у футболе, немагчыма ўявіць, каб ён з пагардай паставіўся да некага, хто робіць горшы прадукт ці дзесьці не дацягвае. Тое самае можна сказаць і пра яго пераход на беларускую. Ён зрабіў гэта нягледзячы на рызыку страціць частку аўдыторыі, проста таму, што адчуваў, што так правільна. Пры гэтым ніколі ад яго не пачуў ані слова пагарды ў бок тых, хто яшчэ не прыйшоў да сваёй «беларушчыны».

Мяне заўсёды ўражвала глыбіня, да якой ён дакопваўся, вывучаючы будучых герояў сваіх інтэрв’ю. Ён мог патэлефанаваць увечары і гадзіну-паўтары распытваць пра тую ці іншую асобу. Яго цікавіла ўсё: факты, гістарычны кантэкст, акалічнасці, нейкія жарты, нюансы ўзаемаадносінаў… Часам ён задаваў такія пытанні, што я проста не мог паверыць, што нехта можа быць настолькі не ў кантэксце… Але, магчыма, у гэтым і ёсць феномен Мікіты Мелказёрава. Ён дастаткова позна прыйшоў да беларускай мовы і значную частку свайго кароткага жыцця не цікавіўся палітыкай, але за кошт яго працаздольнасці, прагі да ведаў і развіцця ягоныя інтэрв’ю і іншыя прадукты стварылі сапраўдны раздзел навейшай гісторыі Беларусі.

Я лічу, што праца Мікіты ў значнай ступені выконвала тую функцыю, ад якой свядома адмовілася сучасная беларуская дзяржава. Ёсць нешта містычнае ў сыходзе Мікіты. Я дакладна ведаю, што ён не збіраўся паміраць і будаваў планы на доўгае жыццё, але працаваў так, нібы баяўся не паспець. Страшна балюча верыць у яго смерць, страшна ўявіць, што адчуваюць ягоныя блізкія. Ягоная ранняя смерць — трагедыя нацыянальнага маштабу. Але тое, што ён паспеў зрабіць, стане важнай часткай беларускай свядомасці і беларускага інфармацыйнага суверэнітэту ў будучыні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!