Саша Вялічка выйграла польскі Fotofestiwal Grant і пакажа сваю выставу на Міжнародным фотафестывалі ў Лодзі

Беларуская мастачка Саша Вялічка выйграла Fotofestiwal Grant – праграму Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі, якая падтрымлівае аўтараў, якія пражываюць у Польшчы.

Каманда фотафэста стварыла гэтую праграму дзеля падтрымкі аўтараў у рэалізацыі іх новых праектаў разам з арт-прасторай Kamienicą Hilarego Majewskiego. Менавіта там з 19 чэрвеня па 12 ліпеня 2026 года можна будзе ўбачыць выставу Сашы Вялічкі.

Праект, з якім аўтарка выйграла конкурс, называецца «Called to the Carpet». Ён прысвечаны біяпалітычнаму кантролю над палітвязнямі ў Беларусі.

Жанчыны адыгралі важную ролю ў пратэстах 2020 года, стварыўшы ланцугі салідарнасці і ўзаемнай падтрымкі. Сёння яны перажываюць псіхалагічны і фізічны гвалт.

У супрацы з ініцыятывамі Politvyazynka і Pink Scarves аўтарка, якая працуе на мяжы фатаграфіі, архіўнай працы, інсталяцыі і новых медыя, падрыхтавала серыю партрэтаў, надрукаваных на дыване, і фатаграфіі.

Паводле ўмоваў праграмы Fotofestiwal Grant, фотапраекты павінны быць не прадстаўленымі, знаходзіцца на стадыі вытворчасці або быць блізкімі да завяршэння. А ўдзельнікі — мець хаця б адну персанальную выставу ці апублікаваную фотакнігу.

25 Міжнародны фотафестываль у Лодзі пройдзе з 18 па 28 чэрвеня. Падчас гэтага фэсту тры разы запар праходзіў «Месяц фатаграфіі ў Мінску» — пасля немагчымасці зладзіць імпрэзу ў Беларусі. Апошні раз ён адбыўся ў 2023 годзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!