«Сапраўдная літаратура не прыслужвае»: у Варшаве адкрываецца выстава Беларускага ПЭНа пра забароненыя кнігі

Сёння, 24 студзеня, у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрываецца выстава, прысвечаная кнігам і аўтарам, якія апынуліся пад цэнзурнай забаронай у Беларусі.

Праект прадстаўляе гісторыі твораў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі» або «непажаданымі». Раней выстава ўжо экспанавалася на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве і падчас цырымоніі прэміі Гедройця ў Гданьску. Цяпер пазнаёміцца з «галасамі кніг, якім наканавана маўчаць», могуць і жыхары Варшавы.

Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай падкрэслівае важную ролю гэтых твораў у супраціве дыктатуры:

«Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё. Не прыслужвае – вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай».

Выстава заклікае наведвальнікаў не проста пагартаць старонкі «недазволеных» выданняў, але і асэнсаваць механізм цэнзуры, якая выціскае з бібліятэк і школ важныя ідэі пра мову, гісторыю і свабоду.

Для тых, хто хоча даведацца больш: Уся інфармацыя на тэму забароненых выданняў сістэматызавана на спецыялізаваным сайце: bannedbooks.penbelarus.org.

Час і месца: 24 студзеня, Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!