На «Беларускіх аўдыёкнігах» выйшаў аўдыяспектакль «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк…».
Новы праект выдавецтва «Пфляўмбаўм» прысвечаны Зінаідзе Бандарынай — адной з самых выбітных беларускіх паэтак эпохі «Маладняку», мастачцы, тэатральнай дзяячцы. Аўдыёспектакль створаны паводле яе твораў і лістоў, а таксама ўспамінаў Веры Ніжанкоўскай і Станіслава Шушкевіча.
Рэжысёркай праекта стала Света Бень, сцэнар напісала Інга Лізянгевіч.
Імя Зінаіды Бандарынай застаецца малавядомым: як і многія імёны выдатных беларускіх паэтаў 1920-1930 гадоў, яно не ўвайшло ў канон беларускай літаратуры. Яна, безумоўна, была надзвычайнай асобай, разгледзець якую, карыстаючыся выключна оптыкай ейных вершаў, аказалася даволі няпроста.
У біяграфіі Бандарынай шмат загадак, белых плям. Да гэтага часу абставіны яе смерці застаюцца невядомымі альбо супярэчлівымі. Не менш загадкавым выглядае і тое, што амаль не засталося слядоў яе дзейнасці як мастачкі. Мала вядома і пра яе тэатральную дзейнасць, нібыта важная частка яе творчага шляху знікла без следу. Таму праца над гэтым аўдыяспектаклем мела крыху дэтэктыўнае адценне — аўтарам было вельмі цікава расплесці розныя загадкі з жыцця Зінаіды Бандарынай. Але яны так і засталіся таямніцамі.
Блізкая сяброўка Вера Ніжанкоўская называла яе «беларускім Дон Кіхотам», а знаёмая з ёй з юнацтва паэтка Наталля Вішнеўская — «шалапутай», маючы на ўвазе яе выключную рухавасць і жвавасць характару.
Магчыма, галоўная загадка гэтага спектакля — тое, як у задушлівы час страху і рэпрэсій Зінаіда Бандарына здолела захаваць унутраную свабоду і вернасць свайму пошуку праўды.
Да стварэння спектакля ўдалося прыцягнуць вялікую колькасць выдатных беларускіх артыстаў — ад акцёраў сталага ўзросту да самых маленькіх. І нават выйсці на сувязь з іркуцкім калектывам, які захоўвае і выконвае аўтэнтычныя песні беларускіх перасяленцаў. Спектакль напоўнены музыкай і песнямі музыкі .К (Жэні Кучмейна), напісанымі спецыяльна для гэтага твора.
У праекце чытаюць: Адэліна Кашына, Алена Гіранок, Святлана Бень, Тамара Фурс, Уладзімір Драздоў, Паўліна Коваль, Мая Ганчарэнка, Кузьма Ганчарэнка, Міхась Зуй, Наталля Леванава, Алесь Аўсяннікаў, Святлана Раманюк і іншыя творцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram