Тоні Оурслер, Fantasmino, 2017. Фота: kunstmuseumbasel
Еўрапейскія галерэі і музеі падрыхтавалі на гэтую восень выставы з гучнымі імёнамі — ад старых майстроў да радыкальных сучасных аўтараў. Рэтраспектывы, экспазіцыі прыватных калекцый і выставы-параўнанні аўтарскіх стратэгій — мы сабралі ключавыя падзеі сезону. Не забыліся пра біенале, іх не так шмат, як летам, але некаторыя ўжо хутка пачынаюцца.
19 верасня 2025 – 11 студзеня 2026
На сваёй галоўнай восеньскай выставе музей «Альберціна» даследуе, як мастакі XX стагоддзя пераасэнсоўвалі гатычныя матывы. Творы Мунка, Бэкмана, Кольвіца і іншых майстроў мадэрнізму разглядаюцца ў дыялогу з творамі Сярэднявечча. Мадэрнізм здзейсніў радыкальны разрыў з пануючай акадэмічнай традыцыяй, таму многія мастакі шукалі інспірацыі ў больш ранніх эпохах, напрыклад, у гатычным перыядзе. Сюжэты, матывы і формы выказвання готыкі больш адпавядалі іх пошуку ісціны, чым нормы, якія выкладаліся ў акадэміях. Зварот мастакоў да мастацтва, створанага да ўзнікнення акадэмічнай традыцыі, дазволіў ім пракласці новыя творчыя шляхі.
20 верасня 2025 – 8 сакавіка 2026
Базельскі мастацкі музей пакажа больш за 160 работ і аб’ектаў, прысвечаных прывідам. Творы за апошнія 250 гадоў дэманструюць багатую візуальную культуру, звязаную з прывідамі, якая сфармавалася ў Заходняй Еўропе ў ХІХ стагоддзі, калі навука, спірытызм і папулярныя сродкі масавай інфармацыі пачалі ўзаемадзейнічаць па-новаму, натхняючы мастакоў. Прывіды сталі інструментам, які дапамог адкрыць новыя шляхі ва ўнутранае жыццё людзей. Да таго ж яшчэ эпоха Рамантызму спарадзіла апетыт да відовішчаў і цудаў, а вера ў духаў суправаджалася інавацыямі ў тэхналогіях, што дазваляла ствараць ілюзорныя прасторы.
26 верасня 2025 года — 25 студзеня 2026 года
Выстава, прысвечаная Фра Анджэліка, ключавой постаці эпохі Адраджэння ў Фларэнцыі першай паловы ХV стагоддзя, будзе праходзіць у двух знакавых месцах: Палацца Строцы і музеі манастыра Сан-Марка, дзе размешчаны манументальныя насценныя роспісы майстра, у тым ліку знакамітае Дабравешчанне.
Выстава раскрые наватарскую мастацкую мову Фра Анджэліка, які адышоў ад жорсткіх канонаў гатычнага жывапісу і заклаў аснову для мастацтва эпохі Адраджэння. Яго майстэрства ў даследванні перспектывы і натуральнага святла прыўнесла ў яго кампазіцыі новае адчуванне трохмернасці, а ў персанажах яго карцін спалучана боскае і зямное.
3-5 кастрычніка 2025
ArtVilnius лічыцца самым важным фестывалем сучаснага мастацтва ў краінах Балтыі, які дае наведвальнікам магчымасць звязацца з рознымі міжнароднымі галерэямі, куратарамі, мастакамі і прадстаўнікамі мастацкіх устаноў. Кірмаш штогод прыцягвае каля дваццаці тысяч наведвальнікаў і аб’ядноўвае каля 20 мастацкіх галерэй, устаноў і іншых культурных інстытуцый.
10 кастрычніка 2025 — 1 сакавіка 2026
Марына Абрамавіч на працягу больш чым пяцідзесяцігадовай кар’еры трывала зацвердзіла перформанс як жанр візуальнага мастацтва.
Вялікая рэтраспектыва мастачкі будзе складацца з асобных экспазіцый, кожная з якіх будзе прысвечана пэўнай тэме, такі як удзел, камунізм, абмежаванні цела, энергія прыроды або прасвятленне. Мастачка прадставіць ключавыя працы і новыя праекты, у якіх даследуе межы фізічнай і эмацыйнай трываласці. Выстава спалучыць відэадакументацыю, аб’екты і жывыя перформансы, каб залучыць гледача ў сам працэс тварэння.
12 кастрычніка 2025 — 25 студзеня 2026
На выставе пакажуць плён сямі дзесяцігоддзяў працы японскай мастачкі Яёі Кусама, у тым ліку раннія творы, якія ніколі раней не выстаўляліся ў Еўропе, а таксама адзін з люстраных пакояў мастачкі. Яёі Кусама стала знакамітай дзякуючы жывапісу і інсталяцыям з арнаментам «гарошак», якім яна пакрывала практычна ўсе паверхні – сцены, падлогі, палотны і нават целы памочнікаў.
Гэты арнамент прыйшоў у мастацтва Яёі з яе дзіцячых галюцынацый, ён стаў яе фірмовым знакам. Таксама мастачка вядомая сваім люстранымі пакоямі, якія пераносяць гледача ў светы, што ствараюць ілюзію бясконцага пашырэння. Выстава пакажа багацце мастацкіх сродкаў, з якімі Кусама працавала на працягу многіх гадоў, сярод якіх жывапіс, скульптура, інсталяцыі, графіка, калажы, хепенінгі, жывыя выступы, мода і літаратура.
7 кастрычніка 2025 — 2 сакавіка 2026
Фонд Louis Vuitton прадставіць маштабную рэтраспектыву работ Герхарда Рыхтэра — аднаго з самых уплывовых сучасных мастакоў, які нарадзіўся ў Дрэздэне ў 1932 годзе. У 1961 годзе ён уцёк з Усходняй Германіі ў Дзюсэльдорф, а потым пасяліўся ў Кёльне, дзе жыве і працуе ў цяперашні час.
Выстава рэтраспектыўная, на ёй будзе 270 работ, створаных з 1962 па 2024 год.
У сваёй творчасці Рыхтэр даследаваў мову жывапісу. Навучанне ў Дрэздэнскай Акадэміі прыгожых мастацтваў прывяло яго да знаёмства з традыцыйнымі жанрамі, такімі як нацюрморт, партрэт, пейзаж і гістарычны жывапіс. Яго жаданне пераасэнсаваць гэтыя жанры праз сучасную прызму ляжыць у аснове гэтай выставы. Незалежна ад сюжэту, Рыхтэр ніколі не піша наўпрост з натуры: кожная выява фільтруецца праз прамежкавае медыя, напрыклад, праз фатаграфію.
21 кастрычніка 2025 — 25 студзеня 2026
Музей Цісэн-Барнеміса рыхтуе выставу, прысвечаную амерыканскаму мастацтву сярэдзіны XX стагоддзя. У цэнтры выставы — Джэксан Полак і Эндзі Уорхал, вельмі розныя творцы, але насамрэч аб’яднаныя, як і цэлае пакаленне мастакоў, цікавасцю да змены жывапіснай традыцыі, прасторавымі праблемамі і захапленнем вялікімі фарматамі.
Акрамя іх работ, тут можна будзе ўбачыць творы сучаснікаў, архіўныя фатаграфіі і дакументы, якія раскрываюць атмасферу Нью-Ёрка 1950-х — 1970-х.
24 – 26 кастрычніка 2025
Цягам трох кастрычніцкіх дзён у Гран-Пале пройдзе Парыжская версія найбуйнейшага сусветнага кірмашу сучаснага мастацтва. У праграме — вядучыя галерэі Еўропы, ЗША і Азіі, спецыяльныя праекты і сустрэчы з мастакамі. Гэта ключавая падзея арт-рынку, да якой прымеркаваны дзясяткі выстаў па ўсім горадзе.
13 – 16 лістапада 2025
З 13 па 16 лістапада Grand Palais Éphémère прыме найбуйнейшую кірмаш фатаграфіі. Больш за дзвесце галерэй і выдавецтваў пакажуць працы ад класікаў XIX стагоддзя да эксперыментаў з новымі тэхналогіямі. Асобны раздзел будзе прысвечаны фотакнігам і рэдкім архівам.
22 лістапада 2025 — 5 красавіка 2026
З 22 лістапада Moderna Museet паказвае больш за семдзесят работ позняга перыяду Пікаса. Палотны, створаныя паміж 1963 і 1972 гадамі, вылучаюцца свабодай і энергіяй, якія вызначалі яго фінальны этап. Экспазіцыя раскрывае, як гэты перыяд у творчасці Пікаса паўплываў на мастацтва другой паловы XX стагоддзя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram