17 красавіка ў Беластоку на Chorten Arena распачне працу 13-ты «Кніжны кірмаш 2026» (Targi Książki w Białymstoku). Ужо традыцыйна ў яго межах адкрыецца Салон незалежных беларускіх выдавецтваў — гэтым разам ён сабраў дванаццаць ініцыятываў.
Унікальную магчымасць не проста набыць навінкі, якія сёння цяжка знайсці ў Беларусі, але і пагутарыць з тымі, хто ратуе і развівае беларускую культуру ў эміграцыі падтрымаў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Хто ж будзе на стэндзе?
Сёлета беларускі Салон сабраў зорны склад выдаўцоў і ініцыятыў: ARCHE, Беларускае гістарычнае таварыства, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», Gutenberg Publisher, Skaryna Press, Knižny vyraj, Kamunikat.org, SayBeat, Studio Magenta, Połackija labirynty, Rozum Media і сам Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Ужо з’яўляецца інфармацыя пра пэўныя кніжныя прэм’еры. Так, Kamunikat.org анансуе шэраг навінак, якія будуць прэзентаваныя на кірмашы: «Імёны Свабоды» Уладзіміра Арлова, «Незавершанасьць» Аляксандара Лукашука, «Выбранае» Кастуся Езавітава, «Беларусы ў Латвіі (1918—1945)» Юрыя Грыбоўскага.
Калі і куды прыходзіць?
Беларускі дэсант будзе чакаць гасцей на стэндзе №79.
Расклад працы наступны:
17 красавіка (пятніца): 10:00–18:30
18 красавіка (субота): 10:00–18:30
19 красавіка (нядзеля): 10:00–16:30
Адрас: Беласток, Chorten Arena, ul. Słoneczna 1.
Беластоцкі кніжны кірмаш (Białostockie Targi Książki) — гэта найбуйнейшая літаратурная падзея на паўночным усходзе Польшчы, якая праводзіцца з 2011 года. Яна праходзіць адначасова з фестывалем «На памежжы культур», што надае ёй асаблівы каларыт. Кожны год кірмаш збірае каля 100 выдавецтваў (ад гігантаў накшталт Znak ці Agora да маленькіх нішавых ініцыятыў) і больш за 30 000 наведвальнікаў.
Беласток — сталіца Падляшша, дзе гістарычна жыве шмат беларусаў. Таму Салон беларускіх незалежных выдавецтваў тут злучае польскі і беларускі інтэлектуальныя светы. Для многіх палякаў гэта адзіная магчымасць пабачыць жывую беларускую культуру без цэнзуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
